Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Вашы поспехі i дасягненні ствараюць нашу гісторыю


Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды. Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Незалежнасці.


«Сёння мы з вамі сустракаемся напярэдадні нашага галоўнага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці. Я з задавальненнем вітаю вас — таленавітых, працавітых, адданых сваёй справе прафесіяналаў, — адзначыў беларускі лідар. — Людзей, чые поспехі і дасягненні ствараюць нашу гісторыю. Аб’ядноўваюць народ у пачуцці гонару за сваіх суайчыннікаў. Фармуюць імідж краіны — моцнай, паспяховай, стваральнай і абавязкова прыгожай».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў гэтыя дні мы адзначаем знакавую падзею — 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паводле слоў беларускага лідара, успамінаючы вялікі подзвіг народа-пераможцы, які падарыў нам будучыню, мы асабліва ўсведамляем адказнасць за тое, якім яна будзе ў нашых дзяцей і ўнукаў.

«Кожны наш дзень павінен быць пражыты дзеля важнай мэты — абараніць свет, за які аддавалі жыцці ў гады Вялікай Айчыннай, і захаваць працоўныя традыцыі пасляваеннага пакалення, — сказаў Прэзідэнт. — Гэтыя традыцыі працягваюцца ў нашых поспехах і дасягненнях».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на ўрачыстай цырымоніі прысутнічаюць прадстаўнікі самых розных прафесій, але ўсіх аб’ядноўвае шчырае імкненне працаваць у імя роднай Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў супрацоўнікам праваахоўных органаў, сілавых ведамстваў, воінам-інтэрнацыяналістам за вернасць абавязку і адданасць Айчыне, за праяўленыя ў службе смеласць і мужнасць. Ён падкрэсліў: іх патрыятызм — найлепшы прыклад для падрастаючага пакалення.

«Мы таксама ўшаноўваем работнікаў аграрнай галіны за дасягненні ў мінулым годзе. Няхай і цяперашні, няпросты з пункту гледжання ўмоў надвор’я, год будзе рэзультатыўным і ўмацуе нашу харчовую бяспеку. Дзякуй за вашу напружаную і важную для краіны працу», — сказаў беларускі лідар.

  • Сярод узнагароджаных — супрацоўнікі кампаній «Белавія», «Беларуськалій», «Мапід», «Марка» — прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца сапраўднымі брэндамі Беларусі, вядомымі далёка за яе межамі. Прэзідэнт адзначыў, што яму прыемна бачыць у зале работнікаў аховы здароўя, навукі і адукацыі — лепшых спецыялістаў у сваёй галіне.
  • Высокіх узнагарод удастоены дзеячы культуры і мастацтва. Звяртаючыся да іх, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сваёй творчасцю яны робяць наша жыццё ярчэй і духоўна багацей, што яны нядаўна прадэманстравалі пры адкрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў.

У зале прысутнічалі спартсмены і трэнеры — на думку кіраўніка дзяржавы, самыя папулярныя сёння ў краіне людзі. Паводле яго слоў, II Еўрапейскія гульні дораць нам нямала яскравых перамог, і ў краіне ганарацца поспехамі нашых суайчыннікаў і чакаюць новых медалёў кожны дзень.

«Дасягненні кожнага з вас, працавітасць і дысцыпліна — галоўныя ўмовы эканамічнага дабрабыту краіны, яе незалежнасці. Дзякуй вам за адданасць справе, адказнасць і высокія вынікі ў прафесійнай дзейнасці», — заявіў беларускі лідар.

Каго ўзнагародзілі?

За шматгадовую пленную працу, высокі прафесіяналізм і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, выключныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы і будаўнічай галіне, значны асабісты ўклад у развіцце прамысловасці, сферы сацыяльнай абароны насельніцтва, навукі, адукацыі, культуры і спорту Прэзідэнт узнагародзіў: 

