Вы тут

Дзе студэнтам можна «рукі прыкласці»?


Сёлета ўрачыстая цырымонія рэспубліканскага адкрыцця трэцяга працоўнага семестра з удзелам больш чым 400 байцоў, камандзіраў, камісараў студэнцкіх атрадаў з розных рэгіёнаў краіны прайшла на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». У гэтым годзе ён прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цэнтральнае месца ў мерапрыемстве было адведзена акцыі «Беларусь памятае»: удзельнікі трымалі ў руках больш за 200 партрэтаў Герояў Савецкага Саюза часоў Вялікай Айчыннай вайны і герояў-камсамольцаў, ураджэнцаў Беларусі. Пасля байцы заняліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, а таксама сімвалічна высадзілі 75 елак.


Цырымонія ўручэння працоўных пуцёвак студэнцкім атрадам сталіцы і ўзняцце сцяга Мінскага гарадскога штаба студэнцкіх атрадаў (МГШСА) сёлета ўпершыню адбыліся на будаўнічай пляцоўцы станцыі «Юбілейная плошча» Мінскага метрапалітэна.

Месца для правядзення мерапрыемства, у якім бралі ўдзел больш за 250 байцоў, камандзіраў, камісараў студэнцкіх атрадаў з розных раёнаў сталіцы, было абрана невыпадкова. Будаўніцтва трэцяй лініі мінскага метро абвешчана гарадской маладзёжнай будоўляй. Такое рашэнне прыняў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Сёлета МГШСА арганізуе на маладзёжнай будоўлі працу зводнага беларуска-расійскага студэнцкага атрада агульнай колькасцю 120 байцоў, якія будуць выконваць розныя віды работ: земляныя і бетонныя, паднос арматуры і іншыя.

Усімі структурамі МГШСА ўжо заключана больш за 120 дагавораў на працаўладкаванне дзвюх тысяч чалавек. Аб'ектамі для работы студэнцкіх атрадаў стануць найбуйнейшыя прадпрыемствы: БелАЭС, УП «Мінскметрабуд», КУП «Бізнес-цэнтр «Сталіца», ААТ «Атлант», УП «Зелянбуд», ДВА «Мінскбуд», ААТ «ДарОрс», КУП «Мінскхлебпрам», ТАА «Еўрагандаль», ААТ «МТЗ», КУП «Мінсктранс», РУП «Белтэлекам», УП «Мінскводаканал», ААТ «Амкадор» і іншыя.

Акрамя таго, у Мінску сфарміравана дзесяць студэнцкіх сэрвісных атрадаў з 300 байцоў з ліку студэнтаў БНТУ, БДУ, МДЛУ і Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, якія працуюць на ІІ Еўрапейскіх гульнях у сталіцы. Яны аказваюць садзеянне ў арганізацыі харчавання гасцей і ўдзельнікаў Гульняў.

А, скажам, у Мінскай вобласці сёлета падчас трэцяга працоўнага семестра запланавана работа 138 студэнцкіх атрадаў (больш за тры тысячы чалавек) рознага профілю. Напрыклад, у Капыльскім раёне — вытворчага студэнцкага атрада па пашыве пасцельнай бялізны ў мясцовым дзяржаўным каледжы. У Пухавіцкім байцам студэнцкага вытворчага атрада давераць зборку вырабаў з пластмас у зборачным цэху ААТ «Рудзенск». У Валожынскім раёне ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Палачанка» ў студэнцкім педагагічным атрадзе будуць працаваць 42 чалавекі, а ў філіяле «Аздараўленчы комплекс «Спадарожнік» ААТ «Мінскрамбуд» — каля 100 чалавек. Арганізацыя студэнцкіх сельскагаспадарчых атрадаў запланавана практычна ва ўсіх рэгіёнах Міншчыны. Самыя шматлікія з іх — у Клецкім, Мінскім і Чэрвеньскім раёнах. Студэнцкія атрады экалагічнага профілю створаць у Бярэзінскім, Вілейскім, Дзяржынскім, Крупскім, Лагойскім, Любанскім, Мядзельскім, Смалявіцкім, Салігорскім, Стаўбцоўскім, Уздзенскім, Чэрвеньскім раёнах і Жодзіне. Студатрады будаўнічага профілю чакаюць у Барысаўскім, Любанскім, Маладзечанскім, Смалявіцкім раёнах. Так, моладзь Смалявіцкага раёна будзе працаваць адразу на двух аб'ектах рэгіёна: на падсобных работах у філіяле КУП «Мінскаблдарбуд» — «Дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 123» і ў ААТ «Перасоўная механізаваная калона № 72». Медыцынскі студатрад плануецца арганізаваць у Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Падчас правядзення прома-акцыі БРСМ «Выбіраем студатрад!» толькі з сакавіка да мая заяўкі на працаўладкаванне ў складзе студэнцкіх атрадаў падалі каля дзвюх з паловай тысяч прадстаўнікоў моладзі Міншчыны.

Статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі прысвоены сёлета Указам Прэзідэнта аб'ектам сацыяльнай інфраструктуры, якія ўзводзяцца ў Астраўцы. Цяпер там шырока вядзецца жыллёвае будаўніцтва. Згодна з прагнозамі, да 2020 года колькасць насельніцтва горада вырасце з 10 да 22—23 тысяч чалавек, што звязана са з'яўленнем БелАЭС. У Астраўцы запланавана ўзвядзенне шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу, крытай лядовай пляцоўкі, школы, бальніцы, дзіцячага сада, аўтавакзала. Да будаўніцтва аб'ектаў мяркуецца прыцягваць не толькі студэнцкія атрады, але і маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, якія пажадаюць займацца ў горадзе працоўнай дзейнасцю. Увогуле за апошнія пяць гадоў на аб'ектах БелАЭС папрацавалі больш за дзве тысячы байцоў з беларускіх і расійскіх атрадаў.

Нагадаем, што 2019 год аб'яўлены БРСМ Годам студэнцкіх атрадаў. Так што не ўпусціце свой шанц!

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У Мінскім раёне адкрылі новы арэндны дом

У Мінскім раёне адкрылі новы арэндны дом

Новы год — у новай кватэры.

Грамадства

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Як развіваецца гастратурызм у Беларусі?

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.