Вы тут

У чым розніца паміж магнітна-рэзананснай і камп'ютарнай тамаграфіяй


Магнітна-рэзанансная тамаграфія (МРТ) і камп'ютарная тамаграфія (КТ) — сучасныя апаратныя метады дыягностыкі. І той, і другі спосаб вывучае структуру тканак паслойна, а вынік даследавання пераўтварае ў серыю здымкаў, што дапамагае ўрачу дакладней паставіць дыягназ. Якія існуюць супрацьпаказанні для МРТ і КТ? Ці варта настойваць на правядзенні гэтых абследаванняў і як часта іх можна праходзіць? Ці можна рабіць МРТ, калі на целе маюцца татуіроўкі? З гэтымі і іншымі пытаннямі дапамагла разабрацца кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення медыцынскага цэнтра «ЛАДЭ» Таццяна ЛУК'ЯНЕНКА.


Фота Алены Карху.

— Таццяна Мікалаеўна, у якіх выпадках выконваецца МРТ і КТ? У чым іх перавага над звыклымі рэнтгенам і УГД?

— Прамянёвая дыягностыка сёння мае вялікую разнастайнасць метадаў. Гэта і ўльтрагукавая дыягностыка, і рэнтгеналагічныя метады, і камп'ютарная тамаграфія, і магнітна-рэзанансная тамаграфія, і радыенуклідныя даследаванні. У тым ліку ў нашай краіне даступная гібрыдная візуалізацыя. Гэта пазітронна-эмісійная тамаграфія, сумешчаная з КТ (ПЭТ/КТ). Да кожнага з гэтых метадаў ёсць паказанні і супрацьпаказанні, гэтак жа як існуюць магчымасці і межы таго ці іншага абследавання.

МРТ і КТ — высокаінфарматыўныя метады, накіраваныя на дыферэнцыяльную дыягностыку, і выкарыстоўваюцца часта для ўдакладнення дыягназу. На першым узроўні візуалізацыі пацыент праходзіць УГД ці рэнтгеналагічнае даследаванне. Часам гэтага дастаткова, каб растлумачыць тую ці іншую сімптаматыку. Пры неабходнасці прызначаюцца КТ ці МРТ. Ёсць пералік клінічных, інструментальных, лабараторных даследаванняў, якія павінны быць выкананы, перш чым пацыент звернецца да высокатэхналагічных метадаў. І ўрачы прамянёвай дыягностыкі, і ўрачы клінічных спецыяльнасцяў працуюць строга па алгарытме — ад простага да складанага. Толькі ў рэдкіх выпадках абмінаецца першы этап і пачынаюць адразу з больш складаных метадаў. Такая практыка распаўсюджана і ў свеце.

— Ці трэба самому настойваць на правядзенні КТ ці МРТ?

— Усе віды рэнтгенаграфій, да якіх адносіцца КТ, у тым ліку КТ у стаматалогіі, суправаджаюцца прамянёвай нагрузкай, бо ў аснове метаду — крыніца іанізавальнага выпрамянення. Спецыялісты прамянёвай дыягностыкі загадзя інфармуюць пацыента і атрымліваюць яго згоду на абследаванне. Памер прамянёвай нагрузкі залежыць і ад абсталявання. Цяпер выкарыстоўваюць пераважна шматзрэзавыя камп'ютарныя тамографы.

Што датычыцца МРТ, то на дадзены момант няма навукова даказаных фактаў яе шкоднага ўплыву на арганізм. Гэтае даследаванне не суправаджаецца прамянёвай нагрузкай, і ў пэўных выпадках МРТ робіцца нават дзецям.

— Колькі разоў на год можна рабіць МРТ?

— Неабмежавана.

— Каб абследавацца на наяўнасць, напрыклад, злаякасных пухлін, можна зрабіць КТ усяго арганізма?

— Такая працэдура не гарантуе бяспекі. У прафілактычных мэтах КТ не выконваюць, бо будуць перавышаны дозавыя прамянёвыя нагрузкі.

— З гэтых прычын многія не жадаюць рабіць і флюараграфію...

— Адназначна можна сказаць, што падчас планавага прафілактычнага абследавання лёгкіх, што дапамагае своечасова выявіць паталогію з боку органаў дыхання (туберкулёз, рак лёгкіх і інш.), пацыент атрымлівае мінімальную нагрузку пры максімальнай дыягнастычнай інфармацыі. Сёння ўстановы аховы здароўя набываюць сучаснае рэнтгенаўскае абсталяванне, лічбавыя апараты, якія адпавядаюць патрабаванням якасці Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Адна флюараграфія на год не перавысіць гадавую дозу прамянёвай нагрузкі. Аднак нельга забываць і аб магчымасцях КТ, якая з'яўляецца «залатым стандартам» для дыягностыкі паталогіі органаў дыхання, асабліва калі маецца неадпаведнасць клінічных і лабараторна-інструментальных дадзеных.

