Вы тут

Як засцерагчыся ад навальніцы?


Лета 2019 года багатае на неспрыяльныя з'явы надвор'я. Афрыканская спякота, праліўныя дажджы, моцны вецер, навальніцы... Нагод для сіноптыкаў чарговы раз абвясціць аранжавы ўзровень небяспекі сёлета вельмі шмат. І хоць ужо больш за тыдзень, як спёка, здаецца, капітулявала, не выключана, што яна можа вярнуцца. Бо ліпень, як вядома, — самы гарачы месяц года. І адначасова з тым — самы багаты на ападкі.


— Гарачы чэрвень моцна падбавіў працы ратавальнікам , — кажа афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Працяглы перыяд спякоты, якая перасягнула трыццаць градусаў, і істотны недабор дажджоў стварылі ідэальную абстаноўку для пажараў. Так, па стане на 9 ліпеня ў краіне адбылося ажно 2448 пажараў у экасістэмах. З іх 1875 прыпала на долю травы і хмызняку. У гэтую лічбу ўваходзяць і пажары, якія літаральна «пракаціліся» ў красавіку падчас выпальвання сухой леташняй травы. 404 узгаранні былі ліквідаваны ў лясах. На долю самых складаных з іх — тарфяных — прыпала 169 пажараў. Нам вельмі дапамагаюць авіятары: за першыя паўгода нашы лётчыкі здзейснілі 226 палётаў. З паветра яны засяклі
102 пажары ў экасістэмах.

Як сябе паводзіць у навальніцу?

Але нярэдкая бывае і такая сітуацыя. Дзень пачынаецца з яркай сонечнай раніцы. Слупок тэрмометра ўпэўнена паўзе ўверх і спыняецца ў раёне трыццаціградуснай адзнакі. Раптам недзе на гарызонце з'яўляецца чорная хмара. Яна набліжаецца і павялічваецца ў памерах. І праз колькі хвілін пачынаецца моцны дождж з ветрам пад акампанемент грому і з навальнічнай «падсветкай»...

Разам з тым не ўсё так сумна. Знянацку навальніца ўжо не застане. У красавіку на сайце mеtеоіnfо.bу аднавілася праца дальнабойнага метэарадара, размешчанага на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Радыус ахопу прылады — 200 кіламетраў. Гэта значыць, што радар «пакрывае» большую частку тэрыторыі Беларусі. Яму дапамагаюць меншыя радары, размешчаныя ў Брэсце і ў Гомелі. Усходнія раёны Беларусі, куды не дасягае радар, «прыкрываюць» комплексы, якія працуюць у расійскіх Вялікіх Луках і Смаленску.

Дзякуючы ім можна літаральна за некалькі секундаў паглядзець навальнічную абстаноўку ў краіне, ацаніць напрамак, у якім будзе рухацца атмасферны фронт, і... загадзя падрыхтавацца да гэтай небяспечнай для жыцця з'явы надвор'я.

23 чэрвеня трагедыя адбылася ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці. Прыкладна ў 13.40 два пастухі заганялі жывёл на лузе каля вёскі Струмень. Ударыла маланка, і адзін з пастухоў тут жа ўпаў. Напарнік падбег да яго і паспрабаваў прывесці ў прытомнасць, ды безвынікова. Мужчына выклікаў хуткую дапамогу. Але ўрачы толькі канстатавалі смерць.

Акрамя таго, у ноч на 27 чэрвеня электрычныя разрады падпалілі чатыры пабудовы на Магілёўшчыне. Час быў літаральна адзін і той жа — ад поўначы да чацвёртай гадзіны раніцы.

Часцей за ўсё маланкі б'юць у высокія кропкі, металічныя канструкцыі і ваду. Сіла току ў іх дасягае неверагодных значэнняў — да 500 тысяч ампер, а напружанне вымяраецца дзясяткамі мільёнаў вольт. Параўнайце гэта з класічнымі 220 вольтамі ў звычайнай бытавой разетцы.

— Таму лепш за ўсё навальніцу перасядзець дома, — раіць Віталь Навіцкі. — Зачыніце ўсе вокны і коміны, каб не прыцягваць шаравую маланку. Падчас «святламузыкі» за акном лепш трымацца далей ад антэн і электраправодкі. Электрапрыборы выключыце. Калі ж навальніца заспела вас у аўтамабілі, галоўнае — зачыніць вокны і нікуды з яго не выходзіць. Але калі вы сутыкнуліся з навальніцай у адкрытым полі, то сітуацыя ўскладняецца. Тут трэба прысесці і ахапіць калені рукамі — так вы будзеце менш выдзяляцца на агульным фоне і мінімізуеце плошчу магчымага кантакту. Тое ж датычыцца і лесу — маланкі часцей за ўсё б'юць у старыя высокія дрэвы. Распаўсюджаная памылка — класціся на зямлю: справа ў тым, што калі побач з вамі стукне маланка, то ўдар вы прымеце ўсёй плошчай цела. Таксама навальніца вельмі небяспечная каля вадаёмаў — дзякуючы таму што вада з'яўляецца ідэальным правадніком электрычнасці, ток можа распаўсюджвацца на даволі вялікія адлегласці.

З балконаў, з двара прыбярыце рэчы, якія могуць быць падхоплены парывамі шквалістага ветру і кагосьці траўміраваць. Ад ліній электраперадачы, будаўнічых канструкцый варта трымацца далей. Калі ж вы ўбачылі, напрыклад, абарваны дрот — адразу ж тэлефануйце нам. Няважна, што гэта — лінія электраперадачы, кантактная сетка тралейбуса ці нешта яшчэ. Так, у грамадстве існуе меркаванне, што, магчыма, хтосьці ўжо патэлефанаваў і паведаміў пра тое, што адбылося. Мы, у сваю чаргу, прытрымліваемся думкі, што няхай лепш да нас паступіць 50 званкоў, чым ніводнага. У любым выпадку дыспетчар задасць некалькі пытанняў, якія ўдакладняць сітуацыю, і пераадрасуе званок у патрэбную структуру.

Адыходзіць ад дрота, які можа быць пад напружаннем, таксама трэба правільна. Калі ісці звычайным крокам — вас ударыць токам. Таму трэба адступаць вельмі павольна, ледзь-ледзь прыўздымаючы ступні над зямлёй.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».