Вы тут

Адпачынак за мяжой: што больш выгадна — карты ці гатоўка?


Збіраючыся ў водпуск, не спяшайцеся замаўляць прэміяльную банкаўскую картку

Ці можна разлічвацца за мяжой карткай, намінаванай у беларускіх рублях, ці абавязкова заводзіць валютную? Дзе найлепш абмяняць беларускія грошы на валюту краіны знаходжання? Ці заўсёды выгадныя прапановы па картках з кэшбэк-сэрвісам — на гэтыя пытанні карэспандэнт «Звязды» папрасіла адказаць экспертаў.


Гатоўка: няхай яе будзе меней

Фота apnews.com

Разлік пластыкавымі карткамі — сусветны трэнд. Аднак пэўную суму гатоўкай усё ж трэба мець на дробныя выдаткі. А часам і на аплату жылля, калі падарожнік спыняецца ў апартаментах, якія здаюць прыватныя асобы.

Дзе ўзяць гатоўку? У Мінску ў пунктах абмену валюты вісяць курсы турэцкай ліры, чэшскай кроны, але ж не факт, што яны будуць у наяўнасці. Польскі злоты, расійскі рубель, турэцкая ліра, украінская грыўна і шмат якія іншыя валюты належаць да так званых каляровых. Найчасцей беларускія банкі працуюць з гэтымі валютамі па прынцыпе: што насельніцтва здала, тое і прадаём. Таму куплю не самых ходкіх грошай лепш не адкладаць на апошні момант. Больш за тое, прагледзеўшы на спецыялізаваных сайтах інфармацыю пра найлепшы курс, патэлефануйце ў абранае аддзяленне банка і ўдакладніце, ці ёсць у наяўнасці валюта, якая вас цікавіць.

«Як паказвае велізарны асабісты досвед падарожніка, а я аб’ездзіў па службовых справах і як адпачывальнік практычна ўсю Еўропу, больш за 5—10 % гатоўкі ў гаманцы цяпер не патрабуецца, — кажа фінансавы кансультант Міхаіл ГРАЧОЎ. — Пластыкавымі карткамі можна разлічвацца паўсюль. Акрамя таго, у выпадку страты або выкрадання карткі можна заблакаваць грошы на рахунку, патэлефанаваўшы ў банк. З гатоўкай жа можна расстацца назаўсёды. Таму няхай яе будзе менш».

За разлікі карткай выступае і Настасся ЛУЗГІНА, навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследніцка-адукацыйнага цэнтра (BEROC): «Выязджаючы ў іншыя краіны на адпачынак або ў камандзіроўку, куды зручней узяць з сабой адну невялікую картку, чым везці пры сабе гатоўку. Асабліва гэта датычыцца тых краін, дзе прынята ў асноўным разлічвацца безнаяўным шляхам, напрыклад краін Скандынавіі».

Куды браць еўра, а куды — долары?

Еўрасаюз у цэлым і зона еўра — гэта не адны і тыя дзяржавы. Напрыклад, Польшча, Чэхія, Данія, Швецыя, Вялікабрытанія і некаторыя іншыя карыстаюцца ўласнымі валютамі. І гэта трэба ўлічваць пры планаванні паездак.

Шмат хто для падстрахоўкі бярэ з сабой сотню-другую наяўнай СКВ. Пры гэтым трэба памятаць, што абменныя пункты шмат у якіх краінах бяруць камісію за абмен. Асабліва яна адчуваецца на невялікай суме. Уявіце, памяняць трэба 5 долараў, а камісія — долар. Пры гэтым у Літве і Латвіі камісію бяруць, а ва Украіне — не.

