— Прафесійная дзейнасць павінна прыносіць задавальненне. Калі гэтага няма, нічога не атрымаецца, — упэўненыя пераможцы сёлетняга конкурсу «Міс і Лідар Беларускай чыгункі» інжынер па ахове працы Ганна САВЕНКА і электрамеханік Віталь СІДЗІН з Мінскай дыстанцыі электразабеспячэння УП «Мінскае аддзяленне БЧ».
Атмасфера вабіла з дзяцінства
— Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Сюды прыйшла год таму па размеркаванні, — расказвае дзяўчына.
— Якім ён выдаўся для новаспечанага спецыяліста?
— Было нялёгка, скажу шчыра, але цікава. Самае цяжкае — паглыбіцца ў спецыфіку работы. У маёй справе, напрыклад, ты павінен ведаць усё і адразу! Мора дакументаў і акіян адказнасці! Тэорыя і практыка, як аказалася, — рэчы розныя. Да таго ж ва ўніверсітэце я вучылася на інжынера-энергетыка, таму давялося перабудоўвацца. На ўсё пра ўсё мне спатрэбілася дзесьці паўгода, — згадвае спецыяліст.
Ганна жартуе, што выбару, куды падацца пасля школы, амаль не было:
Дзяўчына прызнаецца, што тата ніколі не адгаворваў яе звязваць сваё жыццё са стальной магістраллю, але папярэджваў: «Чыгунка патрабуе поўнай аддачы».
— Я абсалютна не гуманітарый, — усміхаецца спецыяліст. — Таму, напэўна, і вучыцца ва ўніверсітэце было лёгка. Профільныя прадметы — фізіка, электратэхніка — мне вельмі падабаліся.
Ганна згадвае, што ў студэнцкай групе з 14 чалавек было толькі чатыры дзяўчыны. Увогуле інжынер-энергетык — больш мужчынская прафесія. На «лінію» працаваць слабы пол пускаюць неахвотна. Як альтэрнатыва — месца ў аддзеле кадраў, тэхнічным, па ахове працы.
Суразмоўніца мае пасведчанне аб перападрыхтоўцы па спецыяльнасці «эканаміст»: «Пакуль мне гэтая сфера не цікава, але веды лішнімі не бываюць».
Ганна родам са Жлобіна, у Мінску здымае кватэру. Частку ад сумы за жыллё маладому спецыялісту кампенсуе працадаўца.
Убачыў перспектывы
— Спачатку я планаваў пайсці на памочніка машыніста. Але бацькі пераканалі, што электразабеспячэнне на магістралі — перспектыўны кірунак для хлопца, — кажа Віталь. — Я скончыў Аршанскі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту, завочна — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Сухога па спецыяльнасці «інжынер-энергетык».
28-гадовы спецыяліст з цеплынёй адгукаецца пра каледж у Оршы, называе яго «моцнай школай жыцця», хваліць выкладчыцкі склад. Згадвае хлопец і пра армію:
— Служыў у Мінску, у першай роце спецыяльнага прызначэння вайсковай часці № 5448. Пасля звальнення не раз прапаноўвалі звязаць сваё жыццё з органамі ўнутраных спраў. Адмовіўся. І гэта нягледзячы на тое, што бацька ў мяне ваенны.
Цяпер хлопец працуе на падстанцыі Ашмяны, якая забяспечвае энергіяй кантактную сетку чыгункі і прыватны сектар найбліжэйшай вёскі. Электрамеханік сочыць за работай абсталявання, у выпадку паломкі — рамантуе. «Усё павінна працаваць як гадзіннік», — дадае хлопец. Спецыяліст сам са Смаргоні. Кожны дзень з аднаго горада ў іншы ён ездзіць на цягніку, для супрацоўнікаў праезд бясплатны.
— Пачынаў я простым рабочым — электраманцёрам па эксплуатацыі размеркавальных сетак у Маладзечне. Нялёгкая справа. Увогуле, на чыгунцы няма простых спецыяльнасцяў, — упэўнены Віталь. — Тут ад усіх патрабуецца павышаная ўважлівасць, асцярожнасць і, канешне, адказнасць.
Хлопец ганяе ў футбол, вядзе спартыўны лад жыцця. У школьны час скончыў музычную школу па класах гітары, флейты і фартэпіяна. Дарэчы, Ганна таксама іграе на апошнім інструменце.
Сыгралі як па нотах
Ганна і Віталь, як сапраўдныя чыгуначнікі, любяць цягнікі. Лічаць іх адным з самых бяспечных відаў транспарту: «Яны курсіруюць у любое надвор'е. Снег, дождж, вецер — не перашкода».
— Як змянілася жыццё пасля перамогі на конкурсе?
— Мяне аднойчы пазналі на станцыі Смаргонь. Касірка пахваліла маё выступленне. Шчыра кажучы, было прыемна, — прызнаецца Віталь.
На пытанне, што цяжэй за ўсё далося на спаборніцтвах, абодва ў адзін голас адказваюць: «Перамагчы хваляванне перад выхадам на сцэну».
— Самы цікавы быў творчы этап. Мы выступалі — спявалі і танцавалі — з выхаванцамі калектыву «Зорачкі» сталічнага Палаца культуры чыгуначнікаў. Дзеці — цудоўныя, таленавітыя і шчырыя! — кажа Ганна.
Пра прафесійныя планы спецыялісты гавораць неахвотна — каб не сурочыць задуманае. Але адно зразумела дакладна — з чыгункай расставацца ніхто не плануе.
Кацярына АСМЫКОВІЧ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з архіва герояў
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.