Ігар Жабароўскі працаваў настаўнікам матэматыкі ў адной са сталічных школ. Аднойчы мама шасцікласніка паскардзілася, што яе дзіця не зразумела тэму і што яна сама адкрыла падручнік і таксама нічога не зразумела. Выхад з сітуацыі, знойдзены Ігарам, спадабаўся не толькі гэтай маме, але і іншым бацькам, яго вучням і калегам з іншых школ. Прычым спадабаўся настолькі, што яго ідэя дала старт адукацыйнаму праекту, які пасля распаўсюдзіўся на ўсю рускамоўную прастору і стаў прыносіць добры прыбытак яго стваральніку.
Цяпер Ігар не толькі паспяховы бізнесмен, але і адзін з самых яркіх і публічных беларускіх мецэнатаў. Ён ужо ахвяраваў больш за 60 тысяч долараў на падтрымку дзяцей-сірот, а сёлета на 13-м сезоне Sосіаl Wееkеnd падтрымаў на 10 тысяч рублёў праект, прысвечаны рэабілітацыі дзяцей з ДЦП. І гэта далёка не ўсе яго дабрачынныя ініцыятывы.
— Давайце не будзем інтрыгаваць чытачоў — раскажыце, як вы дапамаглі той маме?
— Я зрабіў відэаўрок з тлумачэннем тэмы, выклаў у сацсетках і сказаў ёй і іншым бацькам, што яны могуць скарыстацца ім. Усім спадабалася, і я стаў перыядычна ствараць такія відэаўрокі і выкладваць іх для агульнага карыстання. Але больш за ўсё маёй работай зацікавіліся іншыя настаўнікі. Відэаўрокі дапамагалі ім працаваць: дзякуючы ім дзеці лепш разумелі тэму, і тлумачэнне новага матэрыялу стала займаць менш часу.
Калі пайшлі водгукі ад бацькоў і калег, у мяне ўзнікла ідэя паспрабаваць распаўсюдзіць гэта на вялікую аўдыторыю.
Так нарадзіўся адукацыйны праект «Інфаўрок». Я сам зрабіў сайт, што называецца, «на каленцы», і пачаў выкладваць свае відэаўрокі там. Праз паўгода наведвальнасць сайта пачала даходзіць да васьмі тысяч чалавек у суткі, і я вырашыў запісаць гэтыя ўрокі на дыск і паспрабаваць прадаваць іх. Так з гэтага стаў атрымлівацца бізнес.
Першыя крокі я зрабіў у студзені 2011 года. А ўжо летам сышоў са школы і пачаў займацца толькі гэтым праектам. За наступныя тры гады вырасла вялікая кампанія. Мы наладзілі вытворчасць відэаўрокаў па ўсіх тэмах школьнай праграмы, па ўсіх прадметах і класах — і рэалізавалі больш за 100 тысяч дыскаў па ўсім СНД.
— Хто іх купляў?
— У асноўным настаўнікі, каб выкарыстоўваць на ўроках. Дыскі дапамагалі ім рыхтавацца да заняткаў, здымалі частку нагрузкі.
Сёння праект «Інфаўрок» — гэта больш за 1,5 мільёна ўнікальных наведванняў на суткі. І гэта ўжо не толькі і не столькі відэаўрокі, якія, дарэчы, усе — а гэта больш за тры з паловай тысячы — цяпер выкладзены ў бясплатны доступ на сайце і на «Ютубе». У нас з'явіліся і іншыя бясплатныя прадукты і паслугі, у першую чаргу ў дапамогу настаўніку. А сярод платных — дадатковая прафесійная адукацыя для дарослых. Асноўныя нашы карыстальнікі — зноў жа, настаўнікі. Дапусцім, хтосьці выкладае матэматыку і вырашыў, што добра было б яшчэ выкладаць і фізіку. Але ён не мае права гэтага рабіць, калі ў дыпломе запісаны толькі як настаўнік матэматыкі. Яму трэба прайсці перападрыхтоўку. Гэта мы і забяспечваем.
