Адсутнасць лішку цукру ў арганізме, правільная гігіена зубоў, своечасовы агляд і генетыка, з якой пашанцавала, — пры наяўнасці такіх складнікаў можна спадзявацца, што праблем з зубамі ў чалавека не будзе, лічаць спецыялісты Мазырскай гарадской стаматалагічнай паліклінікі. Тут аказваюць хірургічную, тэрапеўтычную і артапедычную дапамогу зубам, аднак стаматолагі сціпла кажуць, што могуць вырашыць многае, але не ўсё.
Людзі з часам робяцца больш адукаванымі і ставяцца да свайго здароўя з большай увагай: своечасова прыходзяць на прафілактычныя агляды, прытрымліваюцца рэкамендацый стаматолагаў. Аднак, на жаль, так робяць толькі 20—30% пацыентаў, — кажа Дзмітрый ЯНКОЎСКІ, намеснік галоўнага ўрача Мазырскай гарадской стаматалагічнай паліклінікі:
— Тым не менш вострых станаў раней было значна больш, цяпер паменшала. І гэтаму паспрыяла не толькі адказнасць людзей, але і выкарыстанне сучасных палімерных матэрыялаў для пломбаў, якія стаяць добра і доўга.
Для зубоў не існуе патрабаванняў, а толькі рэкамендацыі. Неабходна наведваць стаматолага два разы на год. Калі існуе праблема, не трэба чакаць да апошняга. Зубы раяць чысціць двойчы на дзень, добра ачышчаць усе паверхні і рабіць гэта дзве-пяць хвілін. Дадайце сюды флосінг (ачышчэнне зубной ніткай), выкарыстанне апалосквальніка і ірыгатара — тады рызыка ўзнікнення карыесу і зубнога каменя будзе меншай.
У медыцыне ўсё проста, аднак вельмі індывідуальна. Рэнтгенаўскія здымкі, напрыклад, заўжды неабходна мець свежыя, бо з часам тканкі вакол зуба відазмяняюцца і клінічная карціна таксама будзе іншай. Да размовы далучаецца Яўген МІХЕДАЎ, загадчык першага лячэбна-хірургічнага аддзялення:
— Існуе такое паняцце, як дынамічнае назіранне, і добра, калі ёсць здымкі розных часоў для параўнання. А пасля пералому сківіцы рэнтген неабходна захоўваць першыя год-два.
Рэнтген патрэбны і для таго, каб выявіць схаваны карыес, калі ўрач падазрае яго ў зубе. А рабіць панарамныя здымкі зубоў па ўласным жаданні не варта — гэта проста лішняя доза радыяцыі. Тым больш што рэнтген усё роўна перадасць толькі 80—90 % рэальнага стану зубоў.
Стаматалогія — гэта бізнес, у якім існуюць свае стандарты, часам гіпертрафіраваныя, кажуць медыкі. Можна зыходзіць толькі з паняцця «здароўе», а можна гнацца за эстэтыкай. На колер і памер зубоў існуе мода, і прыватны стаматалагічны бізнес няшчадна эксплуатуе гэтую тэму.
— Камерцыялізацыя дайшла ўжо да таго, што пачалі нарошчваць вышыню зубоў, каб разгладзіць насагубныя складкі, — кажа Дзмітрый Янкоўскі. — З часам зубы сціраюцца і падбародак робіцца бліжэйшы да носа, з'яўляецца «бабульчын твар» з глыбокімі складкамі. Каб амаладзіцца, на ўсе зубы надзяваюць каронкі, даўжэйшыя, чым звычайныя зубы: яны падымаюць прыкус, і складкі крыху распраўляюцца.
Сучасныя артадонты аддаюць таксама шмат увагі няправільнаму прыкусу, які з'яўляецца ў тым ліку і праз занадта мяккую ежу, якая не дае нагрузкі на сківічны апарат, лічыць Яўген Міхедаў:
— Зубы лёгка паддаюцца перамяшчэнню ў маладым узросце, калі костка моцна рэагуе на ціск. У дзяцей паміж зубамі спачатку ёсць шчыліны, бо сківіца расце і рыхтуецца да прыёму дарослых зубоў, якія ў паўтара раза шырэйшыя за малочныя. Аднак калі ў чалавека скучанасць зубоў, можна даць ім больш месца, выдаліўшы зубы мудрасці, нават калі яны яшчэ не прарэзаліся з-пад дзясны.
Загадчык лячэбна-хірургічнага аддзялення раіць не рабіцца ахвярай сацыяльнай рэкламы пра жвачку пасля ежы і не забывацца пра фізічнае ачышчэнне зубоў, калі чалавек есць яблык ці моркву і тым самым знішчае налёт.
«Тэхагляд» зубных пратэзаў
«Жывуць» зубныя каронкі і масты 5—7 гадоў, пасля іх трэба мяняць.
— Праз гэты час пачынаюць мяняцца тканкі, якія акружаюць зуб. Гэта значыць, што трэба рабіць новы мост, нават калі чалавека нічога не хвалюе, бо падобная карціна і непрыгожая, і небяспечная. Вы ж масла ў машыне мяняеце, калі праходзіць тэрмін, бо ведаеце, што гэта неабходна, і на тэхагляд ездзіце ў час. Так і з зубамі: выйшаў тэрмін пратэза — яго трэба мяняць. Пачысціць зубы — гэта як памыць машыну, а замяніць пратэз — як памяняць у ёй масла, — кажа Дзмітрый Янкоўскі. — А людзі прыходзяць праз дваццаць гадоў, ты здымаеш масты, а пад імі ўжо нічога няма.
— Каронка — гэта апошняя стадыя для зуба. Пажадана старацца аднаўляць яго тэрапеўтычна як мага даўжэй. Асабліва жанчынам, якія называюць зубны пратэз «бывай, маладосць», — жартуе галоўны ўрач Мазырскай гарадской стаматалагічнай паліклінікі Валерый ТАНЕНЯ, які больш за 20 гадоў узначальвае паліклініку.
Галоўны ўрач практыкуе і клапоціцца, каб кожны доктар не менш чым раз на пяць гадоў праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі. Такі падыход прыносіць вынікі. Нядаўна спецыялісты паліклінікі сталі пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства па тэрапеўтычнай стаматалогіі. Дактары вялі прыём пацыентаў, выяўлялі карыёзныя зубы і рэстаўравалі іх. Ва ўсіх пацыентаў быў дыягназ: жавальны зуб, карыёзная поласць на бакавой паверхні. У кастрычніку мазыране будуць змагацца за званне найлепшых на ўзроўні краіны.
Ірына СІДАРОК
Алена ДАЎЖАНОК
Фота Андрэя САЗОНАВА
УНП 400087498
*На правах рэкламы
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.