У 1966 годзе органамі дзяржбяспекі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі былі перададзены ў КДБ БССР атрыманыя з Украіны фотакопіі трафейных нямецкіх дакументаў аб карнай аперацыі супраць беларускіх партызан, якая праводзілася ў жніўні — верасні 1942 г. пад умоўнай назвай «Балотная ліхаманка».
Згадвалася, што ў адным з партызанскіх лагераў у раёне Смалявічаў немцы знайшлі 14 малюнкаў, сярод якіх — партрэты камісара і начальніка штаба партызанскага атрада. Па гэтых малюнках народных мсціўцаў нібыта апазналі сярод захопленых партызан і расстралялі.
На іншых малюнках адлюстраваны эпізоды з жыцця атрада.
Як бачна з надпісаў на малюнках, яны былі напісаныя партызанам-мастаком Леанідам Бойкам. На двух з іх намаляваны камісар партызанскага атрада «Разгром», сакратар Мінскага падпольнага міжрайкама КП(б)Б Іван Лявонавіч Сацункевіч і начальнік штаба атрада Мікалай Аляксеевіч Радзін. Атрад дзейнічаў у Чэрвеньскім і Смалявіцкім раёнах.
Пасля гэтага камісара Івана Сацункевіча, які ў 1966 годзе пражываў у Мінску, запрасілі ў КДБ БССР, дзе ён даў тлумачэнні па гэтай гісторыі і пацвердзіў, што сапраўды, у ходзе баёў з карнай экспедыцыяй праціўніка загінула сем байцоў партызанскага атрада «Разгром». Ніхто з партызан, у тым ліку і камісар, захопленыя ў палон не былі, хаця лагер давялося вельмі хутка пакінуць. Таму Сацункевіч канстатаваў, што «прыведзеныя ў нямецкай справаздачы звесткі аб захопе і расстрэле партызанскіх кіраўнікоў з’яўляюцца выдуманымі».
Далей Іван Лявонавіч растлумачыў, што ў 1942 годзе ў Маскву паслалі спецыяльную групу з чатырох партызан са справаздачай аб баявой дзейнасці атрада і з малюнкамі Леаніда Бойкі для Камісіі па гісторыі Айчыннай вайны, якая была створана пры ЦК КП(б)Б. Два чалавекі, у тым ліку і начальнік штаба атрада Мікалай Радзін, выйшлі за лінію фронту і вусна далажылі ў Беларускім штабе партызанскага руху аб дзейнасці атрада. Адначасова Радзін паведаміў, што падчас руху па нямецкіх тылах на іх групу напалі немцы і ў баі двое партызан хутчэй за ўсё загінулі (лёс невядомы). У аднаго з іх знаходзіліся справаздача і малюнкі Бойкі. Не выключана, патлумачыў былы камісар, што дакументы захапілі ворагі.
Але Сацункевіч чамусьці не звярнуў увагі на той факт, што яго прозвішча было памылкова скажона аўтарам малюнка. Пад яго партрэтам значыцца не Сацункевіч, а Сасункевіч. У атрадзе «Разгром» у гэты час камісарам быў Іван Лявонавіч Сацункевіч, а начальнікам штаба замест Мікалая Радзіна стаў Канстанцін Сцяпанавіч Сасункевіч...
У ліпені 1942 года ў Маскве пры ЦК КП(б)Б была створана Камісія па гісторыі Айчыннай вайны, якая пачала збор матэрыялаў па гісторыі партызанскай барацьбы, гераічных подзвігах воінаў-беларусаў на франтах, працаўніках савецкага тылу. У камісію пачалі паступаць з партызанскіх брыгад і атрадаў дакументальныя і рэчавыя сведчанні барацьбы беларускага народа з акупантамі.
Адным з першых адгукнуўся на гэты заклік кіраўніцтва рэспублікі мастак-партызан Леанід Бойка. У маі 1943 года камандаваннем атрада ў Маскву была накіравана самалётам пасылка з малюнкамі, напісанымі ім у тыле ворага.
Пасля вызвалення Беларусі Леанід Бойка пераехаў у Мінск. Працаваў у рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия», загадчыкам мастацкага аддзела рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», адначасова браў удзел у афармленні першай экспазіцыі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і перадаў музею 36 мастацкіх замалёвак, створаных у партызанскім атрадзе.
У 1954 году Леанід Бойка пераехаў у Кіеў, працаваў мастаком у рэдакцыі ўкраінскага сатырычнага часопіса «Перець» і выдавецтве «Радзяньска Украіна». У канцы 1980-х гадоў пераехаў з сям’ёй у Ізраіль.
Генадзь БАРКУН
Малюнак Леаніда БОЙКІ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.