Апошні дзень вайны ў Мінску, ён жа першы дзень мірнага жыцця. Ён жа — сюжэт вядомай карціны Валянціна Волкава «Мінск. 3 ліпеня 1944 года», якая з 2006 года захоўваецца ў пастаяннай экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Карціну памерам больш як 2,7х5 метраў мастак ствараў на працягу амаль дзесяці гадоў — з 1946-га да 1955-га. Дарэчы, першапачаткова гэты твор, адзін з самых вядомых і папулярных у беларускім жывапісе другой паловы ХХ стагоддзя, прызначаўся для агляду вельмі абмежаваным колам людзей — карціна знаходзілася ў інтэр'ерах Дома ўрада ў Мінску, у фае залы пасяджэнняў.
...У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва даследчыкі могуць вывучыць дакументы і пазнаёміцца бліжэй з некаторымі момантамі стварэння гэтага палатна. Напрыклад, з тым фактам, што дамова аб стварэнні карціны была заключаны з Волкавым у сакавіку 1945 года — аднак у кнізе пра мастака 1958 года выдання твор датуецца 1946—1955 гадамі. Выданне прыжыццёвае, узгодненае з майстрам, таму мы прымаем такое датаванне, тым больш яго ўскосна пацвярджае інфармацыя з іншых крыніц. Тое, што мастак не адразу пачаў працаваць над палатном, відавочна тлумачыцца рознымі знешнімі і асабістымі прычынамі. Таксама, магчыма, аўтар палічыў пачаткам работы над карцінай непасрэдна стварэнне эскізаў, эцюдаў, а не папярэдняе абдумванне і збор матэрыялу. Так ці інакш, пасведчанне, якое давала мастаку права замалёўваць на вуліцах часткі сюжэта, было выдадзена ў 1946 годзе.
Такім чынам, Волкаў працаваў над карцінай не менш за дзевяць гадоў — беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускага савецкага жывапісу! Аўтар так распавядаў у аўтабіяграфіі 1950 года пра свае пабуджальныя матывы: «Сюжэт карціны вынікаў з маіх асабістых перажыванняў і назіранняў і мною быў горача перажыты, а адсюль жаданне зрабіць гэтую рэч у поўную меру сваіх магчымасцяў. У гэтай карціне я хачу перадаць усю любоў і гарачую падзяку гераічнай арміі, якая выратавала бліскучым манеўрам ад немінучай гібелі ўсё насельніцтва Мінска, у тым ліку маё ўласнае жыццё, і якая вызваліла не толькі Беларусь, але і Еўропу».
Валянцін Волкаў (1881—1964) быў адным з найстарэйшых і найбольш прафесійных мастакоў Беларусі. Ураджэнец горада Яльца Арлоўскай губерні, з сям'і патомных мастакоў, першапачаткова іканапісцаў, у 1915-м ён скончыў Вышэйшае мастацкае вучылішча пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Петраградзе. Жыў у Беларусі з 1923 года — спачатку ў Віцебску, потым у Мінску. Волкаў удзельнічаў у выстаўках, выкладаў, адзначыўся такімі карцінамі, як «Барыкады», «Кастусь Каліноўскі», «Малатабоец», «Партызаны», «Плытагоны», «Перадача вопыту», партрэтамі, краявідамі. Большасць гэтых твораў загінула ў гады вайны, але да нас дайшоў, у прыватнасці, партрэт Максіма Багдановіча (1927 год), вывезены нацыстамі ў Германію і вернуты ў Мінск у 1957-м. Акрамя таго, у мастака быў вопыт манументальнага жывапісу — яшчэ ў Петраградзе ён удзельнічаў у афармленні горада да гадавіны рэвалюцыі; на станцыі ў Негарэлым, тады памежным, разам з сынам Анатолем выканаў два пано на тэму сацыялістычнага будаўніцтва ў СССР, а ў 1939—1940 гадах стварыў маляўнічы фрыз для павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве, таксама разам з сынам ён стварыў пано для парада партызан у Мінску ў 1944 годзе.
Становіцца зразумелым, чаму менавіта да Валянціна Волкава звярнуліся ўлады з прапановай аб напісанні падобнай маштабнай карціны-пано аб вызваленні Мінска, хоць былі сярод беларускіх мастакоў не менш таленавітыя майстры наступнага пакалення, але яшчэ не такія «правераныя ў справе». Адпавядаў запытам тагачаснай ідэалогіі і традыцыйны рэалізм мастака. Волкаў чаканняў не падмануў, але... Яго класічная, руплівая праца над карцінай гістарычнага жанру заняла доўгія гады: дагавор быў падоўжаны да студзеня 1951-га, а работа ўсё яшчэ не была скончаная. Акрамя таго, мастак на працягу гэтых гадоў выконваў шэраг работ, у асноўным заказных партрэтаў, выкладаў, зарабляючы на жыццё, матэрыялы, натуршчыкаў. Незадаволенасць заказчыкаў прывяла да стварэння камісіі Саюза мастакоў, якая ацаніла працу майстра і запэўніла, што карціна выканана на 80 %, — але гэта ўсё ж такі быў не «гатовы аб'ект». А да першага экспанавання карціны — на Рэспубліканскай выстаўцы — заставалася яшчэ тры гады.
