«Адысея капітана Блада», «Востраў скарбаў», «Тры мушкецёры», «Граф Монтэ-Крыста», «Два капітаны», «Апошні з магікан», «Айвенга», «Таямнічы востраў», «Вершнік без галавы»... Калісьці гэтымі кнігамі літаральна зачытвалася падрастаючае пакаленне. Але ці стануць іх чытаць сучасныя тынэйджары? А можа быць, у кожнага пакалення павінна быць свая культавая літаратура?
Якія кнігі выбірае сёння юны чытач? Ці можна зрабіць чытанне трэндам у падлеткаў? Што значыць умець чытаць? Ці фарміруе школа чытацкую пісьменнасць і чытацкую культуру? Якую ролю ў заахвочванні да чытання адыгрываюць дзіцячыя СМІ? Пра ўсё гэта разважалі ўдзельнікі круглага стала «Дарослыя праблемы дзіцячага чытання», які арганізавала выдавецтва «Пачатковая школа».
Маршак неактуальны
— Мода на кнігу, на жаль, прайшла. Але чаму толькі дзеці павінны чытаць? Чаму ўсе заклапочаны толькі гэтым пытаннем? Няўжо дарослыя ўжо ўсё прачыталі? Ці вы думаеце, што калі дарослыя не чытаюць, то дзеці возьмуць у рукі кнігу? — разважае галоўны рэдактар псіхалагічнага і сацыяльна-педагагічнага часопіса «Дыялог», доктар псіхалагічных навук, прафесар Леанід ПЕРГАМЕНШЧЫК. — А можа, нам толькі здаецца, што ў мінулым стагоддзі дзеці чыталі больш? Я задаю гэтыя пытанні, таму што ў мяне няма на іх дакладнага адказу. Ёсць гіпотэза, што чалавек, які чытае, будзе ў будучыні кіраваць чалавекам, які сёння глядзіць у экран свайго смартфона. Але ж усе кіраваць усё роўна не змогуць. Магу канстатаваць, што студэнты першага курса не ўмеюць складна гаварыць і перадаваць свае думкі, і гэта можа быць вынікам таго, што яны ў школьныя гады мала чыталі.
Усе мы бачылі рэкламу кшталту «навучым вас хутка чытаць», але, прабачце, навошта гэта рабіць? Калі ты чытаеш удумліва, то паспяваеш зразумець, якую інфармацыю да цябе хацелі данесці. А калі бегла?
Калі я прапаную сваім унукам кнігі, якія я сам чытаў у дзяцінстве, яны мяне не разумеюць. Думаю, што мы, дарослыя, дрэнна ведаем сучасную дзіцячую літаратуру, таму спрабуем і далей выхоўваць юнае пакаленне на Маршаку. Між іншым, яна ёсць, і не менш цікавая за тую, што мы калісьці чыталі. Спадзявацца, што любоў да чытання зможа прывіць школа, не варта, таму што там мастацкія творы звычайна «праходзяць». Канешне, ва ўсе часы былі таленавітыя педагогі, якія, нягледзячы на існаванне школьнай праграмы, маглі захапіць дзяцей працэсам чытання, але галоўнымі прапаведнікамі чытання павінны быць найперш бацькі. Калі яны чытаюць, то значна больш шанцаў, што будуць чытаць іх дзеці. Неабавязкова, але ў процілеглым выпадку шансы ўвогуле мінімальныя.
Хуткасць або якасць?
— Сёння ідзе барацьба за ўвагу чытача. На многіх інтэрнэт-сайтах невыпадкова згадваецца, колькі часу зойме прачытанне таго ці іншага тэксту, — заўважае кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы БДУ Таццяна КРАСНОВА. — Шчыльнасць і аператыўнасць інфармацыі «зашкальваюць». Гэта раней тэкст меў пераважна лінейную структуру, а сёння мы маем справу з самымі рознымі відамі тэкстаў. І кліпавае мысленне ў падрастаючага пакалення — гэта рэакцыя на інфармацыйную празмернасць і паўсюдную візуалізацыю. Работа з тэкстам патрабуе намаганняў і пэўных навыкаў, напрыклад крытычнага мыслення.
Што датычыцца хуткага чытання, то многія параўноўваюць яго з фастфудам — запіхнуць у сябе тоны літар, праглынуць, не жуючы, на хаду, у чарзе ці ў транспарце, і забыцца. А павольнае чытанне супрацьстаіць хуткаму спажыванню тэкстаў у сучаснай культуры: браўзінгу, вэб-сёрфінгу, слізгаценню па паверхні, няздольнасці чытаць шмат літар, фрагментарнасці ўспрымання тэкстаў і гэтак далей.