  • Ордэнам «За службу Радзіме» III ступені — Юрыя Альшэўскага, Віктара Букасава, Дзмітрыя Гару.
  • Ордэнам Пашаны — Алега Бурака, Міхаіла Жукевіча, Анатолія Карпіцкага, Сяргея Кацілу, Паўла Крэса, Сяргея Лазбекіна, Міхаіла Левакова, Зянона Лоўкіса, Мікалая Мартынава, Вісарыёна Нама, Васілія Неўмержыцкага, Сяргея Паціюка, Мікалая Рубаху і Паўла Шэцько.
  • Ордэнам Францыска Скарыны — Анатоля Аўруціна.
  • Акрамя таго, ганаровае званне «Народны артыст Беларусі» было прысвоена Ірыне Яромкінай, званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь» — Уладзіміру Борматаву, Канстанціну Героніку і Ксеніі Пагарэлай.
  • Ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь» было прысвоена Алегу Жугжду і Мікалаю Падаляку, «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь» — Мікалаю Мятліцкаму і Уладзіміру Шчарбіну.
  • Ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь» было прысовена Сяргею Кіліну, «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» — Васілю Голубеву, Анатолію Осіпаву, Анатолю Савенку, Яўгеніі Трылінскай і Уладзіміру Янчуку.
  • Аляксандр Бобыраў атрымаў званне «Заслужаны работнік сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь», Мікалай Раўбель — званне «Заслужаны лесавод Рэспублікі Беларусь», Аляксандр Дубаў — «Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь» і Ігар Каржоў — «Заслужаны работнік органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь».
  • Званне «Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь» атрымаў Уладзімір Котаў, «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь» — Анатолій Анюхоўскі, «Заслужаны работнік транспарту Рэспублікі Беларусь» — Мікалай Пінчук.
  • Ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» было прысвоена Уладзіславу Андрэеву, Дзмітрыю Варацу і Андрэю Хамёнку, званне «Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь» — Ігару Варанько, Юрыю Купрацэвічу і Вользе Уласавай.

З першых вуснаў

Размаўляючы з журналістамі, узнагарожданы ордэнам Пашаны генеральны дырэктар холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка» Мікалай Мартынаў адзначыў, што сёння яго кампанія — гэта вялікі холдынг — і не толькі па беларускіх мерках. Сёння тут працуе амаль пяць тысяч чалавек. Гэты год для «Марка» ён назваў цяжкім і цікавым, паколькі запланаваны выхад на ўсе вытворчыя магутнасці.

«Вельмі прыемна, што да Дня Незалежнасці ёсць усведамленне — мы датычныя да стварэння нашай краіны, менавіта незалежнай, самастойнай. Напэўна, гэта сімвалічна, бо Беларусь не багатая на прыродныя рэсурсы, а багатая людзьмі, якія могуць рабіць справу», — адзначыў Мікалай Мартынаў.

Наколькі цяжка прарывацца «Марка» на замежныя рынкі? Генеральны дырэктар холдынгу адзначыў, што рынак мяняецца, яго трэба старанна адсочваць, бо тэндэнцыі ў модзе вельмі рухомыя. На шчасце, сёння гэта рабіць значна прасцей, бо ёсць інтэрнэт.

У чым сакрэт поспеху прадпрыемства? Мікалай Мартынаў звярнуў увагу, што ў нашай краіне на заканадаўчым узроўні створаны ўсе ўмовы для вядзення і развіцця бізнесу. Акрамя таго, ён адзначыў, што вялікае значэнне маюць кваліфікаваныя рабочыя кадры, якія ўмеюць вучыцца і могуць хутка перабудоўвацца пад новыя трэнды. «А далей — працаваць трэба, думаць трэба», — з усмешкай дадаў ён.

Узнагарожданая ганаровым званнем «Народны артыст Беларусі» Ірына Яромкіна — артыст балета (саліст) Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета — распавяла журналістам, што атрыманае званне — гэта вельмі высокая ўзнагарода. «Калісьці, калі я толькі пачынала танцаваць, я пра гэта нават не марыла», — сказала яна.

Аб атрыманні высокай узнагароды Ірына Яромкіна даведалася на гастролях у Мексіцы, ёй патэлефанаваў дырэктар тэатра і паведаміў, што ўказ падпісаны. З-за розніцы ў часе — у Беларусі быў дзень, там была ноч — балярына спрасонку не паверыла ў гэта, а потым і зусім заснула.

«А раніцай, калі я расплюшчыла вочы, мне падалося, што гэта прыснілася», — сказала балярына.

Яна адзначыла, што сёння беларускі балет гастралюе па свеце — у тым ліку па краінах, дзе такое мастацтва не вельмі вядома. «Мы стараемся пазнаёміць гэтых гледачоў менавіта з балетам, і ў нас з’явіліся гэтыя магчымасці. Раскрываюцца мяжы — больш шырокія тэрыторыі мы цяпер займаем», — сказала Ірына Яромкіна і прывяла ў прыклад тую ж Мексіку, Кітай, Карэю.

Яна звярнула ўвагу, што балет пастаянна развіваецца — гэта тычыцца і нашай краіны. «Наш беларускі балет ні ў чым не саступае», — падкрэсліла балерына.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».