— На гэтым кніжным свяце мы генерыравалі ідэю спалучыць асветніцкую і гістарычную кнігу з інтарэсамі грамадства і чытача, спажыўца інфармацыі. Краязнаўчыя кнігі чытаюць больш. Аднак кніга патрабуе прапаганды і актыўнага прэзентавання, а гістарычная кніга — дык у першую чаргу, таму што складана грунтоўна і дасведчана расказваць пра яе, — міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ запэўніў, што толькі супольнымі намаганнямі розных структур гістарычная кніга будзе жыць і квітнець, а смелыя ініцыятывы змогуць рэалізавацца. Ён пажадаў выдавецтвам і літаратарам наладзіць стасункі з аўдыторыяй, а добрым і мудрым кнігам заняць годную нішу на айчынным і сусветным рынках.
Такое меркаванне стала лейтматывам «Кніжных сустрэч у Мірскім замку», якія ўпершыню зладзілі ў сценах старажытнай радзівілаўскай рэзідэнцыі спецыялісты выдавецкай галіны. Свае выданні ва ўнутраным дворыку замка прадстаўлялі выдавецтвы «Энцыклапедыкс», «Беларусь», Рамана Цымберава, «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Выдавецкі дом “Звязда”», «Народная асвета», «Мастацкая літаратура» і іншыя. Аўтары расказвалі пра свае творы са сцэны і ладзілі аўтограф-сесіі ды прэзентацыі. А прафесіяналы друкарскай справы правялі круглы стол «Гістарычная літаратура ў сучасным грамадстве».
Падчас сустрэчы яны разважалі пра ролю гістарычнай кнігі ў літаратурным працэсе і яе ўплыў на фарміраванне свядомасці сучаснікаў і нашчадкаў. Уздымалі тут і тэмы вывучэння гістарычнай праўды і яе падачы на старонках, разважалі над напрамкамі гістарычнай літаратуры як важнай стратэгіі развіцця грамадства.
— Усё, што звязана з развіццём грамадства, напрамую звязана з нашым разуменнем гісторыі. І нашы гістарычныя карані трэба шукаць у кнігах, — заўважыў намеснік міністра інфармацыі Ігар БУЗОЎСКІ, афіцыйна адкрываючы пасяджэнне.
Гісторык, археолаг і краязнаўца Ігар МАРЗАЛЮК падкрэсліў, што гістарычную літаратуру трэба папулярызаваць, і выказаў спадзяванні, што беларусы будуць чытаць больш, і перш за ўсё папяровай літаратуры.
Расійскі і беларускі пісьменнік Валерый КАЗАКОЎ заўважыў: — Тое, што ўнутры чалавека, трэба выпускаць за межы нашай аўдыторыі, бо, на жаль, шмат чаго згублена і ў моўнай справе, і ў гістарычнай, і ў духоўнай.
Максім ГАЛЬПЯРОВІЧ, галоўны рэдактар «Беларускага гістарычнага часопіса», паспрабаваў патлумачыць, чаму ў сённяшняй навуцы і адукацыі існуюць праблемы, і заўважыў, што ў публікацыях гістарычнай тэматыкі павінны быць архіўны і даследчыцкі падмурак:
— Праблема ў тым, што гісторыя Беларусі ў школах добра пачала вывучацца толькі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Яшчэ ў 60-х яна была на ўзроўні нейкіх факультатыўных заняткаў. Варта выбудаваць такую сістэму, зачаткі якой у нас ёсць, каб спачатку была навуковая літаратура, пасля навукова-папулярная, папулярна-навуковая, і толькі потым папулярная ці мастацкая. Праблема цікавасці да сваёй гісторыі ўва многім праяўляецца нават пры камунікацыі настаўнікаў з вучнямі. Пра Напалеона ці Пятра I школьнікі часта ведаюць больш, чым пра Францыска Скарыну ці Еўфрасінню Полацкую…
Сустрэцца з майстрамі-пісьменнікамі, паслухаць з першых вуснаў пра тое, як нараджаліся іх творы, даведацца, што хацеў сказаць той ці іншы герой, што мелася на ўвазе пад разнастайнымі алегорыямі і спрычыніцца тым самым да свету кнігі наведвальнікі замка маглі на працягу цэлага дня.
Пісьменніца Людміла РУБЛЕЎСКАЯ расказала пра новы том серыі сваіх кніг пра «Авантуры Пранціша Вырвіча» і крыху акрэсліла свой погляд на гістарычную літаратуру:
— Папулярызацыя гісторыі магчыма толькі агульнымі намаганннямі, з ахопам усіх сегментаў, датычных да гэтага: ад сур’ёзных гістарычных даследаванняў і манаграфій да анімацыі, якая таксама адказная за фарміраванне нацыянальных вобразаў. На жаль, нейкі пазнавальны вобраз нацыянальнага героя ў асяродку яго існавання дасюль размыты. Прэзентацыя дзвюх кніг Алеся Карлюкевіча выклікала хіба то не самую буйную цікавасць на сустрэчах. Адна з іх — «Роднымі сцяжынкамі» — гэта перавыданне кнігі «Старонкамі радзімазнаўства». У ёй два складнікі: мясціны, цікавыя аўтару, і людзі, якія нечым засведчылі сябе ў лёсе Беларусі. Другая кніга «Крыніцы святла» — выданне пра міжнародныя стасункі беларускай літаратуры, пра тое, з якімі прасторамі звязана творчасць нашых пісьменнікаў альбо якія літаратары прысутнічаюць у нашай краіне.
