Сёлета ў Беларусі плануюць сабраць 7,6 мільёна тон збожжа. Нягледзячы на тое, што вясной і ў пачатку лета склалася неспрыяльнае для пасеваў надвор'е, аграрыі зрабілі ўсё магчымае, каб страты не адбіліся на ўраджаі. Акрамя гэтага, у сельскагаспадарчых арганізацыях і фермерскіх гаспадарках будзе вырашчана звыш 1 мільёна тон бульбы, 560 тысяч тон гародніны і 150 тысяч тон пладова-ягаднай прадукцыі.
— Дэфіцыт ападкаў у спалучэнні з павышаным тэмпературным рэжымам выклікаў інтэнсіўную страту вільгаці ў глебе, асабліва на поўдні краіны. А ў трэцяй дэкадзе чэрвеня пачаліся ліўні са шквалістым ветрам. Гэта прывяло да частковага палягання і пашкоджання пасеваў у шэрагу рэгіёнаў краіны, — расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна КАРБАНОВІЧ.
Пасевы пашкоджаны на 213 тысячах гектараў, пры гэтым на 70,9 тысячы гектараў яны загінулі. Пераважна гэта азімыя збожжавыя (17,7 тысячы гектараў) і яравыя збожжавыя (22,4 тысячы гектараў), а таксама 2 тысячы гектараў цукровых буракоў. Каб страты не паўплывалі на аб'ём ураджаю, было перасеяна 20 тысяч гектараў. Акрамя таго, пашкоджаныя пасевы ўбіраліся на сянаж, у выніку было загатавана 200 тысяч тон зернесенажу. Таксама пашкоджаны нязначныя плошчы бульбы і плодаагароднінных культур.
— Вырашчаныя аб'ёмы бульбы і плодаагародніннай прадукцыі дазволяць цалкам забяспечыць патрэбу ўнутранага рынку, а таксама мець свабодныя рэсурсы для пастаўкі на экспарт, — адзначыла Таццяна Карбановіч.
З чаканага мільёна тон бульбы каля 190 тысяч тон пойдзе на насенне, 180 тысяч тон накіруюць на прамперапрацоўку, 165 тысяч тон — у гандаль і грамадскае харчаванне, у тым ліку і для закладкі ў стабілізацыйныя фонды. Яшчэ 645 тысяч тон плануецца рэалізаваць на рынках і кірмашах, а таксама паставіць на экспарт.
Спецыяліст расказала, што ў сувязі з пацяпленнем клімату на нашай тэрыторыі вырошчваецца ўжо каля 40 найменняў гароднінных культур і больш за 30 найменняў ягадных. У апошнія гады з'явіліся новыя, нетрадыцыйныя для нас віды. Другі год запар у Беларусі вырошчваюцца кавуны, сёлета пад іх адведзена каля 40 гектараў. У фермерскіх і сельскагаспадарчых арганізацыях закладваюць вінаграднікі — іх ужо каля 80 гектараў. Пашыраецца і асартымент ягадных культур, у прыватнасці, у нас актыўна пачалі вырошчваць буякі. Змены надвор'я даюць магчымасць атрымліваць ураджай ранняй гародніны, а таксама пашыраць колькасць сартоў. У прыватнасці, што датычыцца таматаў, то іх зараз шмат — буйнаплодныя, сярэдняплодныя, чэры, слівападобныя і іншыя. Вырошчваецца ў Беларусі і шырокі асартымент капусных культур.
Па даных Мінсельгасхарча, сёлета з чаканага ўраджаю гародніны 180 тысяч тон плануюць накіраваць у гандаль і грамадскае харчаванне, а таксама для закладкі ў стабфонды, 43 тысячы тон перапрацуюць, 337 тысяч тон рэалізуюць на рынках і кірмашах. Дарэчы, уборка гародніны пачата ў сельскагаспадарчых арганізацыях і фермерскіх гаспадарках. Сабрана больш за 61 тысячу тон — на 34 % больш, чым у гэты перыяд летась.
— Важна, каб сабраная прадукцыя была запатрабаваная і рэалізаваная. Нашы саджанцы, напрыклад, растуць ад Калінінграда да Сахаліна, і прадукцыя не выклікае нараканняў, — падкрэсліла суразмоўніца.
