Майстрыха па народнай вышыўцы Аксана Карабліна і майстар па ткацтве Раіса Агель жывуць у Чашніцкім раёне, больш за дзесяць гадоў працуюць у мясцовым Доме рамёстваў — захоўваюць і адраджаюць рэгіянальнае побытавае майстэрства, папаўняюць каштоўную скарбонку ўнікальнымі ручнікамі, сатканымі і вышытымі ўручную.
Дзякуючы руплівым рукадзельніцам, чашніцкі Дом рамёстваў правёў грунтоўную навукова-даследчую работу і рэканструяваў жаночы строй. Такія строі (у іх Аксана і Раіса пазіруюць для фота) насілі мясцовыя прыгажуні-модніцы яшчэ ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Цяпер на кожным гарадскім і раённым свяце, на прэстыжных абласных і рэспубліканскіх фестывалях майстрыхі красуюцца ў сваіх вытанчаных, расквечаных арнаментамі і кветкамі сарочках і фартухах, абвітых стракатымі паясочкамі і чырвонымі каралямі.
— Мы імкнёмся паказаць самабытнасць свайго Паазерскага краю, вяртаць памяць да сваіх каранёў, паказваць, як чашніцкі строй гарманічна пасуе ў любым асяроддзі — і на сцэне, і сярод людзей, і, асабліва, на ўлонні прыроды, — зазначаюць рукадзельніцы.
Для гэтага фотаздымка мы выбралі самую вядомую ў акрузе крыніцу пад назвай Езус. Мясцовыя людзі называлі крыніцу на свой лад — «Язус», націскаючы на другі склад. А знаходзіцца выток у лесе за вёскай Вішкавічы. Здаўна крынічная вада лічылася гаючай, бо дапамагала ад хвароб вачэй, доўга захоўвалася, у яе спецыфічны пах. Цяпер крыніца ахоўваецца дзяржавай, ёй нададзены статус помніка. Недалёка ад Езуса знаходзіцца і гарадзішча, і возера — Святое.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.