Вы тут

​У Беларусі плануецца будоўля пяці ветрапаркаў


Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры садзейнічанні Праграмы развіцця ААН рэалізуе праект «Скасаванне бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі», паведаміла начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змяненне клімату і экспертызы Мінпрыроды Наталля АЛЕЙНІКАВА падчас круглага стала «Зялёнае горадабудаўніцтва: ад тэорыі да практыкі» ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.


Па словах дакладчыцы, праект прадугледжвае падрыхтоўку пяці пляцовак пад будаўніцтва ветрапаркаў. Пазней актывы будуць прададзены інвестарам, якія забяспечаць стварэнне і эксплуатацыю ветраных электрастанцый. У Лёзненскім раёне такая пляцоўка выстаўлена на электронныя таргі.

«Адзін з прыярытэтных кірункаў у галіне зялёнай эканомікі — забеспячэнне энергетычнай бяспекі краіны. З 2002 да 2018 года прыцягнута больш за 730 мільёнаў долараў кліматычнага фінансавання міжнароднай тэхнічнай дапамогі», — паведаміла Наталля Алейнікава.

Яна падкрэсліла важнасць распрацоўкі стратэгіі нізкавугляроднага развіцця на мясцовым узроўні. У асноўным гэта датычыцца тых гарадоў і раёнаў, якія падпісалі Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі, — да гэтай ініцыятывы Еўрапейскага саюза далучылася ўжо больш за 45 населеных пунктаў краіны.

Нагадала начальнік упраўлення і пра тое, што, падпісаўшы Парыжскае пагадненне, Беларусь абавязалася не перавысіць узровень 96,1 мільёна тон выкідаў СО2 у эквіваленце. Фактычна ў 2017 годзе ўзровень выкідаў парніковых газаў у краіне склаў 93,9 мільёна тон СО2 у эквіваленце.

«Мэтанакіраваная работа па энергазберажэнні дазволіла досыць паспяхова зніжаць энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту пры амаль захаваных спажываных рэсурсах», — у сваю чаргу паведаміў намеснік дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Леанід ПАЛЯШЧУК.

Па яго інфармацыі, доля ўзнаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі цяпер павялічылася да 6,2 %. Да 2030 года плануецца павелічэнне да 10 % — большай часткай за кошт фотаэлектрычных станцый, біягазавых тэхналогій і гідраэлектрастанцый.

«У нас больш за 62 % будынкаў з павышаным энергаспажываннем на квадратны метр. Распрацаваны бізнес-план па павышэнні энергаэфектыўнасці і далейшай мадэрнізацыі жылля. У Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, Мінску дзякуючы рэалізацыі тыпавых праектаў удзельнае спажыванне аказалася ў 2,4 раза ніжэйшым за рэспубліканскае», — паведаміў Леанід Паляшчук.

Мадэрнізацыя будынкаў накіравана на зніжэнне спажывання цяпла і, адпаведна, «аблягчэнне» жыроўкі для жыхароў.

«Калі замяніць вокны, частку камунікацый і правесці цеплавую мадэрнізацыю, штогадовая эканомія складзе 317 тысяч еўра. А дадатковае ўцяпленне агароджвальных канструкцый, дахаў і сутарэнняў дапаможа зберагчы 1,6 мільёна еўра штогод», — прывёў лічбы намеснік дырэктара.

«Вельмі прыемна, што ўпершыню ў гісторыі прыняты законапраект аб арганічнай прадукцыі. Такім чынам парламент надае ўвагу добраму, якаснаму харчоваму прадукту, без якога не бывае здароўя нацыі», — выказаў упэўненасць намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў ПІРШТУК.

Ён асабліва адзначыў і новы кірунак, які апошнім часам хутка развіваецца, — электратранспарт. На думку Баляслава Пірштука, за электрамабілямі і электробусамі — будучыня, асабліва ў буйных гарадах.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Грошы — на ветры

Выбар рэдакцыі

Культура

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

Раім вам у наступным годзе адправіцца туды самім.

Культура

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Імя мастачкі гучыць усе пяць гадоў правядзення «Асенніх салонаў».

Спорт

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.  

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.