Каб завяршыць маштабны твор, мастак стварыў звыш 220 малюнкаў, 11 эскізаў кампазіцыі, каля 50 жывапісных эцюдаў. Толькі ў Нацыянальным мастацкім музеі захоўваецца пяць эскізаў, 18 эцюдаў і каля 80 малюнкаў. Такі велізарны падрыхтоўчы матэрыял спатрэбіўся Валянціну Волкаву таму, што ўсё, намаляванае ў карціне, напісана з натуры — дзясяткі людзей, архітэктура, ваенная тэхніка, амуніцыя, зброя, кветкі. І дакладнае, з пункту гледжання аўтара, вырашэнне персанажа, групы ў іх адпаведнасці цэламу часам знаходзілася далёка не адразу. Больш за тое, агульная ідэйная канцэпцыя твора выпрацавалася паступова. Сам аўтар расказаў на абмеркаванні дэкаднай выстаўкі беларускага мастацтва ў Маскве ў 1955 годзе, дзе экспанавалася ўжо канчаткова дапісаная работа, што ён таксама сустракаў савецкія войскі і спачатку, ствараючы эскізы, ішоў ад убачанага тады, ад непасрэднага ўражання, — але выходзіла жанравая карціна, малюнак цёплых лірычных эпізодаў. Майстар жа хацеў надаць урачыстасць сюжэту, перадаць веліч моманту.
Валянцін Волкаў увасобіў у беларускім савецкім мастацтве свайго кшталту «формулу» радасці, весялосці, падзякі за выратаванне. Але складнікі гэтай формулы цалкам канкрэтныя. Дзеянне разгортваецца ў дакладна зафіксаванай архітэктурнай сітуацыі: пачатак вуліцы Леніна на фоне плошчы Свабоды, дзе бачныя касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і вежа былога калегіума езуітаў. З поўначы ў горад увайшлі часці 5-й гвардзейскай танкавай арміі. Але вайскоўцаў у карціне мастак пісаў, вядома, значна пазней, запрашаючы для гэтага ваеннаслужачых ва Уруччы. Захавалася імя толькі аднаго такога «натуршчыка» — Аляксей Комлеў, які быў асноўнай мадэллю для цэнтральнага персанажа. 19-гадовы камандзір танка пазіраваў мастаку з букетам у руках, але ў выніку быў намаляваны з аўтаматам: аўтар вырашыў, што так больш правільна, бо вайна яшчэ зусім не скончана. Аляксей Комлеў завершаную карціну не бачыў, толькі рэпрадукцыі, паколькі дэмабілізаваўся ў 1950-м і вярнуўся на родны Алтай. Прататыпам матацыкліста злева ў карціне палічыў сябе Дзмітрый Сувораў з Екацярынбурга: «Так атрымалася, што я, як сувязіст і разведчык, суправаджаў на матацыкле першую калону савецкіх танкаў, якія ўвайшлі ў Мінск. Да гэтага часу памятаю, як на досвітку 3 ліпеня партызаны вывелі нашу брыгаду на ўскраіну. З невялікага ўзгорка бачны горад у смузе. Сонца падымаецца, туман рассейваецца, і мы — наперад. Я з матацыклам — як адзінае цэлае, у руль учапіўся і імчуся пад абстрэлам, следам грукочуць танкі. / ... / А калі прарваліся да цэнтра, прыйшлі з кветкамі жанчыны, дзеці. Радаваліся, крычалі «Ура!». За вызваленне сталіцы Беларусі Дзмітрый Сувораў быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Магчыма, мае рацыю ветэран, і яго аблічча, якое ўразіла Валянціна Волкава 3 ліпеня, потым увасобіліся ў мастацкім вобразе. Праўда, амерыканскі «Харлей-Дэвідсан» Суворава быў заменены ў карціне на трафейны нямецкі «Цундап», але, значыць, у Волкава была магчымасць пісаць з натуры толькі гэтую марку матацыкла.
