Вы тут

Больш за 2 тыс. артыстаў і народных майстроў задзейнічаюць на «Купаллі»


Яркая і насычаная культурна-забаўляльная праграма чакае гасцей і ўдзельнікаў рэспубліканскага свята «Купалле» ( «Александрыя збірае сяброў»), які ў дзясяты раз пройдзе на маляўнічым беразе Дняпра ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 6-7 ліпеня, паведамляе БЕЛТА.


Фота tribunapracy.by

Сярод удзельнікаў мерапрыемства больш за 2 тыс. прафесійных і самадзейных артыстаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці. Кожны рэгіён Беларусі прадставіць свой самы вядомы фестывальны праект. У гэтым годзе Александрыя сустрэне гасцей з 6 краін. Чакаюцца вялікія дэлегацыі з Расіі і Украіны, пацвердзілі ўдзел партнёры з Эстоніі, Літвы, Латвіі і Польшчы. Краіны-ўдзельніцы прадставяць калектывы народнай творчасці і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Нацыянальным каларытам гасцей «Купалля» пацешаць прадстаўнікі Курска, Цверы, Ніжняга Ноўгарада, Разані, (Расія), Івана-Франкоўска, Цярнопаля і Херсона (Украіна). 

На працягу двух дзён пройдзе выстава-кірмаш «Александрыйскі кірмаш» з экспазіцыйна-тэматычнымі купальскімі падвор’ямі. Гандлёвыя кропкі размесцяцца на «Александрыйскай гасцiне», пляцоўка «Творчасць маладых» стане месцам дэманстрацыі розных спартыўных, творчых, навукова-тэхнічных праграм і дасягненняў моладзі. Тут пройдуць канцэрты беларускіх і замежных фальклорных калектываў, выступяць вядомыя барды з Беларусі і Расіі. 

Мінскі трактарны завод прэзентуе сваю прадукцыю на пляцоўцы «Зроблена ў Беларусi», а булачна-кандытарская кампанія «Домочай» — у «Каравайнай сялібе». Падчас свята будуць адкрыты павільёны «Кніжны кірмаш» і «Друкарскі двор» з зонамі вытворчасці паперы і друку, прэзентацыямі кніг і часопісаў. Любы ахвотны зможа ўзяць удзел у шматлікіх майстар-класах, тэматычных квэстах, спартыўных спаборніцтвах, гульнях і конкурсах.

Цікавай абяцае стаць пляцоўка «Свята цырка ў Александрыі» з цыркавымі выступамі, гульнямі і атракцыёнамі. Тут пройдзе і дабрачыннае прадстаўленне, якое наведаюць дзеці-інваліды. 

Цэнтральная падзея свята — грандыёзнае нацыянальнае шоў «Зроблена ў Беларусі» на галоўнай пляцоўцы з удзелам замежных і айчынных выканаўцаў. Тэма малой радзімы стане на ім галоўнай. Асновай праграмы будуць песні з альбома «Куточак Беларусi» лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка. У канцэрце задзейнічана вялікая колькасць артыстаў. Сярод іх народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха, зоркі эстрады Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Іскуі Абалян, а таксама Леў Лешчанка і ўкраінская спявачка Ціна Караль. 

Выступленне артыстаў будзе суправаджаць гурт «Аўра». Арганізатары абяцаюць канцэрт з жывой музыкай. «Мы маем намер стварыць нязмушаную, душэўную атмасферу і забяспечыць непасрэдныя зносіны артыстаў з гледачамі. Прагучыць шмат вядомых кампазіцый, у тым ліку нямала вясёлых і запальных. Мы прыдумалі таксама іх візуальнае суправаджэнне, у выніку павінен атрымацца вельмі цікавы творчы прадукт», — распавяла аўтар ідэі гала-канцэрта, спявачка і кампазітар Юлія Быкава. Фіналам першага дня стане піратэхнічнае шоу і начная дыскатэка з удзелам папулярных маладзёжных груп і дыджэяў. 

На малой сцэне ў першы дзень адбудуцца адкрыццё і тры канцэрты, дзе выступяць творчыя калектывы рэгіёнаў Беларусі і краін — удзельніц свята, дзіцячыя ансамблі Магілёўскай вобласці, прафесійныя артысты Прыдняпроўскага краю. У другі дзень маштабнага праекта пляцоўкі працягнуць працу. Пройдзе ўшанаванне перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці, а затым — выступленне народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі і ансамбля «Сябры». 

Для зручнасці наведвальнікаў усталяваныя інфармацыйныя тумбы, будуць працаваць камеры захоўвання і пункт абмену валют. На тэрыторыі Александрыі уладкаваны імправізаваны намётавы лагер, а побач з аграгарадком разгарнуўся кемпінг. 

Для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў да месца свята выбудаваная зручная транспартная лагістыка. Прадугледжаны рух дадатковых цягнікоў рэгіянальных ліній і аўтобусных рэйсаў. Усе маршруты ўвязаны з пачаткам і заканчэннем мерапрыемстваў. Для гасцей, якія прыбылі на асабістым транспарце, прадугледжаны ўладкаваныя паркоўкі па аўтадарозе Орша — Шклоў — Магілёў (Р76), у вёсцы Межнік і гарадскім пасёлку Копысь (Віцебская вобласць). Для перавозкі гасцей свята ад парковачных месцаў да Александрыі будуць курсіраваць аўтобусы. 

Чакаецца, што ў гэтым годзе свята наведаюць больш за 80 тыс. чалавек. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт і Шклоўскі райвыканкам.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.