— А з боку сістэмы адукацыі цікавасць да вас была? Ці ўсё гэта настаўнікі купляюць за свае грошы?
— Мне неяк спакайней, калі мы працуем наўпрост са сваімі канчатковымі спажыўцамі і штодня атрымліваем зваротную сувязь — гэта дазваляе дынамічна змяняцца, своечасова перабудоўвацца. І зусім іншая гісторыя, калі пачынаеш залежаць ад мноства дадатковых фактараў і не заўсёды маеш магчымасць развівацца менавіта так, як хочаш.
Я бачу адзіны крытэрый сваёй паспяховасці — патрэбна тое, што я раблю, канчатковаму карыстальніку ці не. Як толькі не патрэбна, я згортваю гэты кірунак. Я не магу сабе дазволіць рабіць тое, што нікому не трэба, таму што я трачу на гэта свае рэсурсы без якіх-небудзь знешніх крыніц.
— А калі вы ўпершыню зразумелі, што робіце нешта патрэбнае людзям? І што адчулі тады?
— Памятаю, як я запусціў у продаж самы першы дыск і паступіла каля 40 заказаў на працягу пары тыдняў. Гэта выклікала столькі эмоцый! Не, нават яшчэ раней, калі я толькі зрабіў свой сайт. Спачатку там быў толькі адзін наведвальнік — я сам. І я памятаю, як аднойчы яго наведалі чатыры чалавекі — гэта было класнае адчуванне: «Ух ты! Хтосьці яшчэ гэтым зацікавіўся!» Увечары я патэлефанаваў маме і падзяліўся сваёй радасцю: «Мама, у мяне чатыры наведвальнікі!» Потым было сто наведвальнікаў, тысяча, дайшло да мільёнаў, але такіх пачуццяў ужо не было, я проста канстатаваў факты.
І самыя першыя кліенты таксама дарылі самыя яркія эмоцыі. Я з задавальненнем з імі размаўляў, вёў доўгія перапіскі. Сёння да нас кожны дзень прыходзяць сотні лістоў. Людзі нешта пытаюцца, дзеляцца сваімі ідэямі. Ім цяпер адказвае служба падтрымкі. Я ўжо восем гадоў гэтым займаюся, і, вядома, такіх яркіх эмоцый ужо няма.
— Раскажыце пра сваё рашэнне ўдзельнічаць у дабрачынных праектах.
— На самай справе многія бізнесмены і наогул людзі, у якіх шмат грошай, займаюцца дабрачыннасцю. Проста не ўсе пра гэта ведаюць. Што датычыцца мяне, то не было такога моманту, што вось я зразумеў, што зарабіў шмат грошай і цяпер трэба падзяліцца. Проста калі я зарабляў, умоўна кажучы, сто долараў, то меў магчымасць камусьці дапамагчы на дваццаць долараў. А калі зарабляў, дапусцім, тысячу, то мог дапамагчы на сто або дзвесце, па-рознаму...
Я рэдка калі сам шукаю: а каму б мне сёння дапамагчы? У мяне такая філасофія: калі жыццё звяло мяне з нейкім выпадкам, дзе, тэарэтычна кажучы, я магу дапамагчы, то я лічу, што гэта невыпадкова. Магчыма, ёсць шмат сітуацый, у якіх мая дапамога была б больш эфектыўная, але чамусьці Бог мяне прывёў вось да гэтай канкрэтнай сітуацыі. Напэўна, таму, што не ўсё тое, што мы лічым эфектыўным, такім з'яўляецца...
— Вы верыце ў Бога?
— Так. Але я не вяду проста-такі ўзорнае, правільнае жыццё. Мы з сям'ёй перыядычна ездзім у царкву, возім дзяцей на прычасць, часцей за ўсё з ініцыятывы жонкі, але тым не менш... І разам з тым — ні з кім цяпер не хачу спрачацца, але асабіста для сябе я падзяляю законы царквы і законы Божыя. Для мяне больш важнымі з'яўляюцца не нейкія фармальныя прыкметы, а што ў чалавека ўнутры. І маё асабістае меркаванне: калі б кожны чалавек трымаў Бога ў сябе ўнутры, наша жыццё было б іншае. Таму што можна ўсміхацца, але калі ўсмешкі няма ўнутры...
