Вы тут

Як будзе развівацца дарожная сетка Беларусі


У нашых найбліжэйшых суседзяў з Расіі і Украіны ў большасці сваёй склалася меркаванне аб тым, што дарогі ў нашай краіне высокай якасці, а нашы аўтатрасы яны ставяць у прыклад сваім чыноўнікам. Больш сумная сітуацыя — з мясцовымі дарогамі. Тут нават статыстыкі не трэба прыводзіць, дастаткова самастойна выехаць за межы горада або пагаварыць з жыхарамі глыбінкі.


У сярэдзіне рэйтынга

За апошнія 20 гадоў працягласць дарог Беларусі павялічылася ў 1,6 раза, а колькасць транспартных сродкаў — у тры. Пры гэтым фінансавыя сродкі, якія выдзяляюцца на рэканструкцыю і будаўніцтва дарог, наадварот, зменшыліся ў 1,5 раза (без уліку крэдытных сродкаў).

Паводле інфармацыі Міністэрства транспарту і камунікацый, на 1 студзеня 2019 года сетка аўтамабільных дарог агульнага карыстання ў краіне склала каля 87 тысяч кіламетраў. Да рэспубліканскіх аўтамабільных дарог адносяць амаль 16 тысяч кіламетраў, да мясцовых — крыху больш за 71 тысячу кіламетраў.

Пры гэтым шчыльнасць загарадных дарог з цвёрдым пакрыццём пакуль даволі нізкая — 337 кіламетраў на 1 тысячу квадратных кіламетраў тэрыторыі. Для параўнання: у заходнееўрапейскіх краінах з развітой сеткай аўтамабільных дарог гэты паказчык роўны ў сярэднім 906 кіламетраў на тысячу «квадратаў». Па даных розных даследаванняў, наша краіна нязменна аказваецца ў сярэдзіне рэйтынга краін па якасці дарог. Пры гэтым наша транспартная сетка лепшая, чым у суседзяў з Расіі і Украіны, што пацвярджаюць не толькі эксперты, але і простыя вандроўнікі. Аднак да лідараў рэйтынга ў ААЭ, Сінгапура, Швейцарыі, Ганконга, Нідэрландаў і нават суседніх Літвы і Польшчы нам пакуль далёка.

— Кожны год мы бачым, як сціскаецца наш дарожны фонд, — адзначае старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Андрэй РЫБАК. — Абмяркоўвалі ў Мінтрансе, што трэба пераразмеркаваць бюджэт паміж рэспубліканскімі і мясцовымі дарогамі. Трэба павялічваць дарожны фонд, у тым ліку яго крыніцы.

Цяпер дарожны фонд папаўняецца перш за ўсё з так званага дарожнага падатку, які плаціць аўтаўладальнік разам з праходжаннем тэхагляду. Але з-за адсутнасці жадання яго выплаты многія кіроўцы перасталі праходзіць тэхагляд. Ужо даўно кажуць пра адвязку «дарожнага падатку» ад тэхагляду і аб новых метадах кантролю выплаты, аднак канкрэтыкі ў гэтым пытанні няма і сёння.

Адзін да пяці

У нашай краіне скарэктавана Дзяржаўная праграма па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог на 2017—2020 гады. Адпаведную пастанову падпісаў Савет Міністраў.

Мэтай Дзяржаўнай праграмы з'яўляецца паляпшэнне якасных паказчыкаў аўтамабільных дарог агульнага карыстання. Згодна з дакументам, праграма складаецца з двух раздзелаў, дзе падзелена фінансаванне рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог. Усяго на дарожную гаспадарку краіны плануюць выдзеліць пяць мільярдаў 411 мільёнаў рублёў.

На развіццё і ўтрыманне рэспубліканскіх аўтамабільных дарог пойдзе чатыры мільярды рублёў. Не менш за 10 % сродкаў будзе накіравана на ўтрыманне мастоў і пуцеправодаў. Праграмай прадугледжаны рэканструкцыя і ўзвядзенне 415,9 кіламетра рэспубліканскіх аўтамабільных дарог, у тым ліку 276,2 кіламетра дарог па параметрах І катэгорыі з давядзеннем іх да міжнародных стандартаў. Прадугледжваецца павялічыць хуткасны рэжым на працягу не менш як 1617 кіламетраў рэспубліканскіх аўтамабільных дарог.

Акрамя таго, Дзяржаўнай праграмай прадугледжана пашырэнне сеткі платных аўтамабільных дарог. Будзе ўведзена плата за праезд транспартных сродкаў на ўсім працягу дарогі М6/Е28 Мінск—Гродна—мяжа Польшчы (Брузгі) пасля яе рэканструкцыі і на ўчастку дарогі Р28 Мінск—Маладзечна—Нарач. Да 2021 года працягласць платных аўтамабільных дарог складзе 1786 кіламетраў.

