У шосты дзень спаборніцтваў спартсмены разыгралі 16 камплектаў узнагарод у пяці відах спорту. Пяць камплектаў разыграна ў веславанні на байдарках і каноэ. Таксама пераможцы вызначыліся ў вольнай барацьбе, настольным тэнісе ў адзіночным разрадзе ў жанчын і мужчын, у стральбе з лука ў індывідуальных дысцыплінах у жанчын — у стральбе з блокавага і класічнага лука і кулявой стральбе. Папярэднія спаборніцтвы прайшлі ў пляжным футболе, бадмінтоне, боксе, а таксама адбыўся паўфінал лёгкаатлетычных спаборніцтваў.
У стральбе з лука прадстаўніца беларускай каманды Карына Дзёмінская ў чвэрцьфінальным паядынку перамагла ўкраінку Анастасію Паўлаву, але не змагла прайсці ў паўфінал, саступіўшы ў «перастрэлцы» спартсменцы з Галандыі Габрыэле Баяры 5:6. У іншым чвэрцьфінале Карына Казлоўская прайграла італьянскай спартсменцы Лучыле Боары — 2:6.
Спаборніцтвы лучнікаў на арэне САК «Алімпійскі» завершацца сёння. У 1/8 фіналу мужчынскага індывідуальнага турніру па стральбе з класічнага лука сапернікам беларуса Паўла Далідовіча будзе іспанец Даніэль Кастра. Нагадаем, пакуль у актыве беларусаў адна ўзнагарода ў жаночым камандным турніры па стральбе з класічнага лука — «серабро» заваявалі Карына Казлоўская, Ганна Марусава і Карына Дзёмінская.
Зборная Беларусі па пляжным футболе ўчора ўвечары правяла свой другі паядынак на Гульнях. Гэтым разам сапернікамі гаспадароў сталі футбалісты са Швейцарыі. Нагадаем, наша каманда пераможна стартавала на турніры ў Мінску. У сваім першым матчы папярэдняй групы А беларусы абыгралі румын — 6:1. Сёння наша каманда згуляе з Партугаліяй.
«Перамагчы ў першай гульні было вельмі важна. Вялікі дзякуй балельшчыкам, якія класна падтрымлівалі нас, — адзначыў капітан зборнай Беларусі па пляжным футболе Ігар Брышцель. — У ходзе падрыхтоўкі каманды да турніру мы правялі два зборы па 3—4 дні з выхаднымі. Папрацавалі вельмі плённа, набралі добрую форму. Перад камандай стаіць задача — выйграць спаборніцтвы. Але мы ідзём крок за крокам. Пакуль усе думкі аб маючым адбыцца матчы. Партугальцы выйдуць супраць нас гуляць толькі на перамогу».
Пасля фінішу групавога этапу барацьбу за медалі працягнуць па дзве найлепшыя каманды з квартэтаў. Паўфіналы адбудуцца 28 чэрвеня, а 29 чэрвеня пройдуць матчы за «золата» і «бронзу». Каманды, якія не трапілі ў паўфінал, згуляюць у суцяшальным турніры за 5—8-е месцы. Нагадаем, на І Еўрапейскіх гульнях у Баку пераможцам турніру па пляжным футболе стала зборная Расіі, «серабро» заваявалі італьянцы, «бронзу» — партугальцы.
Сёння адбудуцца спаборніцтвы па пляжным футболе, стральбе, веславанні, спартыўнай гімнастыцы, бадмінтоне, барацьбе і веласіпедным спорце (трэк).
Пасля шасці дзён турніру ў актыве зборнай Беларусі на Еўрапейскіх гульнях 45 узнагарод (15 залатых, 11 сярэбраных, 19 бронзавых). Беларусы ўжо пераўзышлі свае медальныя дасягненні ў Баку (у іх было 43 ўзнагароды). У агульнакамандным медальным заліку дамашніх Гульняў беларусы займаюць другое месца, саступаючы расіянам, у якіх 63 медалі (28, 15, 20). На трэцяй пазіцыі атлеты Грузіі - 22 (6, 6, 10).
Дар'я Лабажэвіч
Фота БелТА
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.