Магчымасці сучасных магнітна-рэзанансных тамографаў дазваляюць выканаць МРТ усяго цела. Наш цэнтр, напрыклад, у хуткім часе збіраецца ўстанавіць новы апарат МРТ, пры дапамозе якога можна выканаць гэту працэдуру. Акрамя таго, ён ліквідуе фізіялагічныя артэфакты, абумоўленыя рухамі пацыента (дыхання, глытання і інш.), што вельмі важна для дыягностыкі. Калі параўноўваць з КТ ці рэнтгенаграфіяй, то МРТ усё ж дастаткова доўгая працэдура — 20—25 хвілін. Рэнтгенаграфія і КТ займаюць ад некалькіх секундаў да некалькіх хвілін.

— У якіх выпадках робіцца МРТ, а ў якіх КТ?

— Гэта вызначае спецыяліст згодна з дакладным алгарытмам. У якасці прыкладу прывяду выбар метадаў пры абследаванні галавы і шыі. Пры падазрэнні на наяўнасць аб'ёмнага паталагічнага ўтварэння, пераломах асновы і зводу чэрапа, іншых траўмах, парушэннях унутрымазгавога кровазабеспячэння выконваецца КТ. У такіх выпадках, улічваючы экстраннасць, гэта дае магчымасць хутка вызначыцца з дыягназам. Аднак самыя раннія змяненні пры парушэннях унутрымазгавога кровазабеспячэння магчыма выявіць пры выкананні спецыяльных МР-дыфузійных праграм (ранняй дыягностыкі інсультаў).

МРТ робіцца пры анамаліях развіцця галаўнога мозга, падазрэннях на наяўнасць паталагічных утварэнняў у поласці чэрапа, рэцыдывах пасля хірургічнага і камбінаванага лячэння. Пры дэміелінізуючых захворваннях (цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы. — «Зв.»), а гэта вялікая група, пры тым жа рассеянным склерозе таксама карыстаюцца МРТ, бо КТ мае нізкую адчувальнасць. Пры сасудзістых мальфармацыях, падазрэннях на анеўрызму, стэнозах таксама робіцца МРТ з выкананнем спецыяльных сасудзістых праграм — МР-ангіяграфіі і МР-венаграфіі.

— Ці ёсць абмежаванні і супрацьпаказанні для гэтых абследаванняў?

— Што датычыцца МРТ, то ёсць пералік абсалютных і адносных супрацьпаказанняў. Сярод абсалютных — наяўнасць кардыёстымулятара, ферамагнітных электронных імплантаў сярэдняга вуха, іншых вялікіх імплантаў, ферамагнітных сколкаў, ферамагнітных іншародных цел, кроваспыняльных кліпсаў сасудаў галаўнога мозга, магчымых металічных канструкцый. Праўда, цяпер выкарыстоўваюцца пераважна тытанавыя канструкцыі, яны не з'яўляюцца ферамагнітамі. У такіх выпадках мае сэнс выканаць КТ. Адносныя супрацьпаказанні — інсулінавыя помпы, нервовыя стымулятары, неферамагнітныя імпланты сярэдняга вуха, пратэзы клапанаў сэрца, клаўстрафобія, асаблівы стан пацыента, у прыватнасці псіхаматорнае ўзбуджэнне. Перманентны макіяж, татуіроўкі не з'яўляюцца адназначным супрацьпаказаннем, але ў кожным выпадку індывідуальна мы вырашаем, ці паўплываюць яны на вынік, бо такі малюнак часам змяшчае дадатковыя мігатлівыя кампаненты, якія могуць аказацца ферамагнітамі. Кольцы для пірсінгу і іншыя металічныя ўпрыгажэнні, токаправодзячае адзенне, гадзіннікі, акуляры загадзя прапануем зняць, дастаць з кішэняў карткі і тэлефоны. Пры цяжарнасці ад МРТ лепш устрымацца ў першым і апошнім трыместрах, ад КТ — тым больш. Пры выкананні КТ тыя ж абмежаванні, што і пры рэнтгенаўскіх метадах, што звязана з дозавымі межамі.

— Ці часта даводзіцца выяўляць запушчаныя выпадкі раку? Як пра анкалагічнае захворванне паведаміць блізкім і самому хвораму?

— Казаць пра гэта заўсёды складана. Але пацыент мае права ведаць, у тым ліку каб своечасова было прызначана лячэнне, каб быў правільны алгарытм яго маршрутызацыі да спецыялістаў. Калі ёсць праблема, мы кажам пацыенту, што патрабуецца кансультацыя ўрача-анколага, заўсёды адлюстроўваем гэта ў пратаколах, каб хворы ішоў па правільным шляху.

Сапраўды бываюць познія звароты і да ўрача-клініцыста, і да ўрача прамянёвай дыягностыкі. Тут вельмі важна, каб правільна былі прызначаны метады абследавання і выконваўся алгарытм для дыягнастычнага пошуку. Гэта ўжо задача спецыяліста — правільна накіраваць пацыента на высокаінфарматыўныя метады: МРТ ці КТ або ангіяграфічныя даследаванні, у тым ліку і ПЭТ/КТ, каб хутка паставіць дыягназ і своечасова пачаць лячэнне.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Арганізм «наскрозь»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.