Вы тут

72-гадовы валанцёр з Вялікабрытаніі: Беларусы заўсёды ўсміхаюцца


На Еўрапейскіх гульнях у Мінску працуе 7800 валанцёраў, без іх цяжка было б уявіць арганізацыю настолькі буйнога турніру. Гэта людзі рознага полу, узросту і нацыянальнасці. Адна з валанцёраў Юдыт Ганіён, жанчыне 72 гады, яна прыехала з Вялікабрытаніі. Гэта самы дарослы валанцёр у Мінску. Юдыт ужо працавала на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра і Лондане. Былая брытанская журналістка, а цяпер валанцёр у эксклюзіўным інтэрв'ю «Звяздзе» расказала пра сваё хобі і ўражанні, якія пакідае ў яе сэрцы Беларусь.


Юдыт, раскажыце, калі вы пачалі займацца валанцёрствам?

— Усё пачалося ў 2012 годзе з Алімпіяды ў Лондане. Я ўбачыла, што ў нас у краіне многія займаюцца гэтым, і мне таксама захацелася дапамагчы арганізаваць настолькі маштабнае мерапрыемства.

Чым вы займаліся да гэтага?

— Працавала журналістам да 2008 года, а потым памяняла род дзейнасці - пачала займацца массажам, рабіла яго спартсменам, але занятасць там у мяне была няпоўная, таму з’явіўся час на валанцёрства.

У вас ужо дастаткова вялікі вопыт у гэтай сферы.

— Так, акрамя Алімпійскіх гульняў у Лондане, я працавала на Алімпіядзе ў Рыа, Панамерыканскіх гульнях у Канадзе, а літаральна праз месяц еду ў Перу. Уся гэтая валанцёрская дзейнасць адкрывае найцікавейшы іншы свет.

Як вы даведаліся пра Еўрапейскія гульні ў Мінску і чаму захацелі працаваць тут?

— У 2015 годзе ў Баку праходзілі І Еўрапейскія гульні, мне вельмі хацелася трапіць туды, але ў гэты момант я была на турніры ў Канадзе, таму вырашыла, што ў наступны раз я абавязкова буду ўдзельнічаць у гэтых Гульнях. Калі абвясцілі, што яны будуць у Мінску, я адразу ж падала заяўку. Я ніколі не была ў Беларусі да гэтага. Мне падабаецца, што ў валанцёрскай дзейнасці ёсць магчымасць заўсёды пазнаваць штосьці новае, наведваць новыя гарады. Летась я была ў Кіеве на футболе і мне таксама вельмі спадабалася.

Раней вы чулі што-небудзь пра Беларусь?

— Калі шчыра, не. І не ведала, дзе яна знаходзіцца, я не ведала многае пра вашу краіну, але калі пачаліся трэнінгі, стала многае пазнаваць пра традыцыі і вядомых людзей Беларусі, пра спартсменаў. Зноў жа, менавіта гэта прыцягвае мяне ў валанцёрстве, ты пастаянна даведаешся штосьці новае.

 На Еўрапейскіх гульнях вы хацелі працаваць менавіта ў галоўным прэс-цэнтры?

— Я выбрала прэс-цэнтр, бо працавала раней журналістам. Я магу падзяліцца вопытам, сваімі навыкамі. На самай справе, калі я захачу наведаць нейкае канкрэтнае мерапрыемства, то для мяне не мае значэння, дзе працаваць і што рабіць. Нават калі мне скажуць прыбіраць, я магу гэта рабіць.

 У Беларусі вы ўжо паўтара тыдня, якія ўражанні?

— Са свайго балкона, мне здаецца, што я бачу практычна ўвесь Мінск, гэта досыць раўнінны горад. Мне ўжо ўдалося паглядзець цэнтр горада, пагуляць па вуліцах. Вельмі падабаецца ваша архітэктура, шырокія праспекты. Я жыву не ў цэнтры, таму дабіраючыся да стадыёна «Дынама», ёсць магчымасць пастаянна пазнаваць нейкія новыя месцы. Я заўважыла, што ў вас вельмі шмат паркаў і лясоў. Таксама мне ўжо ўдалося пабываць у Дудутках, у замку ў Нясвіжы. Спадзяюся, што атрымаецца яшчэ адна паездка за горад. Тут жывуць вельмі мілыя, выдатныя людзі. Хоць я і не кажу па-руску, не разумею іх, а яны мяне, мы знаходзім агульную мову. Калі я кажу нейкія ветлівыя словы, яны адразу ўсміхаюцца і настрой паляпшаецца. Беларусы вельмі прыемныя, яны заўсёды ўсміхаюцца ў адказ. Мне ўжо ўдалося паспрабаваць вашу кухню, вельмі спадабаліся дранікі і халодны боршч, хоць я і не фанат супаў. У прынцыпе сваім суайчыннікам я скажу: «Прыязджайце і ўсё ўбачыце самі!»

 Некаторыя параўноўваюць Еўрапейскія гульні з Алімпіядай, вы маючы вопыт работы на абодвух турнірах, пагадзіцеся з гэтым?

— Што тычыцца агульных рэчаў, падабенства ёсць. Калі ты ідзеш па вуліцах у Мінску, то можна сказаць, што тут праходзіць буйны турнір, усюды развесілі банеры. Прыкладна такое ж адбывалася ў Лондане. Што тычыцца Рыа, то там было крыху інакш, у горадзе не было практычна ніякай інфармацыі пра тое, што ў краіне праходзіць Алімпіяда.

 Валанцёрствам у Беларусі займаюцца звычайна маладыя людзі, як дасведчаны чалавек у гэтай сферы, ацэніце іх працу.

— Яны нядрэнна спраўляюцца. Маладыя людзі звычайна робяць гэта для сваёй кар'еры, каб палепшыць сваё рэзюмэ і атрымаць вопыт, новыя навыкі. Калі яны захочуць рабіць гэта і далей, то паступова набяруцца больш вопыту. У 2012 годзе, хоць я і была ўжо дастаткова “дарослая”, але ў мяне таксама не было ніякага вопыту. У Вялікабрытаніі валанцёрскі рух вельмі развіты, пасля Алімпіяды-2012 краіне засталася вялікая спадчына, тады валанцёрствам займалася чвэрць насельніцтва. Я лічу, у вашай краіны таксама ёсць вялікі патэнцыял у гэтым плане.

У нас валанцёры гэта не толькі моладзь, а людзі 50-ці гадоў і больш. І гэта нармальна, не выклікае ні ў каго здзіўлення, нават я не з'яўляюся нечым незвычайным.

 Якія мерапрыемствы і краіны вам хацелася б наведаць у будучыні?

— Адразу пасля Мінска я вяртаюся ў Вялікабрытанію літаральна на 10 дзён, потым еду ў Перу на Панамерыканскія гульні на месяц. У верасні ў мяне запланавана работа на чэмпіянаце па велагонках. Што да наступнага года, то я падала заяўку на Алімпійскія гульні ў Токіа, буду праходзіць інтэрв'ю, спадзяюся, трапіць у каманду па камунікацыях.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».