З Жанарбекам Ашымжанам мы сустрэліся і пазнаёміліся ў Душанбэ. Казахскі паэт і журналіст прыехаў на Міжнародны сімпозіум літаратараў краін рэгіёна Наўруз. Жанарбек — дырэктар выдавецкага цэнтра «Каламгер-медыя». З’яўляецца намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Казахстана. За свае творчыя поспехі Прэзідэнтам Казахстана адзначаны Дзяржаўнай маладзёжнай прэміяй «Дарын». Наша размова з казахскім паэтам — не толькі пра літаратуру.
— Вы з пакалення літаратараў, якія актыўна ўвайшлі ў літаратуру ў постсавецкі час. Што з’яўляецца галоўнай тэмай творчасці вашых равеснікаў у Казахстане?
— Так, у кожнай эпохі бываюць свае паэты і празаікі, якія здольны адчуваць і прапускаць праз сябе жыццё грамадства, адчуваць пульс сучаснасці. У сваіх кнігах творчая асоба павінна ўмець ярка адлюстраваць тэндэнцыі часу, даць адзнаку падзеям, якія адбываюцца ў грамадстве. Я не кажу, што сучасны пісьменнік павінен ставіць перад чытачамі самыя актуальныя і вострыя пытанні. Не старацца забаўляць іх прыгожымі словамі і рыфмамі, а клікаць да актыўных дзеянняў. Лічу, што любы чалавек, які ўважліва чытае, знойдзе свайго празаіка і паэта, бо ў кожнага чытача свае запыты і густы, свае перажыванні і ўласныя погляды на жыццё. Галоўнае, каб сучасны пісьменнік змог стварыць нешта такое, што адпавядала б духоўным запытам згаладалага сучаснага чытача. І толькі тады яго будуць чытаць з удзячнасцю. Канешне ж, постсавецкі Казахстан адкрыў нямала новых імёнаў, аўтараў, у творах якіх чытачы знаходзяць адказы на важныя пытанні, якія сёння ставіць перад намі жыццё.
Я і мае равеснікі-паэты свой творчы патэнцыял адкрылі на зары Незалежнасці Казахстана. Кожны з нас разумее сутнасць і значнасць набытай нашай краінай Незалежнасці. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што сучаснае пакаленне паэтаў і празаікаў здольна свабодна думаць і свабодна арыентавацца ў літаратурнай прасторы.
— Наколькі істотна для вашага пакалення разуменне традыцый?
— Відаць, нідзе ў свеце не сустрэнеш такога беражлівага стаўлення да нацыянальных традыцый, як у казахаў. Я сам вырас у традыцыйнай казахскай сям’і, дзе гаспадарылі згода і любоў. Увогуле, працэс адраджэння нацыянальнай ідэалогіі ў краіне ідзе ўжо болей як дваццаць гадоў, з моманту набыцця Незалежнасці, і не без поспеху. У многіх сем’ях усе мерапрыемствы праходзяць з захаваннем старадаўніх традыцый: ці гэта нараджэнне дзіцяці, ці вяселле. Я асабіста ўсё гэта ўспрымаю як аднаўленне гістарычнай пераемнасці.
Вядома, у гэтым плане і нам, казахам, ёсць куды развівацца. Хацелася б, каб у кожнай казахскай сям’і дзеці выхоўваліся на шанаванні і павазе да старэйшых, захоўваўся культ старэйшых прадстаўнікоў рода. Трэба дапамагчы падлеткам спасцігнуць свае карані, развіць у маладых цікавасць да гісторыі, роднай культуры. У гэтым аспекце вельмі важна развіваць менавіта нацыянальную літаратуру.
— Ці важнымі для сучасных, у прыватнасці маладых, пісьменнікаў Казахстана з’яўляюцца пераклады на іншыя мовы?
