Беларусам падабаюцца творы, прасякнутыя незалежнымі настроямі. Таму былі такія папулярныя ў 1920-я гады кнігі Міхася Зарэцкага накшталт «Голага звера», а ў 1930-я — прыгодніцкая аповесць пра «Міколку-паравоза» Міхася Лынькова і палемічныя артыкулы маладога Рыгора Бярозкіна, у 1940-я — вольналюбівыя вершы Пімена Панчанкі (напрыклад, яго дзівосны цыкл «Іранскі дзённік»), а ў часы Брэжнева — раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча і «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна ці «Мёртвым не баліць» Васіля Быкава.
А якая радасць была, калі ў той жа хрушчоўска-брэжнеўскі перыяд вярталіся творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Тодара Кляшторнага, Уладзіміра Хадыкі, Юркі Лявоннага, калі па-новаму можна было адкрыць для сябе дзёрзкую творчасць Уладзіміра Дубоўкі, вострую прозу Максіма Гарэцкага (напрыклад, яго «Віленскіх камунараў»).
Сапраўдным адкрыццём таксама была і творчасць Міхася Стральцова з Алесем Наўроцкім.
Калі Міхась Лявонавіч напісаў апавяданне «Свет Іванавіч, былы донжуан», то стаў сапраўднай зоркай нашай літаратуры.
З’явіўся новы герой: непрыкаяна-незалежны, незадаволены той рэчаіснасцю, у якой вымушаны быў жыць, фізічна моцны, прыгожы (падабаўся жанчынам) і разам з тым няўпэўнены ў той «шчаслівай» светлай будучыні, пра якую нястомна казалі за савецкім часам. Яшчэ адзін вялікі плюс твора — ён заканчваўся па-галівудску шчасліва, герой знаходзіць у сабе сілы сустрэцца са сваім каханнем, забыцца на ўяўныя крыўды, мець у сабе сілы стаць шчаслівым.
Алесь Наўроцкі — майстар нязвыкла-хуліганістых, падкрэслена-анархічных вершаў. Гэты паэт як быццам жыў не ў таталітарнай краіне, а ў якой-небудзь сытай дадаістычнай Францыі ці ў сюррэалістычнай Партугаліі. Яго творы захаплялі нязвыклай, гратэскнай метафарыстыкай, нагадвалі танцы вясёлага фаўна, якому пляваць на ўмоўнасці і правілы.
Беларускай інтэлігенцыі вельмі падабалася чытаць згаданых аўтараў. І гэта нядзіўна.
У падобных вершах, апавяданнях і раманах беларусы знаходзілі тое, чаго не было ў іх беднай і такой несвабоднай рэчаіснасці.
Яны знаходзілі праўдзівую ідэю незалежнасці.
Бо незалежнасць для нас была як нейкі вечны сон, заўсёдная галюцынацыя, якая ніколі не скончыцца, не абарвецца і можа не стаць явай.
Беларусы звыклі жыць «пад прыгнётам панскім», звыклі прыстасоўвацца, і, магчыма, нечакана здабытае пачуццё волі іх бы не столькі абрадавала, колькі б напалохала, бо невядома, што з гэтай воляй рабіць.
Калі ты прыстасоўваешся, то адначасова і вучышся хітрыць, абыходзіць тыя межы, у якія заганяе чарговы гаспадар.
У гэтым плане былі вельмі цікавыя артыкулы Антона Адамовіча, які напісаў на эміграцыі не адно даследаванне пра нашых літаратараў, што ў часы самага росквіту сталінскага таталітарызму маглі пісаць прыхавана-свабодалюбівыя творы.
Па сутнасці, уся наша найлепшая літаратура ад Якуба Коласа да Івана Чыгрынава прасякнута менавіта гэтымі матывамі падтэкстнага супраціву. Нават такі ідэалагічна правільны пісьменнік, як Алесь Савіцкі, і той аднойчы здзівіў савецкую грамадскасць, напісаўшы эратычнаразняволеную ў стылі «Карыды кахання» аповесць.
Цікава тое, што чым больш ускладнялася жыццё, чым вастрэй лютавалі рэпрэсіі — тым цікавей было чытаць беларускіх літаратараў. Бо нават такія вонкава адыёзныя крытыкі, як Алесь Кучар, дазвалялі сабе алегарычныя выказванні, якія зараз успрымаюцца як тонкі выпад супраць рэчаіснасці.
Хаця чаму адыёзныя? Калі зараз перачытваеш артыкулы Кучара 1930-х гадоў, то здзіўляешся, што трапных, вострых заўваг, нечаканых параўнанняў, па-сапраўднаму цікавага аналізу там болей, чым трафарэтна-сацрэалістычных выразаў.
Алесь Кучар не баяўся пісаць пра тое, што сучасныя яму айчынныя літаратары пішуць без бляску і выдумкі, што сталінская літаратура патанае ў схематызме, што чытаць, па сутнасці, няма каго. Алесь Кучар, пры ўсіх сваіх вядомых якасцях, прыслужніцтве і каварнай асцярожнасці, тым не менш, нейкім цудам здолеў захаваць і незалежнасць уласнай думкі, пэўную смеласць і нават дзёрзкасць.
Яму хапала храбрасці адстойваць у 1936 годзе творчасць Уладзіміра Хадыкі, якога праз тры гады арыштуюць… Станоўча адзначаць у 1935-м некаторыя апавяданні Барыса Мікуліча, чый лёс гэтаксама будзе заснежаны сібірскімі завеямі.
Сёння Беларусь — незалежная дзяржава і па начах не прыязджаюць варанкі, можна хадзіць па вуліцах спакойна... А сапраўдная літаратура? Можна сказаць, што яе і няма!
Не, вядома, хапае вонкава цікавых тэкстаў, як празаічных, так і рыфмаваных. Ёсць творы іранічна-постмадэрновага Віктара Лупасіна і зместава-насычаная проза Валерыя Гапеева, ёсць эмацыянальныя вершы Кацярыны Глухоўскай і эсэ Кастуся Касяка.
Праводзяцца літаратурныя конкурсы, ёсць лаўрэаты, але трэба прызнаць, што так і няма праўдзівага вострага вонкава і ўнутрана незалежнага рамана, паэмы, апавядання, якія б адлюстроўвалі сённяшнюю краіну.
Пісьменнікі выдаюць кнігі самыя розныя па якасці, эстэтычным скіраванні, але цяпер няма патрэбы ствараць тонкія алегарычныя творы, хітраваць, пісаць эзопавай мовай. Зніклі перадумовы для напісання тэкстаў, роўных па якасці творам 1920—1960-х гг.
У нашу краіну прыйшла фактычная незалежнасць і амаль адначасова разам з ёй наступіў перыяд літаратуры, у якой закалыханасць пераважае ўсе іншыя пачуцці. Чым большую самастойнасць здабывала краіна, тым больш, на мой погляд, бездапаможнай і па-дзіцячы пераймальнай выглядала літаратура.
Парадокс, але, відаць, для таго, каб адчуць сябе ў творчасці праўдзіва-свабоднымі, нашым літаратарам трэба жыць у краіне поўнай несвабоды. І чым цяжэй, тым пісьменніцкая думка вастрэй працуе.
Цікава, ці з’явяцца новыя дзёрзкія Дубоўкі, Гарэцкія, Стральцовы ці Шамякіны?
Беларусам па-ранейшаму падабаюцца творы, прасякнутыя незалежнымі настроямі. І па-ранейшаму Максім Зарэцкі, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч альбо нават Алесь Кучар кладуць на лапаткі сённяшніх зорак нашага Парнаса.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.