Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Толькі раз... А помніцца сустрэча!

upsya.livejournal.com

Нехта, помню, вельмі хацеў убачыць Парыж, нават казаў, што пасля гэтага ўжо можна і памерці...

Віця — хлопец з беларускай глыбінкі — з маленства марыў пабачыць Мінск. І таму, паступіўшы ў інстытут, першае, што зрабіў — гэта кінуў у інтэрнаце свой чамадан ды падаўся ў сталіцу. Доўга па ёй бадзяўся: назад — літаральна — прыпоўз, амаль апоўначы.

Мы, яго суседзі па пакоі, вядома ж, спыталі, што ўдалося ўбачыць. Віця сказаў: «Ой, хлопцы, вы не паверыце! І пехатой хадзіў, і на трамваях ездзіў — хацеў убачыць, дзе горад канчаецца. Нічагуткі не выйшла! Куды ні пайду — усюды Мінск!»

Для нас гэта фраза стала бессмяротнай. Ды і не дзіва: збылася Віцева мара.

У мяне яна таксама была: з дзяцінства хацелася ў Кіеў. Магчыма, таму, што роднае мястэчка знаходзілася за нейкі кіламетр ад Украіны і ніякіх межаў з ёй тады не было, а вось агульныя святы, вяселлі ды хрэсьбіны — колькі заўгодна! Парк Дружбы быў, сумесныя кірмашы і сустрэчы світанняў, часопіс «Пэрэць», які выпісваў бацька майго першага дружбака...

Карацей, сталіца суседкі Украіны горад-герой Кіеў уяўлялася мне тым самым Парыжам ці Віцевым Мінскам.

І вось паспяхова завершана камандзіроўка на металургічны камбінат у Днепрадзяржынску (цяпер горад Каменскае), у мяне застаюцца «лішнія» суткі, і ў Мінск я планую вяртацца праз Кіеў. Ну чаму б і не? Начным цягніком прыязджаю туды, цэлы дзень «працую» турыстам, вечарам зноў у поезд і раніцай на работу...

Чалавек, як вядома, мяркуе. І нават, здараецца, размяркоўвае, але не заўсёды.

Прыгоды пачаліся на пад'ездзе да Кіева, калі наш цягнік раптам спыніўся і правадніца аб'явіла, што гэта — не менш чым на гадзіну, а таму ахвотныя могуць выйсці з вагонаў, пагуляць па лузе ці лесе, пазагараць...

Калі б нехта з нейкага самалёціка зняў тады маіх спадарожнікаў, карціна была б яшчэ тая! Уяўляйце: сонечны жнівеньскі ранак. Цягнік. Паўз яго — мурашнікам — людзі (мужчыны, жанчыны, старыя, дзеці): нехта снедае, замест абруса паслаўшы газету, нехта ляжыць, выставіўшы пуза, нехта гуляе, збірае кветкі ці пайшоў у грыбы...

Недзе гадзіны праз дзве нас папрасілі заняць свае месцы ў вагонах. Для гэтага адных давялося будзіць, другіх — збіраць па полі, гукаць... Я наогул сумняваюся, што адтуль забралі ўсіх.

Такім чынам, мой план па наведванні Кіева трохі скарачаўся, і я загадзя вырашыў на дробязі не разменьвацца — адразу пайсці ў Кіева-Пячэрскую лаўру.

Дагэтуль у памяці, што час там нібы спыніўся. Па старажытных купалах блукалі мяккія промні сонца, між сабой шапталіся дрэвы, старэнькі манах у двары нешта з любасцю расказваў людзям...

А далей болей: шукаючы выхад з Лаўры, я і зусім апынуўся ў... іншым свеце альбо як мінімум у іншым стагоддзі з усімі адтуль наступствамі: па сцежках сквера ў шыкоўных доўгіх сукенках няспешна гулялі дамы з сабачкамі і парасончыкамі ад сонца, побач з імі былі кавалеры ў фраках і цыліндрах, купкамі стаялі афіцэры ў драгунскіх і гусарскіх мундзірах ды заразліва рагаталі (травілі, відаць, анекдоты). Да ўсяго паблізу гойсалі дзеці, прыбраныя зусім не ў сучасныя сукеначкі ды маечкі, чуліся словы «господа», «граф», «княгиня»...