Таццяна Карбановіч адзначыла, што забеспячэнне насельніцтва гароднінай у міжсезонны перыяд ажыццяўляецца, як правіла, са стабілізацыйных фондаў. Зараз аб'ём закладкі ў іх вызначаецца сумесна з аблвыканкамамі, Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю і іншымі зацікаўленымі.
— Вясной гэтага года ў гандлі адсутнічала беларуская цыбуля, мы абмеркавалі пытанне і высветлілі, што з 2015 да 2018 года аб'ёмы закладкі скараціліся больш чым на 30 %. Каб не было дэфіцыту гародніны ў міжсезонне, прынята рашэнне аналізаваць стан спажывецкага рынку краіны, праводзіць маніторынг вытворчасці культур у суседніх краінах і зыходзячы з гэтага фарміраваць аб'ём закладкі ў стабілізацыйныя фонды. Мяркую, што гэта дасць магчымасць у поўнай меры задаволіць нашы патрэбы, каб такія сітуацыі не паўтараліся.
Спецыяліст закранула і пытанне развіцця ў краіне арганічнай сельскай гаспадаркі — без хімічных прэпаратаў, гармонаў росту, антыбіётыкаў, метадаў геннай інжынерыі, калі вынік дасягаецца за кошт агратэхнічных прыёмаў, папярэджання ўзнікнення хвароб і распаўсюджання шкоднікаў механічнымі і біялагічнымі метадамі. Штогод у свеце сегмент арганічнай сельскай гаспадаркі прырастае на 10—20 %. Сёння ў Беларусі ёй займаюцца 27 вытворцаў, каля 1600 гектараў зямлі сертыфікавана ў якасці арганічнай.
Начальнік упраўлення мясной і малочнай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Павел ЯНАЎ расказаў, што прадукцыяй жывёлагадоўлі наш унутраны рынак забяспечваецца на 95—98 %.
— Сёння не існуе праблемы насыціць унутраны рынак, мы з ёй паспяхова справіліся. Зараз перад намі іншая задача — павялічваць пастаўкі на экспарт, — падкрэсліў спецыяліст.
Сёння за мяжу Беларусь пастаўляе каля 30 % ад вырабленага мяса і мясной прадукцыі і 57 % малочнай прадукцыі. Беларускае малако паступае ў 90 краін свету, мяса — у 19.
Узровень харчовай бяспекі і незалежнасці вызначаецца па 10 групах тавараў, нагадала намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля МЕЛЬНІКАВА. Гэта зерне, малако, мяса, цукар, алей, бульба, гародніна, ягады і фрукты, яйкі, рыба. Ён забяспечаны, калі доля гэтых прадуктаў беларускай вытворчасці складае на рынку 80—85 %, а імпарт не перавышае 15—20 %. У Беларусі забяспечанасць айчыннымі малаком, мясам, маслам, яйкамі, капустай, буракамі, морквай, бульбай, цыбуляй, агуркамі, мукой, мінеральнай вадой, цукрам, сырамі, крупамі складае амаль 100 %. Па асобных групах тавараў вытворчасць перавышае патрэбу ўнутранага рынку: па мясе — у 1,4 раза, малаку — у 2,3, яйках — у 1,3, бульбе — у 1,3, цукру — у 2,2 раза. Узровень самазабеспячэння практычна дасягнуты па зерні, крыху не дацягвае па алеі, фруктах і ягадах. А нормы спажывання, устаноўленыя Міністэрствам аховы здароўя, беларусы перавышаюць па 6 групах тавараў з 10. Спажыванне мяса і мясапрадуктаў перавышае норму на 31 %, яек — на 3 %, алею — на 55 %, цукру — на 19 %, бульбы — на 33 %, гародніны — на 7 %. Штогод вытворчасць харчовых тавараў павялічваецца на 3-4 %.
Што датычыцца цэн, то цяпер назіраецца іх зніжэнне на сезонную прадукцыю.
— Істотны рост цэн сёлета назіраўся на мяса, асабліва кураціну. І ў гэтым вінаваты не толькі гандаль, але і вытворцы. На сёння індэкс спажывецкіх цэн складае 100,3 %, — адзначыла Наталля Мельнікава.
Алена КРАВЕЦ
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.