— Несумненна, гэта важна ўвогуле для любога аўтара. Ёсць канцэпцыя «трэці свет», вылучаная Карлам Поперам. Гэта свет аб’ектыўнага зместу мыслення, перш-наперш зместу навуковых ідэй, паэтычных думак і твораў мастацтва. Сутнасць ідэі ў тым, што вы нарадзілі калісьці свае думкі, развагі. Вырваўшыся з вас, яны пачынаюць жыць уласным жыццём. Разумееце, у кожнай ідэі ёсць уласнае жыццё, і яно развіваецца па ўласнай логіцы. Гэта якраз гаворыць пра тое, што свет ідэі не проста існуе, а ён яшчэ і аб’ектыўны, і развіваецца па ўласных аб’ектыўных законах. Гэта — па-першае. І, падругое, ідэя, якая народжана чалавекам, ужо існуе сама па сабе незалежна ад гэтага чалавека. Іншых людзей ужо няма сярод жывых, а іх ідэі да гэтай пары яшчэ існуюць. Вось такі парадокс можна прывесці ў прыклад адносна ідэі і творчасці. Натуральна, калі чалавек друкуецца ў іншых краінах і на іншых мовах, гэта сведчыць пра тое, што яго ідэя аказалася настолькі канкурэнтаздольная, жыццяздольная, што сапраўды сама прабівае дарогу ў іншых культурных і моўных прасторах. Гэта, відаць, і ёсць паказчык таго, што чалавек нечага вартага дасягнуў. Канешне, бывае і так: вы нешта сказалі, а гэтая думка сама пачала жыць і развівацца, афармляцца ў змест. У рэшце рэшт пачалі выходзіць выданні на розных мовах. Гэта можна прасачыць неабавязкова на прыкладзе перакладаў за мяжою. У савецкі час было асабліва шмат кніг, якія перавыдаваліся па некалькі разоў. Можна ўявіць, наколькі яны захоўвалі сваю актуальнасць на працягу вялікага перыяду часу. Гэта і ёсць паказчык паспяховасці аўтара, калі яго перавыдаюць. Канешне, любому аўтару прыемна ведаць, што яго кнігі выдаюцца на іншых мовах у розных краінах. Сапраўды, гэта сведчыць пра тое, наколькі аўтар актуальны для сучаснага грамадства.
— Наколькі далёкая ад вас беларуская літаратура? Ці тыя з беларускіх паэтаў і празаікаў, хто цяпер стварае нацыянальную літаратуру, невядомыя ў Казахстане?
— Мне асабіста добра вядомыя поспехі і дасягненні літаратараў Беларусі. Перш-наперш Святланы Алексіевіч, якая атрымала Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры, чые творы перакладзены на 20, а мо і болей моў свету.
З развалам Савецкага Саюза з’явіліся межы. Калі раней мы жылі ў адной краіне, то зараз нават не маем агульных граніц з Беларуссю, з якой мяжуюць Расія, Украіна, Літва, Латвія, калі мець на ўвазе постсавецкія краіны. На самай справе гэтая акалічнасць мае ўплывовую сілу. Заўважна, што духоўнае жыццё ў кожным грамадстве на постсавецкай прасторы стала ў некаторай ступені ізаляваным, і, канешне ж, мы сталі надзвычай далёкімі адзін ад аднаго. Інтэрнэт, інтэрнэт-веданне, здаецца, пра ўсё на свеце, не выратоўвае. Чым жывуць Казахстан і казахстанцы? Чым жывуць беларусы? Каб спасцігнуць гэта, аднаго знаёмства з навінамі адзін пра другога зусім не дастаткова. Разумеем, што перажываем адны і тыя ж падзеі. Але мы перажываем іх кожны паасобку, кожны народ — па-рознаму. Так што трэба прызнаць, што мы аддаліліся адзін ад аднаго. І ўсё ж робяцца спробы стварэння адзінага інфармацыйнага поля ў рамках інтэграцыі. Гэта зараз, дарэчы, таксама вельмі папулярная тэма. Мае месца культурны ўзаемаабмен. Гэта значыць, хтосьці прыязджае з Беларусі да нас, нашы суайчыннікі прыязджаюць да вас. Пакуль што мы спасцігаем адзін аднаго ў такім фармаце. Але хацелася б даведацца як мага болей. Усё ж такі культура любога народа заўсёды цікавая і веданне пра яе карыснае. Тым больш што, калі гаварыць пра нас, то Казахстан — таксама своеасаблівая краіна. Напрыклад, у далёкай мінуўшчыне ў казахскага народа не было пісьменнасці, але затое была развітая моўная культура. Гэта краіна, дзе некалі праходзіў Вялікі Шаўковы шлях. Казахскі народ перажыў мноства войнаў, трагедый, што не магло не адлюстравацца на яго культуры, традыцыях, эпасе.