Тэму дзіцячай літаратуры сярод іншых прадставіла на сустрэчах сваімі інтэрактыўнымі расказамі «Не толькі пра гэта» і «Калі канчаюцца ладушкі», выдадзеныя ў «Народнай асвеце», пісьменніца Ліна БАГДАНАВА. Расказала аўтарка і пра свае дзве кнігі, надрукаваныя выдавецтвам «Беларусь»: прыгодніцкія раманы «Час завязваць з традыцыямі» і «Беласнегавыя 27 гномаў».
Пісьменнік Віктар ХУРСІК зрбіў экскурс па старонках твора «Vale! Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл». А Музей «Замкавы комплекс “Мір”» прадставіў свае навуковыя выданні з удзелам кандыдата гістарычных навук Аляксея ШАЛАНДЫ. Пра іншыя кнігі, якія выдаюцца непасрэдна музеем, расказаў Ігар ЛОЖАЧНІК, вучоны сакратар Замкавага комплексу «Мір», які адкрываў кніжныя сустрэчы залпам з гарматы.
Выдавецкая справа ў музеі пачыналася кнігамі Анатоля Федарука пра сядзібы Гродзеншчыны і Карэліцкага раёна, якія выходзілі ў выдавецтве «Беларусь». Друкаваліся і зборнікі канферэнцый, якія ў той час ладзіліся ў замку. Гэтую работу вырашылі вывесці на новы ўзровень, і ў лютым 2015-га атрымалі ліцэнзію ў якасці выдаўца і распаўсюджвальніка друкаваных выданняў.
— З таго часу ўсе абноўленыя версіі даведнікаў і кнігі выходзяць ужо з нашымі СБН. Першай спробай стала манаграфія аўтарскага калектыву «Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVI стагоддзях», прысвечаная першым уладальнікам. Аднак паколькі ў гісторыі Мірскага замка было шмат гаспадароў, мы заклалі цэлую серыю пра ўладальнікаў, якая ўнікальная для музеяў. Я не ведаю падобнага вопыту ў іншых музеях краіны. Гэта сімбіёз работы музея навуковай арганізацыі — інстытута гісторыі Акадэміі навук. Скончыць гэтую серыю мы мяркуем апошнімі ўладальнікамі — князямі Святаполк-Мірскімі.
У кожнай з кніг ёсць карта ўладанняў кожнага роду. З гэтых выданняў бяруцца матэрыялы, якія кладуцца ў аснову экскурсій і дапаўненняў у залы, якія маюць дачыненне да пэўных уладанняў. Дапамагаюць яны і пры рэканструкцыі гістарычных рэчаў.
Летась музей падрыхтаваў грант, які атрымаў развіццё у межах трансгранічнай праграмы Латвія — Літва — Беларусь. У яго межах заклалі закупку вертыкальных тачскрынаў, дзякуючы якім стануць інтэрактыўнымі краты ў кожнай зале. Фактычна ўся структура для загрузкі праграмнага забеспячэння ўжо амаль гатовая.
З 2015 года музеем агульным тыражом выдадзена ўжо 39 600 даведнікаў і кніг.
Мяркуючы па ўзроўні гасцей і цікавасці, якую праявілі да кніжнага свята наведвальнікі, арганізатары спадзяюцца, што першая сустрэча можа стаць штогадовай.
Падчас кніжных сустрэч пачала сваю працу і выстаўка «Вялікае кніжнае люстэрка». Назва яе невыпадковая і сімвалізуе абрэвіятуру ВКЛ — Вялікага Княства Літоўскага. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі адведзена Статуту ВКЛ 1588 года. Унікальны дакумент звычайна захоўваецца ў Музеі горада Магілёва, а ў Мірскім замку знаходзіцца яго факсімільнае выданне.
— Наш музей таксама набывае літаратуру мінулых стагоддзяў. З нашых фондаў на выстаўцы прадстаўлена Канстытуцыя Гродзенскага сейма 1678 года і кніга Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі», якая на лацінскай мове была выдадзена ў Амстэрдаме ў 1650-м, — расказала Вольга НАВІЦКАЯ, намеснік дырэктара па навукова-асветніцкай рабоце музея «Замкавы комплекс “Мір”».
Усяго там захоўваецца звыш трох тысяч такіх выданняў. Ёсць кнігі Марціна Лютэра і Мікалая Рэя, які з’яўляецца бацькам польскай літаратуры.
Асобнае месца ў экспазіцыі адведзена выстаўцы твораў беларускіх мастакоўграфікаў, якія працуюць у жанры экслібрыса.
— Экслібрыс — кніжны знак, які першапачаткова азначаў подпіс уладальніка кніжнай бібіліятэкі, але з цягам часу трансфармаваўся ў самастойны жанр, які цяпер з’яўляецца прадметам калекцыянавання, — расказала мастачка, якая працуе ў жанры літаграфіі, Вольга КРУПЯНКОВА.
— Гэта выстаўка нашчадкаў вялікай справы, якой займаўся Францыск Скарына. Мы дагэтуль выкарыстоўваем тыя ж тэхнікі, як і пяць стагоддзяў таму. Кніга заўжды была звязана з друкаванымі формамі. Работы, якія вы бачыце на сценах, гэта афорты, гравюры, ксілаграфіі, літаграфіі. Гэта толькі малая частка таго, што мастакі цяпер робяць у Беларусі, і ўзровень гэты даволі высокі, — адзначыў мастак-ілюстратар Раман СУСТАЎ.
А Таццяна СІПЛЕВІЧ, член Беларускага саюза мастакоў, заўважыла:
— Захаваннем былых тэхнік у краіне займаюцца пакуль толькі некалькі апантаных асоб, і вельмі хацелася б, каб дзяржава звярнула ўвагу і падтрымлівала друкарскія мастэрні, бо без іх мы не зможам працаваць.
Ірына СІДАРОК
Фота Андрэя САЗОНАВА
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.