Спачатку думаў, што тут нейкае свята — рэканструкцыя эпохі (але ж нідзе ніякіх гледачоў?), потым — што здымаецца кіно (але ж нідзе ніякіх рэжысёраў-аператараў? А галоўнае — нуль цікавасці да мяне, чужароднага элемента: бадзяюся тут... Адзін... З вялікай дарожнай сумкай, і ніхто нічога не кажа, не праганяе).

Таму я сваімі нагамі (ну не пытаць жа ў нейкага паручніка!) стаў шукаць, дзе выхад з «эпохі»: напрасткі пашыбаваў да глухога завулка, а ўжо там азірнуўся і ў цяньку пад старымі дрэвамі ўбачыў такі ж стары ды вялізны аўтобус з надпісам «Масфільм». Значыць, за спінай такі нешта здымалася, на пляцоўцы, мусіць, быў перапынак, на час якога артысты, каб не выходзіць з вобразаў, «тусаваліся» як тады...

Трэцяй з маіх кіеўскіх прыгод стаў «візіт» да князя Уладзіміра. Помнік яму быў, здавалася, блізка, я, выбраўшы кірунак, рушыў да яго пехатой. Аднак хутка ў парку мой арыенцір згубіўся...

Адступаць не выпадала: я ўспомніў сваю службу ў войску і зрабіў марш-кідок напрасткі. Праўда, не ведаў пры гэтым, што наперадзе Уладзімірская горка і схіл яе ну вельмі круты. Уніз я і бег, і скакаў... А ўрэшце з шумам ды трэскам... скаціўся да падножжа помніка і групы замежных турыстаў.

Гіду мову адняло тут жа, французам таксама. І гэта пры тым, што пра тэрарыстаў тады ніхто нічога не чуў і па тэлевізары іх не бачыў...

Давялося хуценька падхапіцца, «аддаць» іншаземцам свой шчыры «пардон» ды спакойна адысці, каб хоць здалёку ўбачыць помнік князю.

...А на цягнік я тады паспеў і з Кіева вывез столькі станоўчых эмоцый!..

Галоўная — я ў гэтым горадзе быў! І вельмі шкада, што толькі аднойчы.

Іван Гаральчук, г. Мінск


Хто як жуе, той так жыве?

evernews.ru

Не хацелася б паўтараць банальнае: «Шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік», але ж доля праўды ў гэтым ёсць: многія любяць смачна паесці. А вось гатаваць...

Спачатку для мужчын гэта робяць маці, потым — жонкі і дочкі. Не адставалі раней і аб'екты грамадскага харчавання — тыя ж заводскія сталоўкі.

Дык вось у савецкія часы на адзін буйны хімічны камбінат прыехала камісія з вядомага сталічнага інстытута. Яна мела заданне — вывучыць харчаванне работнікаў, уплыў ежы на іх здароўе.

...Першым у пакой да вучоных заявіўся Юрась: начальства паслала — ён храбра зайшоў. Дактары адразу ж распыталі пра ягоны ўзрост, рост ды вагу, стаж сямейнага жыцця і здароўе. А нарэшце — здзівілі пытаннем:

— Што вы раніцай елі?

Трэба сказаць, што паснедаць Юрась любіў (паабедаць і павячэраць таксама), а ў той панядзелак дык нават шмат што сабе дазволіў... Жонка напярэдадні юбілей спраўляла, нагатавала рознай смакаты, і госці ўсё не з'елі: катлеты засталіся, рыба, халадзец, пірагі...

Карацей, камісія ледзь паспявала запісваць ды распытвала далей: ці смачна гатуюць у сталоўцы, ці хапае рабочым ежы, якую выдаюць па спецыяльных талонах?

— Ды нармальна ўсё, — шчыра адказваў Юрась. — Я ў дадатак толькі беляшоў набіраю...

— І што — з'ядаеце? — не паверыў галоўны з навукоўцаў, бо ўся постаць мужчыны складалася з... кіло касцей ды літра крыві, а так званай тлушчавай праслойкі быў нуль, без палачкі, хоць, кажуць, адну тады і прымалявалі...

