Вы тут

Тры спосабы атрымаць шэнгенскую візу


Пасярэднікі рыхтуюцца да чарговага «залатога» перыяду па продажы чаргі на падачу дакументаў у пасольствы.

У апошнія гады Беларусь упэўнена займае першае месца сярод краін Усходняга партнёрства па колькасці шэнгенскіх віз на душу насельніцтва. Часцей за ўсё людзі звяртаюцца па візу ў пасольствы суседніх краін — Літвы і Польшчы, але перш чым яна з'явіцца ў пашпарце, часам даводзіцца прайсці пару колаў пекла. Чаму так адбываецца і хто вінаваты?

Існуе некалькі спосабаў падрыхтоўкі і падачы хадайніцтва аб атрыманні візы. Разгледзім кожны з іх на прыкладзе літоўскага шэнгена.


Пасольства: з першых рук

Пакет дакументаў для падачы на шэнгенскую візу праз пасольства Літвы — адзін з самых простых. Трэба толькі ўважліва азнаёміцца з ім у адпаведным раздзеле сайту пасольства. Па вялікім рахунку, давядзецца паклапаціцца пра даведкі з месца працы і аб заробку. Самае цяжкое — запісацца на падачу дакументаў на сайце evas2. У 2018 годзе  250 000 беларусаў атрымалі літоўскія шэнгенскія візы, 40% з іх — непасрэдна ў пасольстве.

  • Плюсы. Супрацоўнікі консульскага аддзелу вельмі хутка працуюць. Больш за гадзіну ў чарзе ніхто не стаяў нават у тым выпадку, калі прыходзілі групы школьнікаў, якіх ахова прапускае па-за чаргой.
  • Мінусы. Іх няма. Праблема толькі ў тым, што беларускія фірмы-пасярэднікі, якія называюць сабе візавымі агенцтвамі, усялякімі спосабамі «перахопліваюць» час для запісу ў пасольства.
  • Цана пытання: Атрымліваем візу з першых рук, таму выплочваецца толькі консульскі збор у памеры 60 еўра.*

Візавы сэрвісны цэнтр Літвы: хутка запісацца, доўга здаваць дакументы

У Мінску Візавы сэрвісны цэнтр Літвы (ВСЦЛ) адкрыўся ў пачатку 2015 года. Цяпер такія цэнтры дзейнічаюць у Гомелі, Магілёве, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Гродне і Лідзе. Візавыя цэнтры працуюць не толькі ў Беларусі, але і іншых краінах, у якіх запатрабаваныя паслугі па адкрыцці віз. Прасцей кажучы, яны дапамагаюць пасольствам абслугоўваць вялікія патокі наведвальнікаў на стадыі прыёму дакументаў. Затым дакументы перадаюцца ў консульскія аддзелы, і толькі там прымаецца рашэнне па кожным заяўніку. З адкрыццём візавых цэнтраў па-за межамі Мінска ў жыхароў іншых рэгіёнаў з'явілася магчымасць падаць дакументы без наведвання сталіцы, дзе размешчаны пасольствы.

Запісацца ў ВСЦЛ не праблема, прычым дату можна выбраць у межах двух тыдняў. Пасля на мэйл заяўніка прыходзіць ліст-пацверджанне, а таксама напамін пра пералік дакументаў для розных катэгорый грамадзян (якія працуюць, прадпрымальнікаў, студэнтаў і іншых) і бланк згоды на апрацоўку персанальных дадзеных з узорам запаўнення. Для паскарэння працэсу падачы дакументаў прапануецца скласці іх у пэўным парадку. Пры наведванні візавага цэнтра заяўнік атрымлівае талон на электронную чаргу.

  • Плюсы. Па тэлефоне кол-цэнтра можна атрымаць вычарпальную кансультацыю па ўсіх пытаннях, нават самых наіўных. На сайце ВСЦЛ таксама нямала карыснай інфармацыі. У візавым цэнтры можна аформіць страхоўку і зрабіць фота для візы, зэканоміўшы час, не робячы ўсё гэта загадзя ў розных месцах. Напрыклад, тэрміновае фота на візу ў «Доме фота» абыйдзецца ў 8.75 руб., у візавым цэнтры — 9 руб. Статус пашпарту — ён знаходзіцца ў пасольстве ці ўжо гатовы — можна правяраць бясплатна ў рэжыме анлайн на сайце ВСЦЛ. Вельмі запатрабаваная паслуга па кур'ерскай дастаўцы пашпарту. Асабліва яна актуальная для немінчан, таму што больш выгадна заплаціць кур'еру, чым адпрошвацца з працы, несці выдаткі на дарогу.
  • Мінусы. За чатыры гады існавання візавы цэнтр не атрымаў ліцэнзіі на працу з наяўнай валютай. Яшчэ больш дзіўна, што там няма тэрміналу. Сярод недахопаў і час працы візавага цэнтру — з 09:00 да 17:00, у тым ліку кол-цэнтра. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў рэальнасці ён працуе да апошняга кліента.

