Вы тут

Дырэктар кампаніі LWO: Беларусь становіцца ціхай ІT-гаванню


Лічба сёння паўсюль: мы карыстаемся безнаяўнымі кашалькамі, купляем электронныя білеты ў кіно, нават у каханні прызнаёмся праз смартфон. Што чакае сферу інтэлектуальных тэхналогій, якая рэальная мэта «лічбавага» дэкрэта і чаму айцішнік — звычайны чалавек, разважае дырэктар кампаніі LWO Алег КАНДРАЦЕНКА.

LWO ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых пастаўшчыкоў праграмнага забеспячэння на ўнутраны рынак, працуе ў асноўным з банкамі і дзяржаўнымі ўстановамі. З 2013 года — рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій.


— Алег Васілевіч, кампанія LWO на рынку з 2008 года. Прааналізуйце, калі ласка, як падпісаны Прэзідэнтам у канцы 2017-га Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі» паўплываў на работу кампаніі? Ужо можна адзначыць якасныя змяненні?

— Дэкрэт стварыў магчымасць новых пунктаў росту для найбольш сучасных і дынамічных сегментаў эканомікі. Гэта важна — не толькі і не столькі для самой ІT-сферы, колькі для эканомікі краіны ў цэлым.

У пачатку 2017 года гэты дакумент здаваўся цяжказдзяйсняльнай марай, чаканнем — падобна да надзеі на перамогу справядлівасці, сумленнасці і адкрытасці. Як гэтыя сутнасці не могуць жыць без рэальнай падтрымкі, так і Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі» меў патрэбу ў добрай волі і прагматычнай сіле.

Перш за ўсё велізарнае дзякуй кіраўніку дзяржавы. Дзякуючы яго смелым і валявым рашэнням у нас ёсць такі важны і патрэбны краіне дакумент.

Наш Прэзідэнт падтрымаў самыя смелыя ідэі беларускай ІT-суполкі, і сёння мы яўна бачым эфект ад восьмага дэкрэта. Летась у Парк высокіх тэхналогій прыйшло каля 300 кампаній — гэта больш, чым за ўсю 12-гадовую гісторыю ПВТ. Таксама імкліва ўзляцеў экспарт ІT-паслуг (на 40 % па мінулым годзе) — гэта ледзь не 1,5 мільярда долараў. Адкрываюцца новыя цэнтры распрацовак міжнародных кампаній. Беларусь становіцца ціхай ІT-гаванню для праграмістаў з усяго свету.

Цяпер дзяржава насамрэч павярнулася тварам да ІТ. Пачынаецца працэс лічбавізацыі — вельмі актыўныя ў гэтым плане першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын, кіраўніцтва Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце і Нацыянальнага банка.

Дэкрэт № 8 стаў важнай вяхой, яго ўжо назвалі і «ледаколам, які ўзламаў лёд і адкрыў моры для нашых караблёў», і «доўгачаканым, жыццёва важным інструментам», і «крыніцай аазіса для знямоглага ў пустыні». Усё гэта — пра дакумент, які даў празрыстыя правілы работы і зняў крытычныя для развіцця інфармацыйных тэхналогій абмежаванні, якія не дазвалялі будаваць сапраўды патрэбныя сістэмы.

Праграмісты за работай

— Пры распрацоўцы дакумента ўлічваліся патрэбы тых, хто непасрэдна заняты ў гэтай сферы. Вы ўносілі свае прапановы, дзяліліся думкай? Як, на ваш погляд, Дэкрэт № 8 паўплываў на сітуацыю ў сферы высокіх тэхналогій у цэлым па краіне?

— Увогуле я з прыемным пачуццём успамінаю работу над Дэкрэтам. Працавалі вельмі дружна і дзяржаўныя структуры, і ІT-суполка. Вельмі камфортна было кантактаваць з новым дырэктарам Парка высокіх тэхналогій Усеваладам Янчэўскім — разумным і энергічным чалавекам, які каардынаваў і, можна сказаць, натхняў увесь гэты працэс.

Што асабліва каштоўна, Дэкрэт № 8 быў распрацаваны і падпісаны ў самы кароткі час і ўтрымліваў у сабе самыя рэвалюцыйныя пункты: ад магчымасці вытворчасці беспілотных аўтамабіляў і касмічных апаратаў да нормаў міжнароднага права і здзелак праз смарт-кантракт. Гэты дакумент спрацаваў яшчэ і як добрая рэклама для Беларусі ва ўсім свеце. Мы трапілі ў загалоўкі ўсіх сусветных таблоідаў, што дало свой эфект.

— На ваш погляд, нашы законы паспяваюць за развіццём сферы высокіх тэхналогій? Якія яшчэ нарматыўна-прававыя акты неабходна стварыць або ўдасканаліць, каб у поўнай меры рэалізаваць магчымасці Дэкрэта № 8?

— Напрыклад, у нас у краіне 20 гадоў таму быў слушна прыняты кірунак на павелічэнне долі безнаяўных плацяжоў у эканоміцы. Паступова ўсе прывыклі да выкарыстання пластыкавых картак. Сёння жыццё паказвае, што абсалютна ўсё сыходзіць у анлайн. Ужо ёсць беларускія плацежныя сэрвісы, якія працуюць падобна да картаў міжнародных плацежных сістэм, напрыклад, з дапамогай мабільнага тэлефона.

