Аднадушна расхваленая прафесійнай публікай карціна «Паразіты» Пона Джун Хо, якая на апошнім Канскім кінафестывалі атрымала «Залатую пальмавую галіну», з 4 да 17 ліпеня будзе паказвацца ў Falcon Club Буцік Кіно і кінатэатрах «Кінавідэапракату».
На галоўным кінааглядзе свету «Паразіты» былі сардэчна прынятыя як журы, так і крытыкамі. The Guardian назваў новую работу аўтара фільмаў «Маці», «Гаспадар» і «Окча» «раскошна глядзібельнай сатырычнай саспенс-драмай», а The Hollywood Reporter — «цёмным сямейным фарсам, дзе адзінымі монстрамі з’яўляюцца людзі». У цэлым карціну называюць драмай, трылерам, нуарам, а сам Пон Джун Хо — «камедыяй без клоўнаў і трагедыяй без злачынцаў».
Гаворка ідзе пра беспрацоўную сям’ю Кі Тэк, якая зарабляе толькі тым, што складвае з нарыхтовак каробкі для піцы. Аднойчы старэйшаму сыну шчасціць, падрабіўшы дыплом, трапіць на цудоўнае месца прыватнага рэпетытара для дачкі багатага бізнесмена. Ён прыходзіць у шыкоўны дом свайго працадаўцы пад новым імем Кевін і пакідае ў яго жыхароў, сям’і з таксама чатырох чалавекаў, добрае ўражанне. Ён рознымі спосабамі і на розныя вакансіі пераводзіць сюды ўсю сваю сям’ю, з чаго мае пачацца ўсё самае цікавае.
Пон Джун Хо — адзін з найцікавейшых сучасных рэжысёраў Паўднёвай Карэі, яго карціны «Успаміны пра забойства» і «Гаспадар» былі лідарамі праката, а «Окча» удзельнічала ў конкурсе Канскага кінафестывалю 2017 года. «Паразітаў» ужо параўналі з уладальнікам «Залатой пальмавай галіны» мінулага года — японскай сацыяльнай драмай «Магазінныя зладзюжкі» Хіракадзу Карээды, а таксама знайшлі агульнае з вядомымі паўднёвакарэйскімі фільмамі «Служанка» Пака Чхан Ука і «Палаючы» Лі Чхан Дона.
4 ліпеня паказ адбудзецца ў рамках праекта «Зала № 4» — фільм прадставіць праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.