Напярэдадні прафесійнага свята (яго адзначаюць сёння) намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук даў прэс-канферэнцыю.
За пяць месяцаў сёлета зарэгістравана на 8,8 % больш злачынстваў, чым за аналагічны перыяд 2018-га. Гэта адбылося з прычыны выяўлення менш цяжкіх правапарушэнняў і тых, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Знізілася колькасць злачынстваў, звязаных з гвалтам, а таксама ўчыненых групай асоб. Расце лічба правапарушэнняў, здзейсненых нецвярозымі асобамі і грамадзянамі, якія маюць судзімасць.
Падчас прэс-канферэнцыі журналісты пацікавіліся справай Канстанціна Бурыкіна, якога празвалі «бацюшка са свастыкай». Аляксей Стук пацвердзіў інфармацыю, што ў адносінах да Бурыкіна заведзена справа аб гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетняй. Пацярпелай з'яўляецца яго дачка.
«6 чэрвеня ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 167, частцы 3. Яна была малалетняй. Падзеі адбываліся з 2012 па 2016 год, а дачка 1999 года нараджэння», — сказаў намеснік генпракурора.
Дзяўчына дае паказанні. Па словах супрацоўніка пракуратуры, «яна баялася, ён [Канстанцін Бурыкін — «Зв.»] дастаткова дэспатычны чалавек».
Пракуратура правяла разбор дзеянняў міліцыі падчас майскіх затрыманняў цыган у Магілёве.
«Пракуратура зрабіла высновы. Канешне, рабочая група, можна сказаць, па гарачых слядах разбіралася. Павінен адразу сказаць, што ў супрацоўнікаў міліцыі былі поўныя падставы такім чынам масава правяраць і, як у аператыўнай рабоце кажуць, «адпрацоўваць» цыганскія дыяспары, — паведаміў Аляксей Стук. — Утвораная распараджэннем генеральнага пракурора брыгада, у якую ўваходзілі адказныя супрацоўнікі генеральнай пракуратуры і пракуратуры вобласці, правяла адпаведную праверку ў адносінах да якіх-небудзь незаконных дзеянняў і перавышэння межаў улады і іншага. У адносінах да супрацоўнікаў міліцыі гэтага не ўстаноўлена. Устаноўлены пэўныя парушэнні працэсуальна-выканаўчага заканадаўства пры складанні адміністрацыйных пратаколаў».
Пры гэтым ніводнай заявы ад асоб цыганскай нацыянальнасці не паступіла.
Генеральная пракуратура выступіла адным з аўтараў законапраекта па змяненнях і дапаўненнях Закона «Аб барацьбе з карупцыяй». Цяпер ён прадстаўлены кіраўніку дзяржавы. Па словах Аляксея Стука, дакумент, магчыма, будзе разгледжаны дэпутатамі ў асеннюю сесію.
Пракаментаваў Аляксей Стук і чарговую «справу медыкаў». «Цяпер накіравана справа ў суд, самая буйная па колькасці разгляду. Там усяго 21 чалавек, з іх толькі 8 — прадстаўнікі сістэмы аховы здароўя, — канстатаваў ён. — 13 чалавек праходзяць па 243 {артыкуле КК. — «Зв.»} і 431 {артыкуле КК. — «Зв.»}».
Па прапанове генпракуратуры ў Крымінальны кодэкс унесены дапаўненні: сталі больш жорсткімі ўмовы, пры якіх могуць быць пазбаўлены крымінальнай адказнасці хабарадаўцы і пасрэднікі, пашыраны спектр суб'ектаў карупцыйных правапарушэнняў. Ужо 19 ліпеня яны ўступяць у сілу.
«У 2018 годзе выяўлены маштабныя крымінальныя схемы ў сістэме транспарту, ахове здароўя, гандлі, прадастаўленні паслуг, прамысловасці, будаўніцтве. У асноўным кіраўнікі рознага ўзроўню атрымлівалі так званыя «адкаты» і здзяйснялі дзеянні ў інтарэсах прадстаўнікоў камерцыйных структур»,— расказаў намеснік генпракурора.
А ўжо за пяць месяцаў 2019-га колькасць карупцыйных злачынстваў скарацілася на 23 працэнты (у параўнанні з лічбамі на май 2018 года). Менш сталі атрымліваць хабараў (колькасць іх знізілася з 516 да 373 выпадкаў) і даваць іх (з 180 да 83).
Марыя ДАДАЛКА
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.