Вы тут

Дождж — дабро ці пакаранне?


Наталля Мікалаеўна з Маладзечна пытаецца: «На Беларусі даволі жорсткая засуха, якая цягнулася амаль два месяцы, змянілася пахаладаннем і дажджамі. А як у народнай культуры ставіліся да дажджу?»


У народнай культуры дождж атаясамліваўся з апладняльнымі сіламі, сімвалізаваў пладаноснасць, быў увасабленнем жыватворнай повязі Зямлі і Неба. Лічылася, што дождж — гэта Божы дар, які сыходзіць у выглядзе кропель. Таму адсутнасць дажджу ці, наадварот, працяглыя дажджы, успрымаліся як пакаранне за людскія грахі. Напрыклад, існавала перакананасць: калі не прытрымлівацца летняга Пятроўскага посту, які пачынаецца праз тыдзень пасля Тройцы, у панядзелак, а заканчваецца ў дзень ушанавання апосталаў Пятра і Паўла — 12 ліпеня, «на галаву пральецца дождж аж усе тры наступныя тыдні».

Дождж стаў сімвалам дабра і зла ў жыцці чалавека. З аднаго боку, існавала павер'е: калі ў час вяселля пойдзе дождж, сям'я будзе жыць з пастаянным прыбыткам. Дождж у пачатку любой справы (напрыклад, будаўніцтва хаты, капання калодзежа і г. д.) ці шляху сімвалізаваў поспех, добры вынік работы. З другога боку, калі ў час пахавання ішоў дождж і кроплі падалі ў магілу, гэта прадказвала новае няшчасце, новыя «слёзы». У той жа час дождж падчас галашэння па памерлым успрымаўся як знак звыш: «Добры чалавек памёр, неба па ім слёзы лье». У час моцнага дажджу ўвогуле непажадана было хаваць чалавека, каб не «закапаць» дождж і не наклікаць новую бяду.

Да дажджу, які ідзе пры сонцы, заўсёды былі станоўчыя адносіны. Такі дождж звалі спрыяльным, грыбным, людзі былі перакананыя, што дзеці, якія трапілі пад такі дождж, будуць лепш расці і гадавацца. Сярод славян было распаўсюджана меркаванне, што вясёлка адным сваім канцом п'е ваду з мора, а другім пралівае дождж на зямлю.

Працяглыя дажджы, якія не давалі магчымасці выйсці ў поле, сабраць ураджай, высушыць сена і г. д., лічыліся ў традыцыйнай культуры наступствам грахоў або пакараннем за іх. Для таго каб спыніць доўгатэрміновыя дажджы, выконвалі так званыя «спыняючыя» дзеянні, пры дапамозе якіх стараліся «адагнаць» хмары ад вёскі. Дзеля гэтага:

— выкідвалі з хаты на двор або на дах хаты «печныя» і «хлебныя» прылады працы — хлебную лапату, дзяжу, чапялу, — тое, што бліжэй да печы, а значыць, да агню, — і «выпечы» або «запячы» дождж;

— горача палілі ў печы і раскрывалі вокны і дзверы хаты;

— выкідвалі на двор галінкі асвечанай вярбы, траецкі май і купальскія зёлкі;

— чыталі малітвы і замовы.

У народнай метэаралогіі існавалі наступныя прадказанні: калі дождж ідзе ў пятніцу, то будзе ісці ўвесь наступны тыдзень; калі з раніцы дождж — да апоўдню то ж; калі на лужах у час дажджу выскокваюць пузыры, трэба чакаць яшчэ больш моцнага дажджу; жабы моцна крычаць — быць дажджу; калі кветкі, травы з раніцы вытачаюць больш моцны пах, будзе дождж.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.