У жодзінскай сярэдняй школе № 5 вельмі любяць прыроду, таму часта ўдзельнічаюць у розных экалагічных праектах. Летась там вырашылі заняцца праблемай бадзяжных жывёл. З ініцыятывай па стварэнні для іх «Цёплых хатак» вучні на чале з настаўніцай біялогіі Людмілай Паўлавец звярнуліся ў жыллёва-камунальную гаспадарку і да ўладаў горада. З праектам дайшлі і да рэспубліканскага этапу конкурсу «100 ідэй для Беларусі», які ладзіцца Саюзам моладзі.
«Колькасць кінутых жывёл павялічваецца з ростам насельніцтва. Яны часта гінуць, што выклікае яшчэ і санітарную небяспеку для людзей», — акрэсліваюць праблему жодзінскія школьнікі. Разам з настаўніцай вучні пачалі шукаць гуманныя спосабы дапамогі братам нашым меншым. «Хлопцы і дзяўчаты, убачыўшы статыстыку адлову катоў і сабак, якую нам прадставілі ў ЖКГ, былі вельмі ўзрушаныя, — кажа кіраўніца праекта. — Таму нарадзілася ідэя стварыць экалагічныя «Цёплыя хаткі». Апытанне мясцовых жыхароў паказала, што ў горадзе шмат аднадумцаў. Гэта надавала сілы для далейшых дзеянняў.
Перш-наперш валанцёры ўмоўна падзялілі Жодзіна на некалькі дзясяткаў квадратаў, дадалі пару ўчасткаў каля горада і на працягу чатырох месяцаў лічылі бяздомных жывёл. Пасля стварылі інтэрактыўную карту, на якой адзначылі месцы з іх максімальнай колькасцю, дзе хаткі патрабуюцца больш за ўсё.
Далей пачалі распрацоўваць іх макеты. Вырашылі, што трэба рабіць домікі з адходаў, якія ўтвараюцца на пілараме, тады яны будуць танныя. Былі ўлічаны і кліматычныя ўмовы: зімой холадна, значыць, неабходна ўцяпліць падлогу і сцены пенапластам.
Адзін такі экадамок, на думку валанцёраў, зможа ўмясціць два-тры сабакі альбо сям'ю кошак з трыма-чатырма кацянятамі. Яго сярэдні кошт (з улікам матэрыялу) атрымаецца каля 125—195 рублёў.
Каб пазбегнуць вандалізму, хаткі вырашылі размяшчаць каля пад'ездаў, якія маюць сістэму відэаназірання. Паклапаціліся юныя распрацоўшчыкі і пра эстэтычны складнік. Дамок спраектаваны такім чынам, каб не парушыць агульную канцэпцыю забудовы горада і каб яго можна было гарманічна ўпісаць у навакольную прастору.
— Мы атрымалі адабрэнне і згоду на бясплатную стэрылізацыю і часовае ўтрыманне жывёл падчас рэабілітацыі ад ветэрынарных клінік. Ініцыятыву ўхваліў і намеснік дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі нашага горада. Усе гатовыя дапамагчы. Засталося толькі ажыццявіць задуманае, — кажа Людміла Паўлавец.
Адметна, што падобны праект «Цёплыя хаткі для катоў» ужо рэалізавала міжнародная зоаабарончая арганізацыя Аnіmаl Саrе Сеntеr «LІSАBОNА» ў Кобрыне. Дзякуючы старшыні райвыканкама і дырэктару ЖКГ яны паставілі пяць домікаў, зробленых з еўравагонкі.
— Калі ёсць жаданне працаваць і змяняць свет да лепшага, то ўсё абавязкова атрымаецца, — адзначаюць у арганізацыі. — Спачатку было шмат скептыкаў, гучалі меркаванні, што кіраўніцтва горада не дазволіць устанавіць гэтыя домікі, што гараджане знішчаць іх у першую ж ноч. Але, як мы бачым, улады вельмі пазітыўна паставіліся да праекта, а жыхары падкормліваюць катоў і берагуць іх жыллё.
Юлія АДАМОВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».