Вы тут

Цікавыя факты пра фільм «Прыгоды Электроніка»


Геніяльны вучоны стварае высокатэхналагічнага робата Электроніка — з выгляду адзін у адзін звычайнага хлопчыка, які валодае неверагодным наборам здольнасцяў: можа падняць самы цяжкі груз і выканаць песню голасам любога артыста, рашыць складаную задачу па матэматыцы і прафесійна намаляваць карціну. Не дзіва, што прататып робата, школьнік Сяргей Сыраежкін, вырашае на пэўны час падмяніць сябе кіберхлопчыкам. І ўсё магло б атрымацца, але андроід патрэбны злачынцам, каб здзейсніць крадзеж стагоддзя... 40 гадоў таму рэжысёр Канстанцін Бромберг і пісьменнік Яўген Вялцістаў падарылі мільёнам савецкіх дзяцей музычны фільм «Прыгоды Электроніка», які з моманту прэм'еры і дагэтуль уваходзіць у Расіі ў сотню самых папулярных фільмаў усіх часоў.


Насамрэч першая аповесць пра хлопчыка-робата Электроніка з'явілася яшчэ раней, у 1964-м, калі тэма робататэхнікі была асабліва моднай. На час экранізацыі выйшла ўжо тры аповесці, але яны сталі толькі асновай кінастужкі.

Фільм здымалі ў Адэсе і Вільнюсе, хоць па сюжэце падзеі разгортваюцца ў Маскве. Спачатку планавалася, што абедзве галоўныя ролі будзе выконваць адзін хлопчык, але рэжысёр задумаў знайсці блізнят. Адэская кінастудыя абвясціла кастынг, і, нягледзячы на жорсткія патрабаванні: трэба было ўмець спяваць, іграць на гітары, танцаваць, кіраваць мапедам, адгукнуліся сотні пар братоў-блізнят з усяго Савецкага Саюза. А знайшлі герояў у звычайнай маскоўскай школе. Што цікава, 12-гадовых Юру і Валодзю Тарсуевых на пробы адправіў завуч. Самі ж хлопцы ў акцёры не рваліся і вельмі пакутавалі з-за таго, што дзеля здымак іх пафарбавалі ў белы колер — і прайшло нямала часу, перш чым кпіны аднакласнікаў перайшлі ў захапленне і нават зайздрасць. Затое пасля прэм'еры фільма браты атрымлівалі лісты ад прыхільнікаў літаральна мяхамі — некалькі дзясяткаў у дзень прыходзіла на кінастудыю, столькі ж — у рэдакцыю «Піянерскай праўды». Каб пазбавіцца ад гэтай славы, бацькам Тарсуевых давялося нават некалькі разоў мяняць нумар дамашняга тэлефона, а хлопцам — састрыгчы бландзіністыя кучары, без якіх іх сталі пазнаваць значна радзей. І мала хто з прыхільнікаў тады і цяпер ведаў, што ўпадабаныя песні ў «Прыгодах Электроніка» за хлопцаў спявалі... дзяўчаты, і нават агучвалі іх актрысы-жанчыны, паколькі ў падлеткаў якраз пачаў ламацца голас.

Рыжага хулігана Гусева памочнік рэжысёра амаль выпадкова знайшла ў адэскім інтэрнаце — і Вася Скромны аказаўся такім таленавітым, што потым скончыў тэатральнае вучылішча і сыграў у некалькіх фільмах, але ў рэшце рэшт спраўдзіў мару пайсці на флот.

Доўга не маглі вызначыцца і з кандыдатурай стваральніка робата — прафесара Громава. Сыграць яго прапанавалі Расціславу Пляту, але той «не трапіў у вобраз», Леанід Бранявы пасварыўся з аператарам, Бруна Фрэйндліх сур'ёзна захварэў, Уладзімір Этуш перацягваў увагу на сябе... Роля дасталася Мікалаю Грынько, які толькі што зняўся ў «Сталкеры» і скептычна ставіўся да дзіцячай карціны — а ў выніку па ёй многім і запомніўся.

Асобнай увагі заслугоўвае хвастаты акцёр — эрдэльтэр'ер Чынгіз, які сыграў робата-сабаку Рэсі, вернага сябра і памочніка электроннага хлопчыка. Сабака быў настолькі дружалюбны, кемлівы і працаздольны, што стаў улюбёнцам усёй здымачнай групы. Адзінай складанасцю стала тое, што поўсць у Чынгіза хутка адрастала, і яе не заўжды паспявалі пастрыгчы — гэтыя адрозненні бачныя ў розных серыях.

Матацыкл для Уры — Мікалая Карачанцава — узялі ў арэнду ў аднаго майстра-ўмельца з Прыбалтыкі, які браў вялікія грошы, бо ў пераробленай ім крутой машыне нельга было апазнаць «Яву».

«Прыгоды Электроніка» ў год прэм'еры паказвалі па тэлебачанні ажно чатыры разы, а далей традыцыйна паўтаралі ў дні школьных канікул, у ліпені і студзені. Успомніць фільм нанова можна разам з каналам «Культура» — 1—4 ліпеня.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.