Вы тут

Навошта нам былі патрэбны Еўрапейскія гульні?


Што атрымала наша краіна ад правядзення мультыспартыўнага турніру і якую спадчыну пакінулі пасля сябе Гульні для кожнага беларуса

ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску ўжо сталі гісторыяй, але ўспаміны пра гэтыя дзесяць дзён яшчэ свежыя ў памяці. Цяпер традыцыйна настаў час падвядзення вынікаў. Калі казаць пра спартыўны складнік, то турнір у Мінску быў вельмі паспяховы для беларускай каманды, пра гэта заявіў першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі, шэф місіі беларускай дэлегацыі на ІІ Еўрапейскіх гульнях Вячаслаў ДУРНОЎ. Ён адзначыў, што перад стартам турніру ніхто не агучваў спартсменам колькасць медалёў, якія яны павінны заваяваць, але вынік перасягнуў усе планы і чаканні.


«69 медалёў — гэта дасягненне. Нам хацелася перасягнуць колькасць узнагарод у Баку, і гэта атрымалася, — адзначыў Вячаслаў Дурноў. — Практычна ўсе віды спорту ў нас былі медальныя, напэўна, за выключэннем бадмінтона, які мы толькі развіваем. Няўдалым атрымалася выступленне беларусаў у настольным тэнісе. Але змагаліся ўсе. Прыемна і тое, што нашы спартсмены заваявалі дзве ліцэнзіі (у стральбе і лёгкай атлетыцы) на ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Токіа».

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ.

Таксама Вячаслаў Дурноў падкрэсліў, што, нягледзячы на тое што ў Беларусі такія маштабныя спаборніцтвы праводзіліся ўпершыню, арганізатарамі не было дапушчана ніякіх зрываў. Гэта датычыцца ўсяго: і арганізацыі, і харчавання, і пражывання, і правядзення спартыўных спаборніцтваў. «Еўрапейскія гульні — праект новы, малады, і мы падтрымалі яго на належным узроўні і далі пуцёўку ў далейшае жыццё», — адзначыў першы намеснік міністра спорту і турызму.

***

Намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Анатоль КОТАЎ, кажучы пра вопыт і спадчыну турніру для краіны, у першую чаргу спыніўся на тым, што найбольш адчувальна. «Непасрэдна да Гульняў была завершана рэканструкцыя стадыёна «Дынама». За кадрам таксама засталіся яшчэ чатыры аб'екты, якія атрымала краіна дзякуючы правядзенню Гульняў. Гэта Палац гімнастыкі, у якім трэніраваліся нашы зоркі, што падымаліся на п'едэстал у Мінску, мадэрнізацыя базы шэрагу нашых зборных «Стайкі», РНПЦ спорту і вучылішча алімпійскага рэзерву, якое заклікана рыхтаваць змену тым зоркам, якія ўжо пабывалі на п'едэстале. Таксама адным з самых адчувальных вынікаў правядзення ў краіне Гульняў стала мадэрнізацыя Студэнцкай вёскі — там з'явіўся новы стадыён, абсалютна новая паліклініка, былі здадзены два дадатковыя інтэрнаты. З 1 верасня, я думаю, студэнты павінны сказаць нам дзякуй і дараваць некаторыя нязручнасці, звязаныя з перамяшчэннем іх на час рамонту і Гульняў у іншыя месцы сталіцы», — расказаў Анатоль Анатолевіч. Таксама ён адзначыў, што ў краіне засталося ўсё тое дарагое спартыўнае абсталяванне, якое закуплялася да Гульняў. Горад атрымаў больш за 300 новых аўтобусаў і электробусаў, істотна абнавіліся аўтапаркі абласных транспартных арганізацый. Анатоль Котаў падкрэсліў, што пры куплі тэхнікі арганізатары загадзя прадумвалі, дзе яна будзе выкарыстоўвацца пасля Еўрапейскіх гульняў.