Наступным «паддоследным» стаў двухметровы асілак па мянушцы Заяц:

— Я зранку мала ем, — прызнаўся ён людзям вучоным. — Апетыту няма... Сёння на сняданак батон быў.

— З чым? — спыталі дактары. — Колькі лустачак?

— А навошта яго крышыць? — не зразумеў мужчына. — Я ўдоўж разрэзаў, маслам праслаіў і ўсё... Няма апетыту. А вось абед па талонах з'ядаю ўвесь. І беляшы з яешняй бяру...

Навукоўцы зноў не зразумелі нічога, бо тлушчу не знайшлі і ў Зайца.

Трэці суразмоўнік — каржакаваты, нешматслоўны халасцяк па прозвішчы Каваль — заявіў, што раніцай выпівае пяць сырых яек, якія прывозіць з вёскі, ды з'ядае з батонам кварту малака. Ну а далей — абед у сталоўцы. І беляшы — як закон.

...Каго яшчэ апытвала камісія, ужо не ў памяці, але і сама ў сталоўку прыходзіла, беляшы каштавала.

Якія зрабіла высновы, ніхто не ведае, бо ў хуткім часе той інстытут прыкрылі... А вось хімічная прамысловасць — выстаяла. Думаю, таму, што дзеля гэтага працавалі нашы хлопцы — тыя ж Заяц, Каваль і Юрась...

Таццяна Раманава,г. Наваполацк


Як Барсучыха агуркі прадавала

spb.vyborvkusa.ru

У народзе кажуць: «Сей гуркі на Пахома — будзеш цягаць мяхом!»

Дзве суседкі ў нас так і зрабілі. Насенне ў іх дружна ўзышло. І — ці той Пахом дапамог, ці проста лета добрае было — але ж такога ўраджаю жанчыны колькі жывуць — не бачылі! І сабе агуркоў назапасілі, і ўсіх сваіх забяспечылі, а яны ўсё растуць ды растуць.

Вырашылі гаспадынькі, што «лішнія» можна прадаць, нейкі рубель зарабіць. Надвячоркам у пятніцу выбралі (па два мяшкі атрымалася) ды сталі думаць, як жа даставіць. Варыянты былі розныя: альбо на машыне падвязе сын Мінчучыхі ці кватарант Барсучыхі, альбо (у крайнім выпадку) на тачках зацягнуць самі. На тым і разышліся.

Мінчучыха ўвесь вечар назвоньвала сыну — таго ўсё дома не было. Урэшце нявестка сказала, што яго і не будзе — машына зламалася, у Маладзечне заначуе. Значыць, трэба ісці да суседкі, казаць, каб яна дамаўлялася з кватарантам.

Пайшла, пастукала ў шыбу, як ёй здавалася, пабудзіла і ўсё сказала: пра сына, пра яго машыну... А тая, не разабраўшыся і ўбачыўшы, што кватаранта дома няма (хлопец малады, можа, з дзеўкай якой затрымаўся?), стала сама... збірацца на базар. Пачакала яшчэ каля хлеўчыка: думала, суседка падыдзе, дапаможа грузіць. Аднак той не было.

«Відаць, раней панеслася... Хаця ж каб першай быць», — пазлавала на Мінчучыху. Ды рабіць жа няма чаго: сама ўсцягнула мяхі на тачку, пакіравала на базар.

Па дарозе насцярожылася трохі, што спачатку нікога не спаткала, а потым... цэлы натоўп. Ёй бы падумаць, адкуль гэта (мо людзі з апошняга кінасеанса вяртаюцца?), але ж думкі былі пра іншае: як бы найлепшае месца заняць, стаць першай, пакуль не развіднела.

...На рынку і сапраўды было цёмна і пуста: ні табе Мінчучыхі, ні іншых канкурэнтаў. Значыць, можна пасядзець, каб аддыхацца, а потым нарэшце паглядзець на гадзіннік. Стрэлкі яго паказвалі поўнач.

Ала Клемянок, г. Смаргонь

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».