Праведзена вялікая работа: на рынак выходзяць прадукты, якія не толькі працуюць на карысць эканомікі нашай роднай Беларусі, але і выконваюць функцыі абароны айчыннай плацежнай сістэмы. І тут Нацыянальны банк, як рэгулятар, ужо пачаў работу па ўнясенні змяненняў для магчымасці выкарыстання такіх сэрвісаў.

Акрамя таго, рознічны бізнес не павінен будзе купляць дарагія тэрміналы. Выкарыстоўваючы найноўшыя плацежныя прадукты, мы знізім выдаткі прадаўцоў, узмоцнім канкурэнцыю, а плаціць безнаяўна для многіх з нас стане больш зручна, чым наяўнымі грашыма. У крамах зменшацца чэргі, а на касах пачне менш марнавацца паперы. Будзе лягчэй разбіраць спрэчныя сітуацыі пры аплаце хоць прадуктаў у бабулі на рынку, хоць здымнай кватэры студэнтам. Празрыстасць будзе яшчэ вышэйшая, умовы пачаць або весці бізнес — лягчэйшыя, што павысіць узровень жыцця нашых грамадзян. А гэта і ёсць рэальная мэта лічбавага Дэкрэта.

Абмеркаванне праграмы

Сацыяльная палітыка высокіх тэхналогій

— Апошнім часам можна чуць, як сферу высокіх тэхналогій некаторыя называюць «мыльнай бурбалкай», — маўляў, дасягне сваёй столі і «лопне». Якія, на ваш погляд, перспектывы адкрываюцца перад ІT-сферай на найбліжэйшыя гады?

— Наша кампанія ў асноўным працуе на праектах унутры краіны, але дзякуючы імпульсу Дэкрэта № 8 мы ўжо выйгралі некалькі тэндэраў па праектах лічбавізацыі банкаў за мяжой. Свет мяняецца фантастычна хутка. Ёсць дэфіцыт на лічбавыя сэрвісы, і ён расце такімі тэмпамі, што пастаянным апошнім часам застаецца толькі павелічэнне патрэбы ў новых распрацоўках. Сёння мы плацім амерыканскім і іншым замежным плацежным сістэмам дзясяткі мільёнаў долараў у год... А можам плаціць у 5—10 разоў менш. Вось і адказ, навошта нашы беларускія інтэлектуальныя рашэнні.

— Ваша кампанія налічвае звыш чатырох сотняў супрацоўнікаў. Ацаніце, калі ласка, кадравую сітуацыю ў сферы. Некаторыя кампаніі вымушаныя прыцягваць замежных спецыялістаў — а як у вас? Які ў кампаніі падыход да кадравай палітыкі: прымаеце на работу маладых спецыялістаў, вучыце самі ці «перакупляеце» прафесіяналаў?

— Кампанія LWO — наша, беларуская. У яе беларускія карані і, паколькі асноўныя нашы спажыўцы — унутры краіны, то і плацяць нам па ўнутраных расцэнках. Мы рыхтуем кадры, шукаем прафесіяналаў... Аднак ёсць канкурэнтнае асяроддзе, ёсць цяжкасці, калі працуеш на ўнутраным рынку. Але мы разумеем: калі не мы, то хто? Пры гэтым прапа-
гандуем сямейныя каштоўнасці, прэміруем людзей за вяселле, за нараджэнне дзіцяці. Сёння мы праводзім сацыяльную палітыку, даём беспрацэнтныя пазыкі ў рублях на 3—5 гадоў, каб ІT-спецыялісты заставаліся ў краіне.

— А які наогул, на ваш погляд, узровень нашай адукацыі ў ІT-сферы? Праграмы ў ВНУ пастаянна адаптуюцца, але ці дастаткова? Паспяваем за развіццём у галіне або даводзіцца давучваць спецыялістаў на месцах?

— Шмат хто кажа, што нашы адукацыйныя праграмы недастатковыя, што іх патрабуецца дапрацоўваць, змяняць. І мы, вядома ж, шмат у чым «за» гэтыя прапановы. Вось толькі я катэгарычна супраць меркавання, што ў нас усё дрэнна, сістэма адукацыі благая і так далей. Гэта проста няпраўда. Паляпшаць яе можна і вельмі трэба, варта змяняць, але ж заўсёды і ўсюды, хоць нават у Англіі, студэнт пасля ВНУ не гатовы да рэальнай работы. Для гэтага ёсць рознага роду практыкі, сістэмы, ёсць інструменты навучання ўнутры прадпрыемстваў. Гэта велізарная праца, і кожная з краін яе робіць па-свойму, а калі беларуская сістэма адукацыі будзе ўдасканалена, — гэта толькі лепш для ўсіх нас.

І тут не варта казаць, што айцішнікі — гэта выбраныя. Не, яны звычайныя, якія проста працуюць, як і ўсе грамадзяне краіны... І хочуць быць лепшымі, хочуць быць патрэбнымі і запатрабаваныя перш за ўсё ў сябе на Радзіме.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Беларусь — ціхая ІТ-гавань

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?