— Таму я абсалютна згодная з калегам: нам патрабуецца рэвізія павольнага чытання, якое спрыяе развіццю крытычнага мыслення — уменню пошуку і верыфікацыі інфармацыі, супастаўлення розных крыніц і канцэпцый, ацэнцы чужых меркаванняў і аргументаванай абароны ўласнай пазіцыі, — падкрэслівае Таццяна Краснова. — Між іншым, у некаторых замежных ВНУ ўжо нават уводзяцца курсы, на якіх студэнтаў навучаюць павольнаму чытанню. Ці можна было б укараніць такі курс у нас? Мяркую, што выкладаць яго зможа толькі вельмі мужны выкладчык, таму што з боку студэнтаў дакладна будзе супраціўленне. Вельмі цяжка пераканаць іх у тым, што гэта насамрэч важна...
Што датычыцца школьнікаў, то яны павінны ўмець вылучаць асноўныя думкі ў тэксце, умець пераказваць тэкст сваімі словамі, аперыраваць тэрмінамі, атрыманымі ў тэксце, а хуткае чытанне развіццю гэтых кампетэнцый зусім не спрыяе.
Пайсці за героем
— Дзіця павінна чытаць павольна, крытычна, каб рабіць высновы, суперажываць герою і развівацца разам з ім, — падкрэслівае начальнік упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі, галоўны рэдактар часопіса «Выхаванне і дадатковая адукацыя», кандыдат педагагічных навук, дацэнт Наталля КАТОВІЧ. — Трэба прызнаць, што сітуацыя з чытаннем змянілася не толькі ў нас, а ва ўсім свеце: яно становіцца больш элітарным і прагматычным, часцей выкарыстоўваецца для адукацыі і самаадукацыі. А вось у структуры баўлення вольнага часу яго доля скарацілася, чытаць проста для задавальнення сталі менш. Прычым прыярытэт аддаецца масаваму і забаўляльнаму чытанню, а кніга як крыніца інфармацыі знаходзіцца ў вельмі жорсткай канкурэнцыі з рознымі электроннымі носьбітамі. Зацікавіць дзяцей чытаннем дзеля задавальнення — найбольш складаная задача. Але педагог павінен навучыць іх творчаму, удумліваму, вобразнаму чытанню, каб у дзіцяці працавала фантазія, каб у дарослым жыцці чалавек мог знайсці адказы на складаныя жыццёвыя пытанні ў класічнай літаратуры або ў творах сучаснікаў.
Даказана, што людзі, якія шмат чытаюць, здольны мысліць катэгорыямі, знаходзіць узаемасувязь паміж фактамі і падзеямі, адэкватна ацэньваць сітуацыю і хутчэй знаходзіць правільныя рашэнні. Яны маюць большы аб'ём памяці, актыўнае творчае ўяўленне. Іх мова больш выразная і багатая па сваім слоўнікавым запасе.
Знайсці ключык
— У мяне чацвёра дзяцей, яны ўсе ўжо амаль выраслі. Прызнаюся, калісьці я была ўпэўненая ў тым, што калі ў доме шмат кніг, а маці і бацька чытаюць, то і дзеці будуць захоплены гэтым працэсам. Але агульны культурны фон і наша рэчаіснасць уносяць свае карэктывы, — заўважае дырэктар, галоўны рэдактар выдавецтва «Пачатковая школа» Вольга ВАНІНА. — Мае дзеці чытаюць розную па тэматыцы літаратуру, і іх цікавяць розныя часопісы. Галоўнае — падабраць да кожнага дзіцяці ключык, і наша выдавецтва забяспечвае багаты выбар такіх інструментаў.
15 гадоў прайшло з моманту выхаду першага часопіса «Рукзачок». За гэты час у выдавецтве з'явілася 13 часопісаў, разлічаных на дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 2 да 18 гадоў. У часопісах для самых маленькіх увогуле няма тэкстаў, але яны ўжо вучаць працаваць з інфармацыяй і развіваюць важныя кампетэнцыі. Чаму менавіта часопіс можа аказацца найбольш эфектыўным інструментам для заахвочвання чытаннем дзяцей? У кнігах тэксты больш доўгія, а часопіс дае магчымасць выбраць кароценькія. Мы робім стаўку на гіпертэкставасць, штосьці выносім на палі, каб разгрузіць асноўны тэкст, дробім яго на маленькія кавалачкі з падзагалоўкамі. Разнастайная форма падачы дазваляе дзіцяці прасцей увайсці ў матэрыял. У нашых часопісах ёсць і налепкі, і дапоўненая рэальнасць, і мультымедыйныя дыскі. Дзіця ўспрымае ўсё праз эмоцыі, і сухі інфармацыйны тэкст проста не будзе ім прачытаны. Увесь матэрыял падаецца з улікам псіхалагічных асаблівасцяў развіцця дзіцяці. Мы не ўпускаем з віду, што часопісы набываюць і выпісваюць бацькі, думаем, як зможа выкарыстаць іх на сваіх занятках педагог.
