Сёння на Еўрапейскіх гульнях у Мінску майстры малой ракеткі ўступаюць у барацьбу ў камандным турніры. У мужчынскай частцы Беларусь прадставяць Уладзімір Самсонаў, Павел Платонаў і Аляксандр Ханін.
А напярэдадні ў чвэрцьфінальным паядынку лідар беларускай каманды па настольным тэнісе Уладзімір Самсонаў сустракаўся з немцам Ціма Болем і саступіў яму 1:4. Трэба адзначыць, што на чвэрцьфінальны паядынак беларус атрымаў аднаго з наймацнейшых сапернікаў — першую ракетку турніру і шостую ракетку свету. Да гэтага 43-гадовы айчынны тэнісіст перамог прадстаўніка Італіі Ніагала Стаянава — 4:3 і ўзяў верх над расійскім спартсменам Кірылам Скачковым — 4:2.
— Вядома, напэўна, было б прасцей гуляць з кімсьці іншым за выхад у паўфінал, але жараб'ёўка звяла нас з Ціма на гэтай стадыі спаборніцтваў. Вельмі шкада, што я прайграў у чвэрцьфінале, наўрад ці ў мяне будзе яшчэ адзін шанц згуляць такі турнір дома, пры роднай публіцы. Тут было неверагодна, я не памятаю, каб паглядзець на маю гульню прыходзіла столькі балельшчыкаў, — адзначыў Уладзімір Самсонаў.
Нагадаем, на Еўрапейскіх гульнях у Баку беларус стаў сярэбраным прызёрам, саступіўшы ў вырашальным матчы прадстаўніку Германіі Дзмітрыю Аўчараву.
— У фінале ў Баку ў мяне былі добрыя шанцы выйграць, я вёў па сэтах — 2:0, але атрымаў толькі сярэбраны медаль. Гэта не такі ўжо і дрэнны вынік. Зараз быццам бы таксама добра гуляў, але саступіў, ды яшчэ і ў сябе дома... Пачуцці зусім іншыя.
Тэнісіст дадаў, што ў матчы з немцам яму не хапіла крышачку шанцавання.
— Я спадзяюся, гледачы нацешыліся добрым настольным тэнісам і будуць хадзіць хварэць за нас і далей. Усе разумеюць, наколькі важныя Еўрапейскія гульні, краіна шмат чаго зрабіла для гэтага мерапрыемства, і таму, вядома ж, усе хочуць, каб нашы спартсмены выступілі як мага лепш.
Адзначым, што калі беларусы ў камандным турніры пройдуць сапернікаў з Румыніі, жараб'ёўка зноў звядзе іх з немцамі, у тым ліку з Ціма Болем.
— Нам зноў не вельмі пашанцавала з жараб'ёўкай, Германія — відавочна самая моцная каманда на гэтым турніры, — адзначыў Уладзімір Самсонаў.
Ён падкрэсліў, што задаволены ўмовамі, якія стварылі арганізатары для беларускай каманды, і адзначыў, што многія спартсмены з іншых краін таксама станоўча адзываюцца аб турніры ў Беларусі.
— Усе задаволеныя, хоць ведаю, што ўсюды, нават на Алімпійскіх гульнях, ёсць нейкія праблемы. З ежай, напрыклад, або з транспартам. Мае сябры з іншых камандаў кажуць, што ў Мінску ім падабаецца. Тут добрыя пакоі ў Вёсцы спартсменаў, добрая ежа, недалёка дабірацца да залы, на стадыёне ў нас усё арганізавана выдатна, не ведаю, як ідуць справы ў іншых відах спорту.
Напрыканцы лідар зборнай падзяліўся сваімі далейшымі планамі і адзначыў, што мае намер пазмагацца за ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа ў 2020 годзе.
— Да Алімпіяды засталося крыху больш за год, пакуль я гуляю быццам бы не зусім дрэнна і не асабліва задумваюся аб сваім узросце, таму, вядома, паспрабую адабрацца ў Токіа.
Дар'я Лабажэвіч
Фота Ганны Занкавіч
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.