Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


6 мільярдаў прусакоў вырошчваюць у Кітаі кожны год

Фо­та bіllіonnews.ru.

Вы хутчэй за ўсё пра гэта не ведалі, але ў Кітаі вырошчваюць прусакоў у прамысловых маштабах. Кожная ферма гэтых насякомых мае памеры аж у два футбольныя палі. Але каму і навошта патрэбныя гэтыя, з пункту гледжання еўрапейцаў, паскуднікі, асабліва ў такой колькасці?

Многія лічаць прусакоў агіднымі насякомымі, але для кітайскай фармацэўтычнай індустрыі яны аказаліся добрым бізнесам, бо ў краіне шырока распаўсюджана перакананне, што яны карысныя для здароўя. Смажаных прусакоў у Кітаі і іншых краінах Азіі ўжываюць у ежу стагоддзямі, але цяпер гэтых насякомых разводзяць на спецыяльных гіганцкіх фермах. У горадзе Січан на паўднёвым захадзе краіны адна з фармацэўтычных кампаній вырошчвае шэсць мільярдаў прусакоў штогод.

Прусакоў разводзяць у будынку, плошча якога складае два футбольныя палі, піша South Chіna Mornіng Post. Унутры — рады паліц, на якіх ляжаць кюветы з ежай і вадой. У будынку цёпла, вільготна і цёмна. Унутры прусакі карыстаюцца поўнай свабодай і могуць бегаць, размнажацца. Але сам будынак амаль герметычны, а доступ у яго для людзей строга абмежаваны. Прусакі гэтай фермы ніколі не ўбачаць дзённага святла. Тут устаноўлена сістэма штучнага інтэлекту, якая бесперапынна замярае паказчыкі па больш чым 80 параметрах — ад тэмпературы і вільготнасці да наяўнасці генетычных мутацый у саміх прусакоў і таго, як гэтыя мутацыі адбіваюцца на росце і развіцці канкрэтных асобін. Мэта гэтых вымярэнняў — дамагчыся таго, каб прусакі размнажаліся як мага хутчэй.

Калі прусакі дасягаюць «сталага ўзросту», іх адлоўліваюць, перамолваюць, перапрацоўваюць і ствараюць настойку, якую ўжываюць у традыцыйнай кітайскай медыцыне. Настойка папахвае рыбай, яна салодкая і называецца «канфусінь». Яна нібыта дапамагае пры лячэнні гастраэнтэрыту, язвы страўніка і лёгачных захворванняў. «Насельніцтва Кітая старэе, — кажа прафесар Лю. — Мы спрабуем распрацаваць новыя лекі для пажылых, якія былі б таннейшыя за заходнія».

Хоць урад Кітая падтрымлівае саму ідэю стварэння прусаковых фермаў і тое, што ў бальніцах часта выкарыстоўваюцца настойкі з прусакоў, не ўсе лічаць гэта правільным. «Гэта не цудадзейныя лекі, яны не могуць магічна вылечваць людзей», — сцвярджае даследчык Кітайскай медыцынскай акадэміі ў Пекіне, які пажадаў застацца ананімным. Іншыя спецыялісты папярэджваюць, што канцэнтрацыя такой вялікай колькасці насякомых у адным месцы папросту небяспечная. «Будзе катастрофай, калі мільярды прусакоў раптам апынуцца на волі, — гэта будзе па памылцы каго-небудзь з супрацоўнікаў ці ў выніку землятрусу», — папярэджвае прафесар Чжу Чаадун з Акадэміі навук Кітая.


Падарожжы прывядуць да праблем з суставамі

Фо­та modscheats.ru.

Доўгае знаходжанне ва ўмовах бязважкасці цягне за сабой праблемы са здароўем — гэта факт.

Напрыклад, людзям ужо вядома, што пры палёце на Марс астранаўты змогуць набыць шырокі спектр медыцынскіх праблем, у ліку якіх ёсць атрафія цягліц, недахоп кальцыю, пагаршэнне работы сардэчна-лёгачнай сістэмы, пашкоджаны зрок і нават паслабленне імунітэту. Даследчыкі з Мічыганскай бальніцы Генры Форда дапоўнілі гэты спіс яшчэ адной праблемай: было даказана, што бязважкасць разбурае суставы, якія не аднаўляюцца нават пасля вяртання на Зямлю.

Даследаванне ўзначальваў кіраўнік аддзела шкілетна-мышачнай генетыкі Джэймі Фіцджэральд. У распараджэнні каманды навукоўцаў апынуліся даныя, сабраныя пры адпраўцы ўнутры расійскага беспілотнага спадарожніка BІON-M1 шасці самцоў мышэй на арбіту Зямлі. На момант узлёту гэтым грызунам было ад 19 да 20 тыдняў, а на Зямлі знаходзіліся такія ж мышы, але яны трымаліся ва ўмовах нармальнай гравітацыі.

Аналіз тканак і храсткоў паказаў, што адсутнасць гравітацыі ўжо праз 30 дзён выклікала ў мышэй прыкметы астэаартрыту. Даследчыкі растлумачылі, што нават калі мышы трэніруюцца і здзяйсняюць актыўныя рухі, іх арганізму не хапае той нагрузкі, якая ёсць у зямных умовах. Паводле слоў Фіцджэральда, ва ўмовах гравітацыі неабходную для падтрымання здароўя суставаў нагрузку можна атрымаць нават пры звычайнай хадзе.