Фэнтэзі наступае
Вольга БАНДАРЧУК, загадчык сектара сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, канстатуе: — Праблемы дзіцячага чытання хвалююць не толькі педагагічную супольнасць, але і нас. Нацыянальная бібліятэка як метадычны цэнтр усіх 2,5 тысяч публічных бібліятэк вядзе актыўную даследчую работу ў гэтым кірунку. У 2009—2010 гадах было праведзена маштабнае рэспубліканскае даследаванне «Сучасны стан і тэндэнцыі развіцця дзіцячага чытання ў Рэспубліцы Беларусь». А летась — даследаванне «Попыт на выданні сучасных беларускіх аўтараў у структуры інфармацыйных патрэб». Адной з яго задач было правесці маніторынг стану дзіцячага чытання, каб можна было параўнаць, што змянілася за час, які прайшоў. Усяго ў даследаванні прынялі ўдзел 2,7 тысячы чалавек: 1300 дзяцей і 1400 падлеткаў. Канешне, ананімнае апытанне мае трохі суб'ектыўны характар, тым не менш мы атрымалі шмат цікавай інфармацыі для роздуму. У структуры баўлення вольнага часу чытанне кніг, газет і часопісаў займае ў падрастаючага пакалення трэцюю пазіцыю. Моўныя перавагі амаль не змяніліся: 82 працэнты дзяцей ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў чытаюць на рускай мове, а ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў іх доля дасягае 85,5 працэнта.
Топ-10 любімых кніг для дзяцей 7—10 гадоў узначальвала летась кніга «Пэпі Доўгая панчоха», серыя кніг пра Нязнайку, казкі, кнігі пра Гары Потэра, энцыклапедыі і «Дзяніскавы апавяданні» Віктара Драгунскага... У 2009 годзе на піку папулярнасці былі казачная аповесць Эдуарда Успенскага «Дзядзька Фёдар, сабака і кот», казкі, «Дзяніскавы апавяданні», серыя пра Нязнайку, «Гары Потэр» і энцыклапедыі. Як бачна, мала што змянілася. У дзяцей у тройку жанрава-тэматычных пераваг уваходзяць прыгоды, казкі, літаратура пра прыроду і жывёл, а ў падлеткаў — прыгоды, фантастыка і дэтэктывы, але ўсё часцей у перавагі трапляюць фэнтэзі і містыка.
У Топ-3 любімых кніг падлеткаў ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў увайшлі летась «Гары Потэр» (8,3 %), «Маленькі прынц» (2,8 %) і серыя раманаў «Змярканне» (1,7 %). Цікава, што дзесяць гадоў таму падлеткі таксама захапляліся «Гары Потэрам» і «Змярканнем». Увогуле апытаныя згадалі каля 600 назваў любімых кніг.
Беларускі шорт-ліст
Любімыя беларускія аўтары ў дзяцей 7—10 гадоў — Якуб Колас (19,9 %), Янка Купала (10,6 %), Уладзімір Ліпскі (4,4 %), Янка Маўр (4,4 %), Міхась Лынькоў, Васіль Вітка, Павел Місько, Раіса Баравікова, Рыгор Барадулін і Артур Вольскі. Падлеткі найбольш часта ў якасці любімых пісьменнікаў згадваюць Уладзіміра Караткевіча, Янку Маўра, Васіля Быкава, Купалу, Коласа, Івана Мележа, Андрэя Федарэнку, Івана Шамякіна, Міхася Лынькова і Яўгена Хвалея. Любімыя кнігі і творы — «Дзікае паляванне караля Стаха», «Палескія рабінзоны», «Людзі на балоце», «Жураўліны крык», «Міколка-паравоз», «Насцечка», «На ростанях», «Прынцэса з тусоўкі», «Ніколі не забудзем», «Казкі астранаўта». Малодшыя школьнікі згадалі падчас апытання 230 найменняў беларускіх кніг і 86 беларускіх аўтараў, падлеткі — 122 кнігі і 74 аўтараў.
— Адказы дзяцей вельмі цікавыя, але на іх, несумненна, моцна ўплывае школьная праграма па літаратуры. А вось што сказалі нашы эксперты, у ролі якіх выступілі бібліятэкары. Пасля аналізу кнігавыдач у 2018 годзе склалася наступная карціна, — расказвае Вольга Бандарчук. — Найбольш часта ў бібліятэках летась прасілі выдаць кнігі Раісы Баравіковай, Алены Масла, Уладзіміра Ягоўдзіка, Генадзя Аўласенкі, Уладзіміра Караткевіча, Валерыя Гапеева, Паўла Місько, Уладзіміра Ліпскага, Васіля Быкава, Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастарнак. Самымі папулярнымі творамі сталі «Казкі астранаўта» Раісы Баравіковай, «Прыгоды Бульбобаў» Паўла Місько, «Афганская шкатулка» Андрэя Федарэнкі, «Час заўсёды добры» Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастарнак, «Міколка-паравоз» Міхася Лынькова, «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, «Адзінокі васьмікласнік жадае пазнаёміцца» Алеся Бадака, «Альпійская балада» Васіля Быкава і іншыя.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Андрэя САЗОНАВА і Надзеі БУЖАН
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.