Ажурных ручнікоў цяпер амаль не сустрэнеш ні ў куфрах, ні на абразах у вясковых хатах. Хіба што ў краязнаўчых музеях. Ды і то — адзінкі. Тым не менш у Гарадоцкім раёне да сённяшняга дня традыцыі ажурнага ткацтва жывуць. Мясцовы майстар па ткацтве Марына Гушчо адзіная, хто займаецца ажурным ткацтвам у нашай краіне. У 2017 годзе абрад быў унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Прычым вырабляе яна ўнікальныя ручнікі на не менш унікальных кроснах. Іх адмыслова для яе змайстраваў муж, а дапамагаў сын.
Жанчына літаральна па крупінках збірала звесткі аб тэхніцы пляцення: хадзіла ў фальклорныя экспедыцыі, перачытвала спецыялізаваныя кнігі, шукала тых, хто мог хоць нешта ведаць пра ажурнае ткацтва. Такія ручнікі — іх называлі «кісяя» — у дамах жыхароў Гарадоцкага раёна займалі ганаровыя месцы. Іх вешалі ў чырвоным куце, апраўлялі імі абразы. Тэхніка вырабу вельмі складаная, тым больш што майстрыха вывучала яе па ўжо гатовых палотнах. А гэта значыць, трэба было ўзяць стары ручнік, палічыць кожную нітачку і стварыць максімальна набліжаную да арыгінала копію.
У Гарадоцкім доме фальклору Марына Леанідаўна вядзе гурток ткацтва. Вышыўка абярэга — ажурная праца. Увесь працэс стварэння ручніка займае амаль месяц. Але тыя, хто вучацца ў майстрыхі, задаволеныя. На пытанне, што павінна ўмець сучасная дзяўчына, мясцовыя жыхары адказваюць не задумваючыся: ткаць ручнікі, а калі не ўмееш — не возьмуць замуж.
У адрозненне ад ажурных тканін іншых мясцовасцяў, у мастацкім вырашэнні якіх вялікае значэнне мела кампазіцыя, гарадоцкая кісяя пераважна аднаколерная, бялюткая або шараватая, у ёй выкарыстоўваюцца фрагменты вышыўкі, вязання кручком. Яе мастацкая выразнасць заключаецца ў выяўленні ўласцівасцяў самога матэрыялу, ільну і дэкаратыўных магчымасцяў тэхнікі выканання вырабаў. Гарадоцкія ручнікі немагчыма пераблытаць з тымі, якія ткалі, напрыклад, на Палессі. У мясцовых тоны прыглушаныя, узоры зімовыя. А на поўдні, наадварот, буйства колераў і фарбаў.
Матэрыялам для ткацтва заўсёды служылі тонкія выбеленыя ніткі найвышэйшай якасці, якія рабілі з найлепшых гатункаў ільну. Каб яны не калмаціліся, пад станок ставілі чыгун з жарам. Характэрная асаблівасць кісяі — разрэджаная сеткавая структура палатна, якое складаецца з квадратаў, прамавугольнікаў, палос, якія па памеры павінны быць аднолькавыя. Па спосабе вырабу і мастацкіх асаблівасцях ажурныя палотны можна падзяліць на тры групы. Першая — тканіны, якія выраблены з дапамогай рэйкі і пропускаў у бярдзе, так утвараюцца прасветы ў тканіне, якія з дапамогай іголкі запаўняюцца мярэжкай. У другой выкарыстоўваецца дадатковы паўніт, які знаходзіцца паміж бярдом і нітамі. Пры ўздыманні ўверх ён перакручвае па дзве ніткі ў бярдзе, яны не дазваляюць шчыльна прыбіць куток. Так ствараецца сетка. Трэцяя група аб’ядноўвае два першыя спосабы.
За кошт выключна якасных матэрыялаў тканіны атрымліваліся лёгкія, празрыстыя і бліскучыя. Вытанчанасць ім надавала тэхніка, якой валодалі мясцовыя майстрыхі. Асаблівых правілаў яны не прытрымліваліся. Кожная хацела захаваць індывідуальнасць. Нават зазубрынкі на, здавалася б, аднолькавых узорах у іх выходзілі розныя. Таму нядзіўна, што ў мясцовым музеі не сустрэнеш ніводнага падобнага адзін да аднаго ручніка. Раней лічылася, што ў кожнага такога ручніка ёсць сакральны сэнс: адны дапамагаюць вылечыцца ад хвароб, другія — прыцягнуць удачу. Да майстрых звярталіся чэргі, хто рабіў заказ для сваёй сям’і.
Ажурнае ткацтва вышэйшае за рамяство і ўзнялося да ўзроўню мастацтва. Яно няпростае ў выкананні, таму кісяю могуць вырабляць толькі вельмі ўседлівыя, цярплівыя, уважлівыя майстрыхі. Марыя Гушчо якраз з такіх. Яна ніколі раней не планавала ўзнаўляць менавіта гэты кірунак народнага мастацтва, але, пераехаўшы з Крычава ў Гарадок, вельмі зацікавілася карпатлівай справай. І пасля таго, як пачала сама вучыць людзей ажурнаму ткацтву, зразумела, што гэты кірунак — зусім не для ўсіх. Гэта не праста механічная работа, тут не апошняе месца займае інтэлектуальны складнік: каб ручнік атрымаўся цэльны і мог парадаваць візуальнай эстэтыкай. Дарэчы, ў Гарадоцкім раёне дзейнасць Марыны Гушчо называюць грамадзянскім подзвігам.
Вікторыя АСКЕРА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.