Вы тут

Што адбылося за тыдзень у Савеце Рэспублікі


Супрацоўніцтва рэгіёнаў, міжпарламенцкі дыялог і ўдзел у глабальнай ініцыятыве «Адзін пояс, адзін шлях»

Гэтыя тэмы сталі асноўнымі для абмеркавання на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча з дэлегацыяй бундэстага ФРГ, якая прайшла на мінулым тыдні.


На думку спікера верхняй палаты беларускага парламента, у краін склаліся добрыя двухбаковыя адносіны, але патэнцыял значна шырэйшы, чым дасягнуты на сённяшні дзень. У чым крыюцца рэзервы? Як падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч, неабходна па лініі парламентаў даць пазітыўныя сігналы бізнесу, каб прамысловая кааперацыя ў розных сваіх формах развівалася больш актыўна.

— Сёння ў Беларусі працуе каля 300 прадпрыемстваў з германскім капіталам, але буйных кампаній нямнога. Мы з вамі ўжо пачалі абмяркоўваць адзін з праектаў, але іх павінна быць шмат, — звярнуўся спікер верхняй палаты да кіраўніка германа-беларускай парламенцкай групы дружбы, члена камітэта бундэстага па эканоміцы і энергетыцы Марка Хаўптмана.

Той, у сваю чаргу, выказаў салідарнасць, адзначыўшы, што супрацоўніцтва неабходна інтэнсіфікаваць:

— У прыватнасці, гаворка ідзе аб нямецкіх інвестыцыях у Беларусь, я маю на ўвазе і тэхналагічныя, і эканамічныя паркі. Мы таксама зацікаўлены, каб інвестыцыі павялічваліся, але і ў тым ліку з мэтай аблягчэння шляху для беларускіх кампаній у плане экспарту і выхаду на еўрапейскі рынак, — удакладніў ён.

Дарэчы, Германія традыцыйна ўваходзіць у пяцёрку краін — найбольш буйных інвестараў у эканоміку Беларусі. Летась з Германіі прыцягнута інвестыцый на суму 363 мільёны долараў.

Адну з ініцыятыў на сустрэчы абмеркавалі больш дэталёва, гаворка ідзе аб глабальнай ініцыятыве Кітая «Адзін пояс, адзін шлях», па якой бакі маюць падобныя пазіцыі. У праекце задзейнічаны найбуйнейшы ў свеце ўнутраны порт у горадзе Дуйсбургу, якім кіруе нямецкая кампанія Duіsburger Hafen, адзін з акцыянераў СЗАТ «Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка (кіруючая кампанія Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень»). Нямецкі бок бачыць удзел нашай краіны ў тым, каб таварапатокі ў порт ішлі праз Беларусь.

Вялікую цікавасць уяўляе ІТ-сфера. Кіраўнік дэлегацыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта «МС», адзначыў, што ёсць зацікаўленасць у пашырэнні супрацоўніцтва з ПВТ, у тым ліку па прынцыпе аўтсорсінгу і перадачы заказаў, паколькі тут ёсць інфраструктура і падрыхтаваныя спецыялісты.

Яшчэ адзін кірунак, якому, на думку Міхаіла Мясніковіча, неабходна аддаць больш увагі, — міжрэгіянальнае супрацоўніцтва.

— Германія — вялікая краіна, і яе землі маюць дастаткова сур'ёзны патэнцыял. Можна было б актывізаваць супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў Беларусі і зямель Германіі, — перакананы ён. — Ну і, безумоўна, нам трэба актывізаваць міжпарламенцкія кантакты, каб яны сталі рэгулярнымі, і гэта будзе добрым сігналам бізнесу.

Марк Хаўптман падтрымаў ідэю, звярнуўшы ўвагу на магчымасць супрацоўніцтва рэгіёнаў, у тым ліку і на аснове маладзёжных праектаў. Ён перакананы: у гэтым сэнсе ёсць шмат сфер, дзе бакі маглі б паглыбіць і развіваць адносіны.