Для выявы ў карціне грамадзянскіх асоб аўтар запрашаў пазіраваць жыхароў раёна цяперашніх вуліц Якуба Коласа, Багдана Хмяльніцкага, Дарашэвіча, Някрасава; сваякоў (у тым ліку сына, мастака Анатоля Волкава з жонкай Зінаідай Іосіфаўнай — яны стаяць каля самага танка), сваю жонку Алену Жмак (яна правей, у чырвонай сукенцы); мастакоў Міхаіла Даўгялу (справа, паціскае руку параненаму салдату) з дачкой Зояй (дзяўчынка ў піянерскім гальштуку), Уладзіміра Хрусталёва (хударлявы чалавек у ботах злева), свайго вучня ў Мінскім мастацкім вучылішчы Васіля Ярмоленку (правей цэнтра, поціск рукі з параненым салдатам у касцы). Пэўны ўдзел у стварэнні карціны прымаў і ўнук аўтара, Сяргей Волкаў, цяпер мастак, прадаўжальнік і захавальнік справы і традыцый сям'і. Не ўсіх, на жаль, мы ведаем пайменна, але ў гэтым ёсць сімвалічны сэнс: кожны з гэтых рэальных людзей адначасова ўвасабляе многіх іншых жыхароў вызваленага горада. Некалькі гадоў таму наведвальнік музея паведаміў, што жанчына злева, побач з матацыклістам, — яго сваячка Мершыдэ Валатоўская, інжынер малочнага завода. І, магчыма, гэта не апошняя падобная вестка з мінулага.
...Карціна створана такім чынам, што ўражанне ад трыумфу і радасці, яснага дня, пышных летніх кветак як падкрэсліваецца, так і ўскладняецца жудасным пейзажам напаўразбуранага горада, змарнеласцю мінчан, зношанасцю іх вопраткі. Гэта парадаксальнае спалучэнне пашырае змест твора, выяўляе разнастайнасць і складанасць жыцця і, канешне, нагадвае аб тытанічнай рабоце па аднаўленні Мінска, якая прыйдзе на змену безагляднай радасці вызвалення гараджан. Таму палатно, пры пэўнай яго мастацкай і гістарычнай умоўнасці, успрымаецца сапраўды рэалістычным, а не толькі праўдападобным. Увасобленае шчасце грамадзян, у сваю чаргу, кантрастуе са стомленасцю салдат: «Вайна зусім не феерверк, а проста — цяжкая работа...» Кантрасныя ярка асветленая левая і цэнтральная і пагружаная ў глыбокі цень правая частка карціны. Дыму пажарышчаў справа супрацьпастаўляецца нябесная прастора з мірнымі пяшчотнымі аблачынкамі. Усе гэтыя элементы могуць не прачытвацца свядома, але ўздзейнічаюць спакваля і нібы залучаюць у тое, што адбываецца, робячы гледачоў яшчэ і сведкамі падзеі.
Твор мастацтва нярэдка жыве доўга («vіta brevіs, ars longa») і па-рознаму «чытаецца» ў розныя эпохі. Вядома, у эпоху «суровага стылю» і пазней карціна ўспрымалася некалькі архаічнай — і па падрабязнай апавядальнасці, і па апафеознасці, і па мастацкай мове. Майстры таго часу адлюстроўвалі пераважна боль і гора, трагічны гераізм ваенных гадоў, тым больш пасля «лакіровочнага» мастацтва папярэдняга перыяду. І значна вальней абыходзіліся з колерам, формай, прасторай, дамагаючыся выразнасці і экспрэсіўнасці. Мастацтву гэтага плана ўласцівы падкрэслены дэмакратызм, непрыгладжаная праўдзівасць народных вобразаў. Але ў дэмакратычнасці Волкаў ім не саступіць: у яго карціне няма афіцыёзу — народ вызвалены, народ-вызваліцель, ніякага праўладнага пафасу не назіраецца. Таму вышэйшае савецкае званне ў галіне мастацтва «народны мастак», атрыманае Волкавым у 1955 годзе, знаходзіць сапраўдны сэнс. Тады ж карціна ўвайшла ў калекцыю Мастацкага музея.
Пасля амаль 30-гадовага перапынку палатно Волкава з'явілася перад публікай у 2005 годзе. Яно было знята з драўлянага барабана, зноў нацягнута на падрамнік і стала асноўным экспанатам выстаўкі, прысвечанай 60-годдзю Перамогі, абкружанае тымі самымі эцюдамі і эскізамі — сведчаннямі шматгадовай працы.
Творы мастацтва нясуць пэўную інфармацыю, расказваюць гісторыю ўласцівымі ім сродкамі і ў той жа час паступова набываюць сваю ўласную гісторыю, лёс. І калі лёс гэтай карціны Волкава ў асноўным прасочаны і добры, то месцазнаходжанне другога варыянта гэтага палатна, яшчэ большых памераў, сёння невядомае...
Валянціна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.