Вы тут

Абудзіць унутраны космас


Гістарычны і эмацыянальны складнік у работах беларускіх аўтараў-юбіляраў


Янкель Кругер «Партрэт П. Л. Мрачкоўскай», 1914 г.

…Быццам археолаг ці гісторык, глядач можа трапіць у вір часу і бачыць розныя эпохі, зразумець асаблівасці асобных перыядаў развіцця культуры. Праз выстаўку «Плынь часу» Нацыянальны мастацкі музей Беларусі штогод прадстаўляе беларускіх мастакоў-юбіляраў. Юбілей  — нагода дастаць са сховішчаў вядомыя ўжо толькі музейным работнікам творы напаўзабытых майстроў і здзейсніць такім чынам своеасаблівы працяг і дапаўненне пастаяннай экспазіцыі. Некалі гэтыя творы былі абраны для музея на выстаўках, у майстэрнях як найлепшыя, годныя, а пасля апынуліся ў запасніках, па-за мастацкім жыццём на доўгія гады.

— Відавочна, што музей не можа экспанаваць усё, што ёсць у яго фондах, выставачная плошча заўсёды абмежаваная, але паказ работ, якія часам дзесяцігоддзямі «спалі» ў сховішчах, уяўляецца ў нейкай ступені аднаўленнем справядлівасці,  — расказвае куратар праекта Валянціна Вайцэхоўская. — Шэраг мастакоў паказаны ў калекцыі музея даволі поўна  — і гэта дазваляе ў межах агульнай экспазіцыі рабіць персанальныя міні-выстаўкі. Часам мастак прадстаўлены толькі адным творам, і ён «вандруе» з выстаўкі на выстаўку, але неаднолькава гучыць у розных экспазіцыйных кантэкстах.

Выстаўка аб’яднала творы ад пачатку ХХ стагоддзя да пачатку ХХІ. Колькасць прадстаўленых імёнаў на выстаўцы  — больш чым дваццаць чалавек. Таму важна выбудаваць агульную кампазіцыю. Менавіта таму арганізатары ўдзяляюць вялікую ўвагу каларыстыцы і маштабу.

— Вядома, мы працуем для публікі. Мастацтва таго часу, хоць і кажуць, што заўсёды зразумелае, тым не менш складанае і не такое ўжо і простае, — падкрэслівае Валянціна Вайцэхоўская.  — Гістарычны кантэкст і эмацыянальны складнік тут адыгрываюць не апошнюю ролю. Даводзіцца прыдумляць мноства тэхнічных рашэнняў, каб выканаць усе тонкасці ўнутранай пабудовы экспазіцыі.

Першая частка экспазіцыі дэманструе работы дзевятнаццатага стагоддзя і першай трэці дваццатага (да 1941-х гадоў). Унікальнасць прадстаўленых твораў у тым, што большасць былі вывезены ў Германію. Тое, што потым яны былі знойдзены і вернуты дадому, супрацоўнікі музея лічаць цудам. Аднак многія карціны пасля вяртання былі ў вельмі дрэнным стане. На іх рэстаўрацыю пайшло шмат гадоў. Валянціна Вайцэхоўская адзначае, што гэтыя карціны былі народжаныя двойчы, а некаторыя тройчы.

Адной з самых значных работ, прадстаўленай ў першай частцы экспазіцыі, з’яўляецца партрэт знакамітай мінскай мастачкі даваеннага перыяду Пальміры Мрачкоўскай аўтарства Янкеля Кругера. Яна пачала выстаўляць свае творы ў Мінску з 1916 года. Актрысу Стэфанію Станюту тады вельмі ўразілі дзве яе карціны: напісаны з натуры «Сляпы лірнік» і «Гібель Тытаніка». У доме мастачкі заўсёды збіралася моладзь, пад яе кіраўніцтвам чыталіся сур’ёзныя лекцыі і пісаліся рэфераты гістарычнага зместу. У 1900-я гады яна часта прапаноўвала памяшканне для прыватнай школы Кругера. У 1930-я гады, калі страціла свой статус, Мрачкоўская жыла асабліва цяжка. Кругер дапамагаў ёй, перадаючы замовы на партрэты правадыроў для дзяржаўных устаноў. У першыя дні вайны дом Мрачкоўскай з усімі карцінамі згарэў. У партрэт Янкель Кругер уклаў даніну павагі таленавітай мастачцы.

У другой частцы экспазіцыі прыцягваюць увагу карціны мастака Лазара Рана. Яны напісаныя ў той час, калі творцы імкнуліся падрабязна перадаваць гістарычныя дэталі, характар. Карціны Лазара Рана надзвычай дакладныя. Сваю знакамітую работу «Арганізацыя калгаса Крахалёва» мастак стварыў па ўспамінах. Калі адбываліся тыя падзеі, яму было 10 гадоў, ён жыў на Алтаі. Праз гады свае «жывыя» ўражанні ён стараўся адлюстраваць на палатне. Сёння гэтыя работы каштоўныя сваёй дакладнасцю, нагадваюць гістарычную фатаграфію.

Рыгор Несцераў «Касмічнае цела», 2002 г.

Неад’емная частка экспазіцыі — жанр не проста гістарычнага, а «культурнага» партрэта. Так, напрыклад, мастак Сцяпан Андруховіч у 1963 годзе напісаў партрэт Янкі Купалы. У сваёй працы аўтар акцэнтуе ўвагу на тым, што пісьменнік увасабляе нацыянальную беларускую культуру. У гэтую работу мастак уклаў нямала асабістых пачуццяў. Праз знешняе абаянне Янкі Купалы Сцяпан Андруховіч імкнуўся перадаць унутраны стан пісьменніка  — упэўнены, гарманічны і спакойны. А вось Міхаіл Будавей у партрэце Васіля Быкава выкарыстоўвае элементы драмы, пазначае, які глыбокі след пакінула вайна ў яго жыцці. Васіля Быкава пісалі многія мастакі, але не ва ўсіх атрымлівалася паказаць маштаб асобы.

Не абышлося на выстаўцы і без пейзажнай лірыкі. Так, Валянцін Савіцкі прадстаўлены некалькімі кампазіцыямі. Аўтар гуляе колерамі. У яго асаблівае стаўленне да наваколля, няма адчування дакладнай натуральнасці, у той час як работы мастака Пятра Крохалева больш меладычныя. Ёсць у іх штосьці зусім простае і ад гэтага неверагодна прыгожае і дарагое сэрцу.

А самай філасофскай у экспазіцыі можна назваць работу Рыгора Несцерава «Касмічнае цела». Тут прысутнічае адсылка да бога, сонца і зямлі. Ёсць адчуванне, што ты трапіў у іншую рэальнасць. Гэта карціна не зазывае гледача ў дыялог, а дазваляе задумацца, абудзіць унутраны космас.

«Плынь часу»  — знакавы праект для Нацыянальнага мастацкага музея, які не губляе актуальнасці, таму ў наступным годзе тут зноў можна паглядзець творы, якія не так часта выходзяць у выставачныя залы.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Колер настрою — чырвона-зялёны

Колер настрою — чырвона-зялёны

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.