Вольга АНУФРЫЕВА


Якасныя лекі па даступных цэнах

Індыйскі інвестар паспяхова развівае фармбізнес у Беларусі і пазітыўна ацэньвае далейшыя перспектывы

Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны па супрацоўніцтве з Індыяй Міхаіл Мясніковіч абмеркаваў з генеральным дырэктарам буйной індыйскай кампаніі «Натка Фарма Лімітэд» Раджывам Нанапанэні перспектывы далейшага супрацоўніцтва.

Як паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі, кампанія з'яўляецца сузаснавальнікам СТАА «Націвіта», якая стварае ў гарпасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці ўнікальную вытворчасць лекавых прэпаратаў для лячэння анкалагічных захворванняў. Гэта новы кірунак у фармацэўтычнай прамысловасці, які адпавядае сусветным трэндам, — біятэхналагічная вытворчасць на аснове монакланальных антыцел. У праекце ўдзельнічае міжнародны склад заснавальнікаў: кампаніі Беларусі, Індыі, Славакіі, Літвы. У будаўніцтва фармацэўтычнага завода ўжо інвеставана 15 мільёнаў долараў, стадыю рэгістрацыі прайшлі 22 лекавыя прэпараты. Укладанні, між іншым, працягнуцца: у развіццё вытворчасці плануецца дадаткова накіраваць каля 10 мільёнаў долараў.

Як паведаміў падчас сустрэчы старшыня Савета дырэктараў, выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара СААТ «Націвіта» Аляксей Сычоў, агульны аб'ём рэалізацыі прадукцыі летась склаў 17 мільёнаў долараў, у 2019 годзе — чакаецца ў памеры каля 28 мільёнаў. Надалей кампанія плануе штогод засвойваць па поўным цыкле не менш як сем лекавых сродкаў. Гаворка ідзе не толькі аб вытворчасці генерыкаў, але і аб распрацоўцы ўласных арыгінальных прэпаратаў. Для гэтага будзе створаны комплекс сучасных лабараторый для распрацоўкі лекавых сродкаў, а таксама кантролю іх якасці.

Глыбокая лакалізацыя і вытворчасць лекаў па поўным цыкле стварае добрыя магчымасці і для развіцця экспарту. Чакаецца, што ў 2019 годзе на знешнія рынкі завод будзе пастаўляць прадукцыі на 7,7 мільёна долараў.

— Пытанні лекавага забеспячэння з'яўляюцца прыярытэтнымі для эканомікі нашай краіны. Мы зацікаўленыя ў тым, каб сумесна з індыйскімі інвестарамі вырабляць шырокую наменклатуру лекавых прэпаратаў, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. — Беларусь у гэтым плане добрая пляцоўка і для выхаду на рынак краін Еўразійскага эканамічнага саюза.

У сваю чаргу Раджыў Нанапанэні адзначыў высокі ўзровень рэалізацыі праекта і выказаў упэўненасць у далейшым паспяховым супрацоўніцтве з Беларуссю. Ён падкрэсліў, што «Натка Фарма Лімітэд» з'яўляецца адным з сусветных лідараў па вытворчасці прэпаратаў для лячэння анкалагічных захворванняў і вядучым вытворцам у гэтым сегменце ў Індыі.

— Я ўпэўнены, што мы можам забяспечыць Беларусь прэпаратамі высокай якасці па даступных цэнах. Мы рады развіваць тут свой бізнес і пазітыўна ацэньваем далейшыя перспектывы, — падкрэсліў ён.

Дарэчы, у Беларусі рэалізуюцца тры інвестыцыйныя праекты з індыйскімі фармацэўтычнымі кампаніямі — у Бешанковічах Віцебскай вобласці, Скідзелі Гродзенскай вобласці і Калядзічах Мінскай вобласці.

Фота sovrep.gov.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.