На рэканструкцыю, рамонт і ўтрыманне мясцовых аўтамабільных дарог плануюць выдзеліць 1,4 мільярда рублёў. Гэтыя сродкі пойдуць у тым ліку на рамонт і рэканструкцыю не менш як сем тысяч кіламетраў мясцовых аўтамабільных дарог. Запланавана правесці бягучы рамонт 6 тысяч 384 км дарог, капітальны рамонт — 581,3 кіламетра дарог, рэканструкцыю і будаўніцтва — 34 кіламетраў дарог.

Таксама будуць адрамантаваныя 1 тысяча 589 пагонных метраў мастоў і пуцеправодаў, праведзены капрамонт 627,6 пагоннага метра мастоў і пуцеправодаў, прадугледжваецца рэканструяваць і ўзвесці 718,3 пагоннага метра мастоў і пуцеправодаў.

Амаль чатыры мільёны — на раён

Усяго плануецца выдзеліць сёлета на рамонт і ўтрыманне мясцовых дарог і вуліц у Баранавіцкім раёне 3,9 мільёна рублёў. З іх 2,3 мільёна рублёў выдзеляць на рамонт дарог, 1,1 мільёна рублёў на іх утрыманне (ямачны рамонт, падсыпка, грэйдзіраванне), а 422,3 тысячы рублёў на ўтрыманне і рамонт вуліц у сельскіх населеных пунктах.

Працягласць сеткі мясцовых аўтамабільных дарог у Баранавіцкім раёне складае 675 кіламетраў, з іх 449 кіламетраў — асфальтабетонныя.

Плануецца заасфальтаваць гравійны ўчастак дарогі ў 0,5 кіламетра па вёсцы Альсевічы і пад'езд да вёскі Гінцавічы працягласцю ў адзін кіламетр. Новае пакрыццё пакладуць на шасці ўчастках асфальтабетонных дарог агульнай працягласцю 13,7 кіламетра. Акрамя гэтага, абновяць дзве дарогі з гравійным пакрыццём, якія злучаюць аграгарадок Арабаўшчына з вёскай Станкевічы, а таксама паміж населенымі пунктамі Лясная, Гута і Уцёс. Дадаткова ў 2019 годзе плануецца пакласці асфальт на участках вуліц Садовая і Сонечная ў вёсцы Русіно.

У Мінску створаць «цёплую» дарогу

Дарожнае пакрыццё з падагрэвам на плошчы Перамогі плануюць зрабіць мінскія дарожнікі. Пра гэта паведаміў дырэктар «Гаррамаўтадара» Мінгарвыканкама Дзяніс ГЛІНСКІ.

Да 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне (да 9 мая 2020 года) аднайменную плошчу чакае сур'ёзны рамонт. Сярод планаў дарожнікаў — зрабіць на плошчы падагрэў дарожнага пакрыцця. Як менавіта будзе ажыццёўлены гэты праект, дырэктар «Гаррамаўтадара» пакуль не змог адказаць, толькі дадаў, што ў найбліжэйшы час праекціроўшчыкі зоймуцца распрацоўкай пытання, «можа быць, падагрэў ад Вечнага агню неяк прыдумаюць». Сёлета спецыялісты павінны прыступіць да распрацоўкі праекта, а ў наступным годзе пачнецца яго рэалізацыя.

Дакрычацца да «нябёсаў»

Аўтамабілісты збіраюць подпісы супраць пасыпання дарог шчэбенем у якасці рамонту. Яны просяць спыніць пасыпаць дарогі друзам замест іх паўнавартаснага рамонту ў петыцыі, якая нядаўна з'явілася ў сеціве. У тых, хто падпісаўся, ёсць свае аргументы. Пасыпанне шчэбенем вядзе да пашкоджання транспартных сродкаў, бо камяні нават пры невялікай хуткасці руху транспартнага сродку рыкашэцяць, псуюць кузаў з-за сколаў, увагнутасцяў, драпін на фарбе, таксама трапляюць у лабавое шкло, што прыводзіць да расколін і неабходнасці іх замены.

«Таксама немалаважным лічым, што камяні, якія вылятаюць з-пад колаў, трапляюць на абочыну і могуць траўмаваць там пешаходаў і веласіпедыстаў, — гаворыцца ў звароце. — На гэтыя дзеянні па «рамонце дарог» вылучаюцца немалыя сродкі, у тым ліку і з дарожнага збору, які выплачваюць усе ўладальнікі транспартных сродкаў, пры гэтым паляпшэння якасці дарожнага пакрыцця не адбываецца».

А як у іх?

Цікавы вопыт фінаў. У іх няма ямачнага рамонту. Яны не латаюць участкі, а перакладаюць асфальт цалкам. І яшчэ адзін моцны бок — пашпартызацыя дарог. У Фінляндыі дакладна ведаюць, якая канструкцыя той ці іншай дарожнай «вопраткі», яе пругкасць і трываласць. Уся гэтая інфармацыя захоўваецца ў дзяржаўнай камп'ютарнай базе. Спецыялісты, якія складаюць планы работ, могуць у гэтай базе даведацца, калі быў пабудаваны дарожны ўчастак, у якім годзе ён апошні раз рамантаваўся і які яго знос. Нам бы таксама такі сур'ёзны падыход не перашкодзіў бы.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?