У 2015 годзе візіт у ВСЦЛ доўжыўся паўгадзіны. Цяпер жа, нягледзячы на тое, што візавы цэнтр пераехаў у больш прасторнае памяшканне, давялося правесці там больш за тры гадзіны пры запісе на пэўны час. У гэтым нямала віны саміх наведвальнікаў. Напрыклад, пры мне жанчына доўга высвятляла адносіны, таму што не змагла адрозніць даведку аб дэпазіце ад выпіскі аб руху грашовых сродкаў і астатку на рахунку...

Яшчэ адна парачка заяўнікаў, прасядзеўшы тры гадзіны ў чарзе, не знайшла часу скласці дакументы ў патрэбным парадку, запоўніць згоду на апрацоўку персанальных дадзеных. А потым, вядома, яны з памылкамі запоўнілі гэты дакумент і перапісвалі. Праігнаравалі і патрабаванне мець пры сабе рэквізіты гатэля ў выпадку, калі анкету запаўняе спецыяліст ВСЦЛ. У выніку гэтыя заяўнікі прастаялі ля акенца каля гадзіны.

На сайце візавага цэнтра апублікаваныя правілы бяспекі. Чатыры гады таму яны выконваліся. Цяпер — поўная лібералізацыя, ахова глядзіць, каб быў ліст-пацверджанне запісу, але не ідэнтыфікуе заяўніка па пашпарце. Раней ніякіх сяброў і іншых суправаджальнікаў не прапускалі, акрамя выпадкаў, калі чалавек па аб'ектыўных прычынах меў патрэбу ў чыёйсьці дапамозе. Цяпер там назіраюцца заяўнікі з «групамі падтрымкі».

Раней ахова ВСЛЦ патрабавала адключыць мабільныя тэлефоны, гэта правіла па-ранейшаму ёсць на сайце. Але вы ўяўляеце чалавека, які вытрымае тры гадзіны чакання без тэлефона? Добра б — карысталіся месенджарамі, дык трэба ж пагаварыць... За тры гадзіны я даведалася пра шматлікія асабістыя і вытворчыя таямніцы маіх суседзяў у зале чакання. Ад манатоннага «бу–бу–бу» хацелася схавацца, але няма дзе.

Увогуле хацелася б, каб правілы бяспекі, прыведзеныя на сайце, альбо дзейнічалі, альбо былі актуалізаваныя.

Калі я забірала пашпарт (дарэчы, ён быў гатовы праз 10 дзён), ахова і ўвогуле не цікавілася, хто куды ідзе. Ля кожнага акенца прыёму дакументаў тоўпілася па 3-4 чалавекі. Каб забраць пашпарт, спатрэбілася хвілін сем.

У новым памяшканні на Бабруйскай, 6 ВСЦЛ працуе з красавіка, аднак па стане на 13 чэрвеня там няма ні ўказальнікаў, ні шыльды. Арыенцір — шыльда Польскага візавага сэрвіс-цэнтра.

  • Цана пытання: Консульскі збор — 60 еўра. Абавязковы мінімум ва ўсіх выпадках — сэрвісны збор у памеры 18 еўра, калі не здадзены біяметрычныя дадзеныя, то яшчэ 2 еўра. Мінімальная цана за пропуск у Еўропу — 78-80 еўра.

Таксама візавы цэнтр прапануе скарыстацца паслугай прэміум-абслугоўвання, што мае на ўвазе падачу дакументаў без чаргі, заплаціўшы дадаткова 25 рублёў за кожнага заяўніка. За 160 рублёў з чалавека можна падаць дакументы ў асобнай VIP–зале, дзе абслугоўвае персанальны менеджар, прапануюць каву, свежую прэсу.

