Вы тут

Пра шчасце дзяцей Мазырскага дзіцячага дома


Увосень гэтая ўстанова, дзе жывуць 50 дзяцей, кошка Багіра і сабака Фрэдзі, адзначыць 75-годдзе. Звонку дом патанае ў дрэвах і кветках, амаль па ўсёй тэрыторыі — яблыні, вінаграднік, парэчкі. Знайшлося месца для градак і цяпліцы. Унутры дом зіхаціць чысцінёй і ўражвае ўтульнасцю. Мясцовыя выхаванцы жывуць у сапраўдных кватэрах, у пакоях — па аднаму-двое дзетак. А яшчэ тут створана спецыяльна аздобленая прастора — нешта накшталт этнаграфічнага міні-музея.


 

Яны ходзяць у звычайныя садкі і школы, часта ездзяць на экскурсіі, займаюцца ў гуртках і секцыях. Вольны час бавяць у доме ў басейне з саўнай, бібліятэцы, забаўляльным клубе. На вуліцы для дзетак — гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, новенькі комплекс трэнажораў...

Тут ёсць нават свая надомная царква, дзе хрысцяць і прычашчаюць дзяцей.

— Трэба, каб у дзяцей хоць якіясьці бацькі з'явіліся. Я па мясцовым тэлебачанні звяртаюся да жыхароў, хто хацеў бы атрымаць хрэсніка, і называю ўзрост дзетак і каго будуць хрысціць, — расказвае дырэктар Мазырскага дзіцячага дома Ірына ВІШНЕЎСКАЯ. — Пасля дзеці ў сем'і ездзяць, а хросныя бацькі займаюцца патранатным выхаваннем.

Нягледзячы на тое што большасць дзяцей тут хлопчыкі, бадай што ўсе з ахвотай завіхаюцца па гаспадарцы, мыюць і прасуюць бялізну, робяць выцінанкі, вяжуць, малююць, майструюць дробныя вырабы. Гэтым хараством упрыгожаны ледзьве не кожны метр дома, на сценах якога ёсць яшчэ і лепка са шпаклёўкі — прыгажосць, зробленая рукамі выхавальнікаў, а таксама маляўнічыя карціны.

 

Кухням у кватэрах пазайздросціць не адна гаспадыня. Дзеці тут самі могуць падагрэць ежу, калі затрымаліся на занятках, ці нешта прыгатаваць, а на дні нараджэння нават тарты пякуць.

— Усе гэтыя кантакты з бытавой тэхнікай — жывая і непасрэдная падрыхтоўка да дарослага жыцця. Нашы выпускнікі могуць і закаткі закруціць, і аладкі згатаваць, і суп, нават варэнне з кабачкоў, што на градах вырасцілі, вараць, — кажа Галіна ВАСІЛЕНКА, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

Тым, хто выпускаецца з дзіцячага дома, абавязкова з дапамогай спонсараў збіраюць самае неабходнае для самастойнага жыцця: пасцельнае, посуд, чайнік... А яшчэ для кожнага выхавальніка рыхтуюць «кнігу жыцця». Гэта самаробны альбом з фотаздымкамі і відэадыскам, па якіх можна прасачыць, чым займаўся гадаванец дома, што яго цікавіла, як бавіў час, з кім сябраваў.

— З нашых сцен за столькі гадоў выйшла больш як 2000 выхаванцаў. Ёсць сярод іх і загадчыкі дзіцячых садкоў, і вядомы ў Гомелі дызайнер, са слабым слыхам хлопец, стаў паспяховым ІП, — гаворыць дырэктар. — Наш выпускнік з парушэннем слыху нават адсвяткаваў тут вяселле са сваёй паловай. Мы цэлы рытуал зрабілі для іх, а яны пасадзілі на тэрыторыі яблыню, пасля з першынцам сваім прыходзілі. Хлопец кажа, што колькі будзе жыць, стане прыходзіць сюды. Чатыры пары ў нас так святкавалі, так што гэта ўжо традыцыя.

Таму і не дзіва, што сюды прыходзяць з экскурсіямі, а фразай «аддам цябе ў дзіцячы дом» не напалохаеш, а хутчэй прымусіш пакаваць туды чамадан.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.