Самае страшнае, што пасля вяртання на Зямлю храсткі будуць аднаўляцца з вельмі вялікімі цяжкасцямі — хутчэй за ўсё, астранаўтам і касмічным турыстам давядзецца адчуваць праблемы са здароўем вельмі доўгі час.


Катлета з прабіркі

У амерыканскіх фаст-фудах Burger Kіng зараз можна знайсці версію флагманскага вопера «без мяса»: з катлетай на расліннай аснове, якая на выгляд і на смак ідэнтычная сапраўднай ялавічыне.

З красавіка Іmpossіble Whopper можна было знайсці ў 59 месцах, аднак The New York Tіmes адзначае, што сетка плануе пачаць продажы гэтага гамбургера ва ўсіх сваіх закусачных — а гэта 7200 месцаў у ЗША. Калі яго прымуць, вядома. Хто ведае, можа, аднойчы гэты прадукт з «мясам з прабіркі» з'явіцца і ў нашых установах.

Нягледзячы на той факт што «немагчымы вопер» змяшчае на 15 % менш тлушчу і на 90 % менш халестэрыну, чым звычайны, у аддзеле маркетынгу Burger Kіng заявілі, што ні кліенты, ні супрацоўнікі не заўважаць розніцы. Гамбургер без мяса будзе каштаваць прыкладна на долар даражэй версіі з ялавічынай. Аднак ён усё яшчэ будзе суправаджацца соусам на аснове маянэзу, таму вегетарыянцам наўрад ці падыдзе.

Катлета без мяса, якая выкарыстоўваецца ў гэтым бургеры вырабляецца Іmpossіble Foods. Для яго падрыхтоўкі выкарыстоўваецца звычайны рэцэпт, які ўжываецца для стварэння іншых гамбургераў: раслінная аснова задзейнічае інгрэдыенты, атрыманыя з каранёў соі, толькі катлеце надаецца форма, характэрная для катлет.

Кампанія Іmpossіble Foods стварыла сваю катлету «з прабіркі» ў спробе паменшыць залежнасць свету ад жывёлагадоўлі і знізіць колькасць ахвяр у пагалоўі буйной рагатай жывёлы. Таксама «немагчымы вопер» дапамагае пазбегнуць праблем са здароўем і этыкай, звязаных з ужываннем мяса, скарачаючы таксама выкіды парніковых газаў.


«Самалёт-гітара» можа перавярнуць авіябудаванне

Фота fastcompany.com.

Фота fastcompany.com.

Авіяцыя — гэта адна з галін машынабудавання, якія найбольш дынамічна развіваюцца. Згаданая галіна стабільна трымае высокія тэмпы эвалюцыі, пачынаючы з другой паловы XX стагоддзя.

Не так даўно замежныя канструктары прадставілі яшчэ адзін вельмі цікавы праект. Многія эксперты і профільныя журналісты кажуць пра тое, што калі новая машына Flyіng-V перажыве стадыю прататыпа, то яна зможа літаральна перавярнуць усю авіяцыю.

Галандская авіякампанія KLM паказала прататып найноўшага самалёта, які прыцягвае да сябе ўвагу ў першую чаргу дзякуючы свайму незвычайнаму дызайну. Справа ў тым, што фюзеляж машыны мае V-падобную форму. У самалёта два пасажырскія салоны, якія размешчаны ў яго крылах. У іх жа знаходзяцца паліўныя бакі, а таксама грузавыя аддзяленні для багажу. Цікава, што самалёт атрымаў сваю назву дзякуючы папулярнай электрагітары Gіbson Flyіng-V, якая актыўна выкарыстоўвалася знакамітымі гітарыстамі Кітам Рычардсам і Джымі Хендрыксам.

Вядома, што V-падобны самалёт быў распрацаваны на базе лабараторыі TU Delft, а ідэя яго стварэння прыйшла ў галаву Юстусу Бенаду, які на момант праектавання быў студэнтам Берлінскага тэхнічнага ўніверсітэта. Эксперты мяркуюць, што інавацыйная машына можа перавярнуць усю сучасную авіяцыю з ног на галаву. Усё таму, што ў навінкі ёсць некалькі важных вартасцяў у параўнанні з любым іншым пасажырскім самалётам, які выкарыстоўваецца сёння.

Дакладна вядома, што Flyіng-V зможа ўзяць на борт 314 пасажыраў або 524 квадратныя метры грузу ў грузавой мадыфікацыі. Канструкцыя машыны будзе рассоўвацца літарай «V» падчас узлёту. Такое незвычайнае канструктарскае рашэнне дазволіла значна палепшыць аэрадынаміку самалёта, а значыць, і яго паліўную эфектыўнасць. Паводле падлікаў спецыялістаў, самалёт будзе спажываць на 20—25 % менш паліва, чым, напрыклад, сучасны Aіrbus A350-900.

На сённяшні дзень інавацыйным праектам кіруе інжынер кампаніі Рулаф Вос. Падчас сустрэчы з журналістамі ён падкрэсліў, што падобныя ініцыятывы ў авіяцыі маюць велізарную важнасць, бо яны накіраваныя (у тым ліку) на скарачэнне ўзроўню выкідаў вуглякіслага газу. Нягледзячы на нязвыклую форму, самалёт зможа выкарыстоўваць існуючую на сённяшні дзень інфраструктуру міжнародных аэрапортаў розных краін і зможа ўвайсці ў любы ангар. Увод машыны ў эксплуатацыю плануецца на 2040 год.

Цяпер на долю сусветнай авіяцыі прыпадае каля 2,5 % усіх шкодных выкідаў на Зямлі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».