Для тых, каму няма калі наведваць ВСЦЛ, прадастаўляюць паслугу мабільнага візавага цэнтра — спецыялісты прыедуць дадому або ў офіс, кошт за аднаго чалавека — 130 рублёў, плюс сэрвісны збор, аплата дарогі. Кур'ерская дастаўка пашпарта з візай — ад 12 рублёў. Пры неабходнасці спецыялісты ВСЦЛ надрукуюць вашу анкету за 11 рублёў.

Пасярэднікі: гульня на мяжы фолу

Пасярэднікі прапануюць комплекс паслуг: запіс у пасольства або візавы цэнтр, запаўненне анкеты, браніраванне гатэля. Кажуць, што самі мы не запоўнім правільна анкету, а калі запоўнім, то змарнуем паўтары гадзіны. Насамрэч спатрэбіцца паўгадзіны, да таго ж, сістэма не дазволіць надрукаваць няправільна запоўнены дакумент і падкажа, што трэба выправіць. Але трэба быць уважлівым, таму што калі памылка ў нумары пашпарту ці яшчэ якіх лічбах, на такія рэчы праграмнае забеспячэнне не рэагуе.

На браніраванне гатэля яны вылучаюць дзве гадзіны. Калі вы самі шукаеце гатэль, то выбар можа заняць і больш часу, уласна ж браніраванне — 5 хвілін. Да ўсяго, вы заўсёды можаце адмяніць яго, калі знайшлі лепшы варыянт.

Увогуле, пасярэднікі прапануюць за 3,5 гадзіны зэканомленага вашага часу заплаціць ім у сярэднім 60 рублёў. Каб стварыць уражанне, яны нагнятаюць страсці. У адной фірме мне тлумачылі, што «літоўцы любяць багатых, і калі ў вас на картцы менш за 1000 еўра, мульцівізы не атрымаеце». Больш сціплыя фірмы называюць лічбу ў 300 еўра. Праверана: інструкцыя пасольства аб наяўнасці 40 еўра на дзень знаходжання, з агаворкай, што пры хадайніцтве аб шматразовай візе, дастаткова сродкаў на першую паездку, дзейнічае.

Яшчэ ў адной фірме-пасярэдніку аказваюць наогул дзіўную паслугу: «Можам дапамагчы вам адкрыць і папоўніць карт-рахунак без візіту ў банк». Тэлефаную, удакладняю. Аказваецца, «мы адкрыем вам валютную картку, пакладзем свае грошы, вы замовіце выпіску, а потым мы гэтыя грошы здымем». Дарэчы, валютная картка не з'яўляецца абавязковай, можна карыстацца і намінаванай у беларускіх рублях, галоўнае, каб яна была міжнароднай. Выпіска, а тым больш даведка на фірменным бланку — гэта заробак для банкаў. Пасольства і, адпаведна, Візавы сэрвісны цэнтр Літвы прымаюць выпіску аб руху грашовых сродкаў на карт-рахунку, падрыхтаваную самастойна праз інтэрнэт-банкінг.

Картку сапраўды можна атрымаць без візіту ў банк, замовіўшы яе анлайн, але, як растлумачылі ў кантакт-цэнтрах двух банкаў, без прад'яўлення пашпарту ўладальніка карткі забраць яе немагчыма.

Гатэлі, карткі — гэта ўсяго толькі «гарнір» да асноўнай «стравы» –– запісу ў пасольства. Дарэчы, ёсць пасярэднікі, якія гатовыя прадаць толькі месца ў чарзе. У адной з фірм паабяцалі, што за 25 рублёў мяне запішуць на падачу дакументаў менавіта ў пасольства.

  • Плюсы. Іх няма. Вы нават не ведаеце, куды вас запішуць на падачу дакументаў — у пасольства ці ў візавы цэнтр. У апошнім выпадку вам прыйдзецца плаціць і пасярэдніку, і сэрвісны збор у ВСЦЛ.
  • Мінусы. Вялікае пытанне — як пасярэднікі распараджаюцца персанальнымі дадзенымі грамадзян. Як вам прапанова даслаць сканы неабходных дакументаў? Гэта значыць, без усялякіх абавязацельстваў са свайго боку пасярэднік атрымлівае дадзеныя вашага пашпарту, звесткі аб працы і зарплаце, мэйл і нумар тэлефона. Засталося толькі пакласці пад дыванок ключ ад кватэры...