— У гэтым мы падобныя… І Беларусь — на перакрыжаванні дарог ва ўсе стагоддзі… І нам ад войнаў дасталася…
— Мне здаецца, што глыбокія пласты нашай гісторыі могуць быць цікавыя вашым суайчыннікам. І мы павінны нешта глабальнае адкрыць для сябе ў лёсе Беларусі і беларусаў. Камунікат, адносіны заўсёды спрыяюць творчаму росту. Вы ведаеце, можна жыць у грамадстве, так і не зразумеўшы яго. Вы ўніклі ў гэта грамадства і не бачыце ўвогуле ніякіх адрозненняў. Чым цікавыя зносіны? Найперш тым, што пачынаеш больш разумна ўсведамляць той свет, у якім сам жывеш, існуеш, на які раней звяртаў меней увагі. Бо не было параўнання. Бо ўспрымаў усё, што адбываецца вакол, як дадзенасць. Вось у гэтым і справа, што многія адметнасці не кідаліся ў вочы, не кідаюцца, калі ты ізаляваны. Іншы чалавек, які і да цябе, да тваёй краіны ў госці наведаўся, дапамагае зразумець пэўныя нюансы, пэўныя незаўважныя раней аспекты. Таму любыя стасункі з іншанацыянальным светам заўсёды карысныя: яны дапамагаюць убачыць самабытнасць таго грамадства, у якім жывеш. І ў нейкай ступені ты пачынаеш гэтую самабытнасць шанаваць, яшчэ болей паважаць. Сапраўды, гэта ж тое, што вылучае нас сярод іншых, у нейкай ступені гэта важкія каштоўнасці, звычаі, што нас характарызуюць, і раней мы іх часам не заўважалі.
— Дарэчы, ці застаецца руская мова галоўным камунікатарам у адкрыцці ў Казахстане замежных літаратур?
— Яшчэ з савецкага часу пасрэдніцтвам рускай мовы даведваліся пра культурную спадчыну іншых народаў. І сёння, мяркую, гэта патрэбна прыняць як дадзенасць. Таму што ёсць асаблівасці, адметнасці перакладу. Адбываецца, праўда, іншае: моцна развіваецца, хуткасна развіваецца і пашыраецца ў сваёй прасторы казахская мова. Нагадаю, што казахская мова ў савецкі час перажыла своеасаблівы крызіс, наступствы якога адчуваюцца і сёння. З’яўляюцца зараз новыя словы, іх патрэбна неяк уводзіць у самае шырокае карыстанне, у казахскі лексікон. Выпрацоўваецца новая тэрміналогія. Часам, праўда, гэтыя тэрміны падаюцца смешнымі і далёка не заўсёды ясна адлюстроўваюць сутнасць справы, пэўнай з’явы, дзеі. Так, рускую мову патрэбна прызнаваць як ніколі, бо яна мае большую канкурэнтаздольнасць, як транслятар, як транзістар нейкай культуры, дапусцім, той самай англійскай ці германскай. І поруч з гэтым нам патрэбна рабіць высновы і падцягваць узровень казахскай мовы. Ну і тут нельга не памятаць, што наступствы савецкага перыяду — гэта і тое, што казахская мова была выведзена са справаводства ў побытавую сферу. Мо таму таксама не развівалася дастойным чынам…
Цюркамоўныя краіны досыць багатыя на сваю культуру, багатыя сваім літаратурным асяроддзем. Цюркскія мовы дастаткова блізкія. І ў прадстаўленні цюркамоўнага свету, канешне ж, наперадзе казахская мова. Напрыклад, нават такое параўнанне прывяду: турэцкага аўтара казахскаму чытачу зразумець прасцей, чым чытачу рускаму, носьбіту рускай мовы.