Але я нічога і нікога зараз не крытыкую. Я думаю, што, можа, каб кагосьці прывесці да Бога, нічога і рабіць не трэба, ён сам прыйдзе і здолее адрозніць, дзе дабро, а дзе зло. А хтосьці павінен для гэтага кожную нядзелю хадзіць у царкву і выконваць усе фармальнасці, і толькі пасля вялікай колькасці такіх дзеянняў яму штосьці адкрыецца...
А самае галоўнае, на мой погляд: усё роўна, якой веры прытрымліваецца чалавек, важна, каб вынікам яго веры была большая колькасць дабра. Гэта адзіны крытэрый: калі ад чалавека зыходзіць больш дабра, чым зла, і вера гэтаму спрыяе, значыць, усё правільна.
— Жонка падтрымлівае вас у вашых пачынаннях, у тым жа мецэнацтве?
— Самае галоўнае, што яна не перашкаджае развівацца мне як асобе. На ёй ляжыць каласальны клопат пра сям'ю. Я таксама стараюся ўдзельнічаць у выхаванні дзяцей (старэйшаму сыну Ігара цяпер пяць гадоў, дзвюм дзяўчаткам-двайняткам па тры, малодшаму — годзік. — Аўт.), але вельмі важна, што, знаходзячыся на працы, я магу быць спакойны за сям'ю і ведаць, што там усё добра. Жонка ў мяне малайчына.
Я не магу сказаць, што на ўсе мае справы яна глядзіць так жа, як я, але важна, што ні я, ні яна не вырашаем нічога аднаасобна. Калі я лічу, што вось так — правільна, то па максімуме спрабую пераканаць яе, а калі гэтага не атрымаецца, тады шукаем нейкі кампрамісны варыянт. Гэта адзіны, як мне здаецца, правільны шлях.
— Можаце падзяліцца нейкім сваім жыццёвым урокам?
— Вось адна, можа, не з самых важных, але апошніх высноў, да якіх я прыйшоў: не трэба марнаваць час на тое, што табе не падабаецца. На людзей, з якімі некамфортна, на занятак, які не па душы... Мне здаецца, нам зверху ва ўсіх справах і сферах жыцця прыходзяць падказкі. І калі вось неяк некамфортна, значыць, гэта няправільны шлях.
Трэба прыслухоўвацца да сябе, і не толькі ў адносінах з людзьмі, але і наогул, у прынцыпе. Напрыклад, запланаваў нейкую справу і адчуваеш, што нешта не тое, ці пастаянна сутыкаешся з нейкімі перашкодамі... Трэба ўмець своечасова «счытваць» гэтыя падказкі і не баяцца нешта змяніць.
Я маю ў сваім вопыце велізарную колькасць выпадкаў, калі, насуперак унутранаму адчуванню, працаваў з нейкім чалавекам ці супрацоўнічаў з кампаніяй, і ўсё гэта заканчвалася адным і тым жа — няўдачай. Таму ўсё больш прыходжу да высновы, што калі наканавана быць добраму выніку, то шлях да яго павінен быць у радасць. Ён можа быць цяжкім, можна з ног валіцца ад стомы, але павінна быць цікава і пры гэтым добра тваёй душы. Ні ў якім разе не трэба рабіць штосьці праз сілу! І лепш своечасова павярнуцца і пайсці ў іншы бок, калі што, нават калі лагічна гэта здаецца няправільным. Хоць я матэматык і логіка для мяне — гэта святое, але ўсё ж яна можа нас часам адвесці не туды. І калі яна ўступае ў супярэчнасць з адчуваннямі, лепш прыслухацца да сваіх унутраных адчуванняў, да сэрца.
Гутарыла Святлана БУСЬКО
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.