Пасярэднікі ствараюць нездаровы ажыятаж вакол запісу ў пасольства. Па вялікім рахунку, яны шкодзяць іміджу краіны: з усімі гэтымі пасярэднікамі, пошукамі нейкіх абыходных шляхоў мы выглядаем затрымаўшыміся ў СССР, дзе ўсялякага кшталту дэфіцыт размяркоўвалі па знаёмстве. У сеткі пасярэднікаў трапляюць нават людзі старэйшыя за 60 гадоў, а тым часам пасольства  Літвы вызваліла іх ад электроннага запісу, і нават ахова дыппрадстаўніцтва прапускае ў консульскі аддзел па-за чаргой. Дарэчы, адна з фірмаў-пасярэднікаў прапануе «эксклюзіў» — «шэнген» для пенсіянераў.

  • Цана пытання: Консульскі збор — 60 еўра. Мінімальны кошт паслуг пасрэднікаў — 60 рублёў. Калі яны запішуць на падачу дакументаў праз пасольства, мінімальная цана складзе 60 еўра і 60 рублёў, калі праз ВСЦЛ –– 80 еўра і 60 рублёў. 

Як кошт візы паўплывае на запіс у пасольства

Ужо вядома, што Савет ЕС прыняў змены ў Візавы кодэкс. Праз паўгода пасля публікацыі дакумента ў Афіцыйным часопісе Еўрасаюзу яны ўступяць у сілу. З гэтага моманту кошт консульскага збору для грамадзян Беларусі павялічыцца да 80 еўра. Выкажам здагадку: публікацыя выйдзе 1 ліпеня, значыць, з 1 студзеня віза будзе каштаваць 80 еўра. Не выклікае сумненняў, што з першых дзён снежня будзе пікавая нагрузка на пасольства і візавы цэнтр — усе захочуць «ускочыць у апошні вагон».  

На палях саміту Усходняга партнёрства еўракамісар Ёханэс Хан заявіў, што пагадненне паміж Беларуссю і Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі практычна гатова. Яго словы пацвердзіў і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Аднак яшчэ неабходна дапрацаваць асобныя ўнутрыдзяржаўныя дакументы, і толькі тады можна дамаўляцца пра дату падпісання пагаднення, якое дазволіць знізіць кошт консульскага збору для беларусаў да 35 еўра. Па звыклай практыцы дакументы ўступяць у сілу праз пэўны час пасля падпісання. Сёння відавочна, што будзе нейкі перыяд, калі нам давядзецца плаціць за візу 80 еўра.

Таксама зразумела, што час павышанага попыту на візы — месяц да павышэння кошту консульскага збору і першыя тры-чатыры месяцы пасля яго зніжэння — будзе чарговым «залатым» перыядам для пасярэднікаў, якія фактычна хапаюць, а затым прадаюць чаргу на падачу дакументаў у пасольства і нават у візавы цэнтр.

  •  Карысныя парады
  • 1. Каб лягчэй было атрымаць візу ў «чысты» пашпарт, зрабіце ксеракопіі старых віз і прыкладзіце іх да стандартнага пакету дакументаў.
  • 2. Паводле дзейнага Візавага кодэксу ЕС, хадайніцтва на атрыманне візы можна падаваць за тры месяцы да вызначанай даты паездкі, таму не чакайце 1 снежня, каб атрымаць візу да Калядных вакацый.
  • 3. Уважліва чытайце інфармацыю на сайце пасольства і афіцыйнага візавага цэнтру.
  • 4. Не забывайцеся сачыць за тэрмінам дзеяння пашпарту: калі ён сапраўдны толькі на працягу паўгода, то візу больш чым на тры месяцы не адкрыюць.
  • 5. Вывучыце пералік льготаў, якія прадастаўляюцца пасольствамі і візавымі цэнтрамі. Напрыклад, амбасады Літвы і Польшчы бясплатна адкрываюць візы дзецям ва ўзросце да 12 гадоў, а пасольствы Латвіі і Італіі — бясплатна толькі да 6 гадоў, а з 6 да 12 — за 35 еўра. Візавы сэрвісны цэнтр Літвы бясплатна прымае дакументы на дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў, а ў візавых цэнтрах Польшчы і Латвіі такіх льготаў няма. А лаўкосты, напрыклад, у Італію, лятаюць і з Вільнюса, і з Рыгі.

* Усе цэны без кошту фота і страхоўкі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.