— Які стан літаратурна-мастацкай перыёдыкі ў Казахстане? Наколькі вялікія наклады «тоўстых» літаратурных часопісаў?
— Так, у нас ёсць пэўная падтрымка дзяржавай выдавецкага рынку, таленавітых аўтараў і ўсёй гэтай сферы. Саюз пісьменнікаў Казахстана імкнецца падтрымліваць айчынную літаратуру і перш-наперш маладых аўтараў. Але ўсё ж такі хацелася б ацаніць сітуацыю ў параўнанні са станам выдавецкага бізнесу ў іншых краінах. Паглядзець на тое, як у іх усё гэта робіцца, як развіваецца. І трэба прызнаць, што там нават без удзелу дзяржавы ўсё надзвычай добра пастаўлена. На самай справе кнігавыданне шмат дзе ў свеце — вельмі прыбытковы, рэнтабельны бізнес, моцны рынак. Таму цалкам рэальна, што творчы чалавек там можа зрабіць сабе імя і зарабіць грошы. Гэта прыкметная розніца. Усё ж такі трэба прызнаць, што ў Казахстане выдавецкая справа не дужа моцна развітая. Не так як патрабуе сённяшні час. Калі браць казахстанскіх аўтараў, то зарабляць літаратурнай дзейнасцю могуць хіба што адзінкі. Час інтэрнэту прыцясняе кнігу. Гэтая сітуацыя, як на мой погляд, характарызуе цынізм сучаснага чытача, які ў сваю чаргу ігнаруе айчыннага аўтара, разам з тым з піетэтам ставіцца да замежнага. Канешне, можна крытыкаваць і казаць, што ўсё дрэнна, што ўсё гэта мае незваротныя наступствы. Але, на мой погляд, гэтая сітуацыя — добрая нагода задумацца і самім аўтарам. Яны павінны пісаць не для таго, каб проста выканаць сваю працу, а каб зрабіць нейкае адкрыццё для свайго чытача. Любы аўтар павінен умець працаваць з чытачамі, ствараць сваю чытацкую аўдыторыю. І гэту аўдыторыю ў некаторай ступені засвойваць. Бо яны яшчэ і пакупнікі кніг. Вось такое разуменне павінна быць у нашых аўтараў, якія часам жывуць аднымі спадзяваннямі на дзяржаву. У механізме кнігавыдання, ва ўзаемадзеяннях аўтараў і чытачоў сёння сапраўды нешта працуе не так.
Мы бачым, што ў Расіі такі механізм болей эфектыўны, таму што вельмі шмат кніг паступае з Расійскай Федэрацыі ў Казахстан.
— І да нас таксама. У сетцы дзяржаўнага кнігагандлю большасць кніг — гэта прадукцыя вытворчасці расійскіх кніжных выдавецтваў.
— Дзеля праўды трэба заўважыць, што кнігі з Расіі — гэта далёка не адна мастацкая літаратура. Хаця мы добра ведаем, што за гады пасля таго, як распаўся Савецкі Саюз, з’явілася шмат новых імёнаў у пісьменніцкай кагорце. Шмат хто і зараз друкуецца досыць сур’ёзнымі тыражамі. Зразумела, што дзейнічае і раскрутка так званая, і сваю актыўную ролю выконваюць літаратурныя агенты. Літаратура і бізнес — такі тандэм ужо існуе. І мы на самым пачатку яго развіцця. Канешне, і ў Казахстане дзяржава па меры магчымасцяў стымулюе і падтрымлівае айчынных аўтараў. Але сядзець на бюджэтных датацыях — гэта не паказчык паспяховасці аўтара. Сапраўдны поспех у іншым — калі людзі сапраўды гатовы плаціць за слова пісьменніка, за яго талент.
Гутарыў Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.