Фота bankingsense.com

Міхаіл Грачоў таксама перасцерагае ад абмену валюты за мяжой: «Напрыклад, вы хочаце памяняць 10 долараў ЗША са стадоларавай купюры, але вам прапануюць абмен усёй сотні, спаслаўшыся на адсутнасць рэшты. І вы потым прывезяце дадому жменю нацыянальных манет у якасці непатрэбнага сувеніра, бо абмен каляровых валют у Беларусі надзвычай нявыгадны». Акрамя таго, з некаторых краін, у прыватнасці Індыі і Егіпту, і зусім забаронена вывозіць нацыянальную валюту.

MasterCard альбо Visa?

Шмат у каго з беларусаў ёсць валютныя карткі. Існуе сталае меркаванне, што MasterCard ажыццяўляе аперацыі праз еўра, а Visa — праз долары. Аднак лепш гэтыя моманты ўдакладніць у банку, у якім збіраецеся адкрыць картку.

«Як паказвае досвед, прынцыповай розніцы, у якой валюце эмітаваная картка, пры разліках за мяжой вы не адчуеце. Таму, калі вы не атрымоўваеце даход у замежнай валюце, пластыкавая картка ў беларускіх рублях будзе выгаднейшая, — тлумачыць Міхаіл Грачоў. — Найчасцей нашы банкі і, адпаведна, нашы суайчыннікі маюць карткі плацежных сістэм Visa альбо MasterCard. Падчас разлікаў за мяжой выкарыстоўваецца ўнутраны абменны курс гэтых плацежных сістэм. Звычайна ён блізкі да Форэкса».

На думку Настассі Лузгіной, пажадана мець пры сабе картку, выражаную ў валюце той краіны, у якую вы едзеце, альбо ў найбольш папулярных міжнародных валютах: доларах або еўра, каб сэканоміць на канвертацыі.

У тым выпадку, калі вы праводзіце плацеж у зоне еўра, выкарыстоўваецца прамы абменны курс EUR/BYN, бо еўра каціруецца на беларускай валютна-фондавай біржы. У Турцыі альбо Украіне будзе выкарыстаны крос-курс праз долар ЗША. Напрыклад, суадносіны долара ЗША і турэцкай ліры (USD/TRY) і суадносіны долара ЗША і беларускага рубля (USD/BYN) дадуць курс турэцкай ліры да беларускага рубля TRY/BYN.

Як выбраць картку

Настасся Лузгіна раіць пры выбары віду карткі і банка-эмітэнта азнаёміцца з камісіямі, якія банк будзе спаганяць за ажыццяўленне дадатковых паслуг, а менавіта за зняцце наяўных грошай у банкаматах за мяжой, атрыманне выпіскі па рахунку, перавод грашовых сродкаў з карткі на картку і г. д.

У прыватнасці, для атрымання візы ў пасольства неабходна прадставіць дакумент, які пацвярджае наяўнасць грашовых сродкаў. Трэба вельмі пільна глядзець, якія патрабаванні прад’яўляе тое ці іншае дыппрадстаўніцтва. Калі ў пераліку дакументаў напісана: даведка пра рэшту грашовых сродкаў на карт-рахунку, — значыць, трэба замаўляць даведку. Некаторыя консульскія аддзелы не маюць нічога супраць выпіскі па рахунку, іншыя і наогул будуць задаволены самастойна сфарміраванай выпіскай з інтэрнэт-банка. Ведаць гэтыя нюансы трэба, каб паспяхова падаць дакументы на візу, а ў асобных выпадках можна і сэканоміць, бо даведкі бясплатна не даюць:

Банк

Даведка

Выпіска

Белгазпрамбанк

30 руб.

7 руб.

Беларусбанк

15 руб. (руская мова), 20 руб. (англійская мова)

3 адзінкі ў валюце карткі

МТБанк

10 руб.

Бясплатна

БелВЭБ

10 руб.

Бясплатна

Тэхнабанк

4 руб. (руская мова), 7 руб. (англійская мова);  тэрміновая — 7 руб. (руская мова), 15 руб. (англійская мова)

2 руб.

