Вы тут

Маладыя спецыялісты пра працу ў Чэрвеньскім раённым цэнтры культуры і адпачынку


Штогод у гарады і вёскі на работу прыязджаюць дзясяткі маладых хлопцаў і дзяўчат. Калектывы папаўняюцца наваспечанымі ўрачамі, юрыстамі, метадыстамі ды спецыялістамі іншых профіляў. Чэрвеньскі раённы цэнтр культуры і адпачынку пазалетась не стаў выключэннем: тут з'явілася яркая, рознабаковая, крэатыўная моладзь.


Лю­боў Ел­су­ко­ва.

Любоў Елсукова і Антон Нядзведзь на Чэрвеньшчыну трапілі з мінскага каледжа імя Міхаіла Глінкі. «Насамрэч у мяне было два варыянты: Чэрвень і Клецк, — расказвае Люба. — Але я так перапалохалася, што забылася, які другі горад. Атрымалася добра: з Мінска ездзіць бліжэй». Аднак Антон не так радуецца: на маршрутку штомесячна сыходзіць палова зарплаты. Чаму б не жыць у Чэрвені? Вірлівае жыццё сталіцы прываблівае больш. Хлопец там займаецца танцамі (ліндзі-хопам), ходзіць на канцэрты, тусуецца з сябрамі — часта да дзвюх-трох ночы. А ранкам выязджае на працу. Адсыпацца даводзіцца на выхадных...

У Любові звычайны працоўны дзень пачынаецца са змагання са сном: «Наліваю каву, уключаю камп'ютар, запаўняю журнал. Пасля абеду прыходзяць займацца школьнікі. З імі мы распяваемся, працуем над голасам, вучым песні. А ўвечары — заняткі з дарослым калектывам «Вербніца»: разбіраем мелодыю, ставім танцы».

У работу Люба ўлілася лёгка, бо яшчэ падчас вучобы займалася рэпетытарствам, наладжвала кантакт з дзецьмі. З імі ў дзяўчыны асаблівыя адносіны: «Я, можна сказаць, выглядаю як школьніца, — апісвае сябе выкладчыца. — Дзеці, канешне ж, успрымаюць мяне як педагога. Але нам прасцей быць на адной хвалі, таму што мы падобныя знешне». Метад выкладання ў Любові ўжо таксама ёсць: не строга, а з гумарам! Лічыць, што тлумачыць памылкі трэба так, каб ніхто не пакрыўдзіўся і ў той жа час усё зразумеў... З калегамі ёй таксама прыемна стасавацца. Паміж сабой яны дзеляцца досведам: дзяўчына прапаноўвае падцягнуць вакал, а хтосьці, напрыклад, вучыць іграць на гітары...

Праца з дзецьмі, падрыхтоўка да мерапрыемстваў напружвае і стамляе. На сябе часу амаль не застаецца. Мама Любы, якая параіла ёй паступаць у музычны каледж, цяпер кажа: «Навошта адправіла цябе туды, што гэта за пекла такое?!» Але дзяўчына не шкадуе. «Паступова прызвычайваешся да працы і разумееш: табе падабаецца, — робіць для сябе выснову Любоў. — Вынік відавочны — і ты шчаслівая ад гэтага. Тады забываешся пра нервы і недасыпы».

Ан­тон Ня­дзведзь.

Любін калега Антон таксама навучае дзяцей, але ігры на гітары. Заняткаў не так многа, таму хлопец аддае ўсе сілы на рэпетыцыі двух мясцовых калектываў: «Вербніцы» і «Балагураў». Дарэчы, яшчэ некалькі гадоў таму ён не ведаў нотнай граматы і іграць ні на якіх інструментах не ўмеў. «Для мяне гэта было нечым неверагодным! — успамінае хлопец. — Не думаў, што змагу стаць музыкантам. Калі заканчваў школу, вырашыў паступаць туды, дзе вучыліся сябры, у «Глінку». Каб падрыхтавацца, даводзілася ўставаць а пятай раніцы і займацца музыкай. Таксама дамовіўся наведваць заняткі для абітурыентаў у каледжы. Уявіце, сядзеў там з дзвюма сямігадовымі скрыпачкамі! Выглядала камічна. Яшчэ займаўся з рэпетытарам. Як сіл хапала? Сам дзіўлюся. Проста было вялікае жаданне, якое і прывяло мяне сюды».

На рабоце ў Антона кожны дзень штосьці адбываецца. Нават калі няма сваіх заняткаў, дапамагае калегам. Сваім жыццём гітарыст задаволены, яму вельмі падабаецца займацца музыкай. Толькі б зарплату пабольш!

Ва­лян­ці­на За­дзі­ра­ва.

Такое ж жаданне было і ў Валянціны Задзіравай. Год таму яна таксама працавала ў гэтым цэнтры культуры. А потым за стараннасць і адказнасць ёй прапанавалі месца ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Досвед на абедзвюх пасадах дазваляе параўноўваць свае адчуванні.

— Напэўна, як і ўсе студэнты, якія едуць па размеркаванні, адчувала страх перад нечым новым, перад адказнасцю і самастойным жыццём, — расказвае Валянціна. — Да таго ж трапіла не ў роднае Жодзіна, а ў невялікі Чэрвень, які спачатку палохаў. Пасля спадабаўся: ціха, усё ў крокавай даступнасці. У рэшце рэшт атрымалася так, як я сабе і ўяўляла... На працягу ўсёй работы ў Доме культуры натхняла і матывавала ўсведамленне таго, што мы прыносім шчасце, радасць і задавальненне як маленькім, так і дарослым, часам адрываючы іх ад штодзённых праблем.

Цяпер, канешне, у Валянціны з'явіліся новыя абавязкі, і стала цяжэй, бо дадалося больш адказнасці. Яна займаецца пытаннямі маладзёжнай палітыкі, прафілактыкай правапарушэнняў, зборам і апрацоўкай даных, напісаннем справаздач, давядзеннем інфармацыі да зацікаўленых. Падчас падрыхтоўкі да мерапрыемстваў Валянціна ўжо не актыўная іх удзельніца, а толькі памочніца. Аднак свайго запалу з мінулых часоў не згубіла! «Мы працуем у «культуры», і кожны дзень як свята», — так яна ставіцца да сваёй прафесіі

...І Любоў, і Антон, і Валянціна пакуль не ведаюць, як складзецца іх далейшае жыццё. Люба марыць пра другую вышэйшую адукацыю, бо ёй падабаецца вучыцца, развівацца. Антон, магчыма, калі-небудзь будзе іграць у музычным гурце. Выглядае хлопец фактурна: брутальны, з барадой і шыкоўнымі доўгімі валасамі. А Валянціна ўжо паралельна асвойвае другую спецыяльнасць, потым будзе выбіраць... Але ў адным яны не сумняваюцца: работа — гэта магчымасць самарэалізавацца, зразумець, што ты можаш, а чаму яшчэ трэба навучыцца. Галоўнае — цярпенне.

Юлія АДАМОВІЧ

Загаловак у газеце: Рабочы дзень — як свята

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».