«Акрамя таго, мы набылі каласальны вопыт у плане падрыхтоўкі, разлікаў і правядзення мультыспартыўнага мерапрыемства. На кожным аб'екце нам удалося стварыць каманды прафесіяналаў, якія забяспечылі правядзенне Еўрапейскіх гульняў на высокім арганізацыйным узроўні. У нас з'явілася вялікая спадчына ў выглядзе вялізнай «арміі» валанцёраў, найлепшыя з іх ужо атрымалі свае ўзнагароды ад адміністрацыі Прэзідэнта», — дадаў Анатоль Котаў.

***

Мінск на працягу двух гадоў рыхтаваўся да таго, каб сустрэць гасцей Еўрапейскіх гульняў належным чынам. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана ДЗЯМЕШКА адзначыла, што для прыцягнення турыстаў і стварэння камфортнага асяроддзя было праведзена 12 тураў для прадстаўнікоў замежных СМІ і турыстычных кампаній. Сумесна з Дырэкцыяй ІІ Еўрапейскіх гульняў было арганізавана 20 гарадскіх інфармацыйных пунктаў, якія карысталіся вялікай папулярнасцю ў турыстаў. За час Гульняў іх наведала 132 тысячы чалавек. «Цяпер яшчэ нельга назваць дакладную лічбу замежнікаў, якія наведалі Беларусь за гэты час. Смела можна сказаць, што турыстаў было больш за 30 тысяч, але гэтая лічба не канчатковая, у яе ўваходзяць як замежнікі, так і нашы калегі з рэгіёнаў», — паведаміла Святлана Дзямешка.

Начальнік аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Вольга ЕЗАПЯНКОВА расказала, што падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў у Мінску самым папулярным напоем быў квас. Яго прадалі каля сямі тысяч дэкалітраў, гэта значыць 580 дэкалітраў у дзень, што ў 2,8 раза больш, чым у сярэднім у дзень у маі. Павышаным попытам таксама карысталася марозіва — яго рэалізавана каля 150 тон. Сярэдні чэк пакупкі на фан-зонах складаў 20 рублёў, а тавараабарот аб'ектаў грамадскага харчавання на фан-зонах і спартыўных аб'ектах — больш за 1 мільён 200 тысяч рублёў. «Што датычыцца сувенірнай прадукцыі, сярэдні чэк пакупак склаў 20—50 рублёў у залежнасці ад спартыўнага аб'екта. У Вёсцы спартсменаў сярэдні чэк у сувенірнай краме — 100 рублёў. Максімальныя сумы, якія трацілі госці на сувеніры, дасягалі 600—1000 рублёў. Напрыклад, румынскія спартсмены ў Вёсцы купілі футболак і Лесікаў на 6000 рублёў», — адзначыла Вольга Езапянкова. Усяго за час ІІ Еўрапейскіх гульняў была рэалізавана сувенірная прадукцыя на суму звыш 1 мільёна 220 тысяч рублёў.

Самую высокую ацэнку ад Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў заслужыла і арганізацыя харчавання ў Вёсцы спартсменаў. Гэта датычыцца якасці прадуктаў, узроўня абслугоўвання і чысціні, адзначыла начальнік упраўлення па арганізацыі харчавання фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Юлія КРАЎЧАНКА. «У асноўнай сталоўцы Вёскі спартсменаў быў прыгатаваны 43 661 рацыён, гэта 99 364 кілаграмы ежы. Выпіта каля 56 тысяч літраў напояў, 41 працэнт з іх — пітная вада», — адзначыла Юлія Уладзіміраўна. Самымі папулярнымі прадуктамі былі «малочка», паста, гародніна і садавіна, стравы з мяса, птушкі і рыбы. Таксама госці елі шмат піцы, дарэчы, нават італьянцы адзначалі, што беларусы ўмеюць гатаваць іх нацыянальную страву. У сярэднім спартсмен у суткі з'ядаў 3,5 кілаграма ежы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Для спорту і не толькі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».