Альфа-Банк

20 руб. (руская мова), 30 руб. (англійская мова)

Бясплатна

 

Карткі для падарожнікаў

Банкі цешаць кліентаў новымі прадуктамі, у тым ліку спецыяльна распрацаванымі для тых, хто выязджае за мяжу. Як правіла, па гэтых прадуктах прапаноўваюць кэшбэк, то-бок вяртанне на картку невялікага працэнта ад патрачанай сумы. Параўнаем некаторыя прапановы розных банкаў, пры гэтым трэба ўлічваць, што ў адным банку можа быць некалькі прадуктаў у розных сегментах: ад эканом да прэміум для падарожнікаў.

Банк

Картка і валюта

Кошт выпуску і абслугоўвання

Кэшбэк

Белгазпрамбанк

Разліковая картка Visa Classic або Mastercard Standard, $, €

0 руб.

0 руб.

Беларусбанк

Карт-бланш, $, €

60 руб. за тры гады

Ад 0,5 % да 5 %, партнёрскія праграмы —12 %

МТБанк

PayOkay, BYN

19,90 руб. у год

Ад 0,5 % да 1,5 %, Tax Free — 5 %, гатэль — 5 %

БелВЭБ

Visa Signature «Travel», BYN, $, €

Цягам першага года пры афармленні карткі —190 руб.

Money-back да 5 %, пакет паслуг «Аўтападтрымка», прывілеі ад Visa, зніжкі на браніраванне гатэляў

Тэхнабанк

Global Card, BYN, $, €

18,00 руб. у год

 

Ад 1 % да 5 %

Альфа-Банк

 

 

Пакет А-Курс Pro (BYN + USD), USD

22,80 руб. у год

1 %

 

Банкі самі вызначаюць кошт абслугоўвання картак, нярэдка для прасоўвання новага прадукту картка нейкі перыяд часу можа быць бясплатная. Таксама кошт залежыць ад віду карткі. «Што вышэйшая катэгорыя карткі, то даражэйшае яе абслугоўванне. Выпуск карткі Visa Gold абыдзецца безумоўна даражэй за выпуск карткі Visa Classic. Вышэйшая катэгорыя карткі дае яе ўладальніку права на большы набор сэрвісаў, напрыклад права на адпачынак у бізнес-зале ў чаканні пасадкі на самалёт у аэрапорце і атрыманне зніжак пры набыцці прадукцыі пэўных гандлёвых марак, у тым ліку за мяжой», — тлумачыць Настасся Лузгіна.

Фота govorim.by

Узнагароду за зняцце гатоўкі ў замежных банкаматах вызначаюць самі фінансавыя ўстановы, але звычайна камісія складае ад 1,0 % да 2,5 %. «На невялікай суме камісійныя ў банкамаце будуць істотна ніжэйшыя за камісійныя ў абменных пунктах», — нагадвае Міхаіл Грачоў.

Ці варта, выязджаючы раз на год у адпачынак, афармляць нейкую спецыяльную картку, напрыклад, спакусіўшыся на кэшбэк? Вось што раіць Настасся Лузгіна:

«Калі чалавек нячаста выязджае за межы краіны і плануе здзяйсняць аплату тавараў і паслуг па інвалютнай картцы ў перыяд свайго падарожжа, то больш правільна будзе аформіць звычайную, не прэміяльную картку. Выбіраючы плацежную картку з кэшбэкам, варта звярнуць увагу на максімальны ліміт па сумах вяртання. Рэч у тым, што звычайна вызначаецца максімальная сума, якую можна вярнуць на картку раз на месяц незалежна ад памеру сумы ўсіх плацяжоў. Таксама варта паглядзець дадатковыя бонусы, якія могуць давацца банкамі па такіх картках. Нарэшце, вельмі важна высветліць, ці налічваецца кэшбэк па плацяжах за мяжой альбо толькі пры ажыццяўленні купляў унутры краіны».

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».