Вы тут

Гісторыя аднаго курортнага рамана


У сваёй кампаніі мы любім яе за весялосць, за нейкі асаблівы неўміручы аптымізм. І хоць жыццё яе нізавошта не назавеш лёгкім, бязвоблачным альбо надта ўдалым, прыроднага аптымізму Марына не губляе ніколі. А свае цяжкасці ці жыццёвыя выпрабаванні яна звычайна ўкладвае ў крыху іранічную фразу — «Як мая доля». Нават свой рабочы камп'ютар, які вечна «глючыць» ці доўга загружаецца, яна параўноўвае са сваёй доляй. Але з яе вуснаў гэта гучыць не гаротна, а вельмі нават забаўна, з нейкай непрыхаванай надзеяй.


Фота from-italy.ru

Марына ў нашай кампаніі самая маладая, сорак пяць гадоў нядаўна адзначыла. Але, як ужо гаварылася, жыццё яе не надта песціла. Дачку давялося ўздымаць адной, потым доўга даглядаць хворую маці, адначасова паспяваць на рабоце, выплачваць крэдыт за кватэру. І пры гэтым дапамогі чакаць не было ад каго. Якія там ужо пляжы-курорты? Дацягнуць да зарплаты — звышзадача. Казала, што на мора паедзе некалі, у наступным жыцці. І тут ні з пушчы, ні з поля прапанова ад далёкай сваячкі — прыехаць пагасцяваць у Сочы, заадно прыгледзець за кватэрай, бо гаспадыня недзе з'язджае на час. Сваячку тую не бачыла гадоў дваццаць. Але ж падумала: калі яшчэ такое выпадзе, каб пажыць бясплатна два тыдні на моры. І мы ў адзін голас падбухторвалі: едзь! А нехта нават кінуў услед: «Жадаю рамантычнай курортнай гісторыі!» Як той казаў, накаркалі.

І вось яна прыехала і расказала. Прыводжу са скарачэннямі, апускаючы эмоцыі і асаблівыя слоўцы, якімі Марына, здараецца, не грэбуе. Мне б адразу насцярожыцца: сваячка нават не сустрэлася са мной, запіску і ключы перадала праз суседку. Маўляў, адпачывай хоць месяц, я тэрмінова з'язджаю па справах, кветкі палівай, прадукты з'ядай, ключы аддасі суседцы. Ну і пасялілася ў кватэры, у першы ж дзень пайшла на мора. Там так добра было, камфортна. Дадому званю, у нас плюс 33, дыхаць няма чым, а тут 28 градусаў, мора лагоднае. Ранкам і вечарам дыхала морам, днём старалася быць дома, пячыся на сонцы мэтай не ставіла. Мусіць, на трэці дзень, пазванілі ў дзверы, на пытанне: «хто?» пачула рэзкае: «Откройте, полиция!»

Здзівілася, адчыніла. І тут пачалося, як у дрэнным кіно: у хату ўвалілася цэлая група людзей ці то ў форме, ці то ў камуфляжы. Адны мяне падхапілі пад рукі, другія хутка агледзелі ўсю кватэру, нават у шафы і пад ванну зазірнулі. Адзін мне проста ў вуха крыкнуў прозвішча, імя, імя па бацьку... маёй сваячкі і, мусіць, балюча тузануў за руку, цяпер дрэнна памятаю. І ў мяне вырвалася нават не маміна, а бабуліна: «Каб цябе чэрці так валачылі!» Тады той, што ў іх быў за старшага, паглядзеў на мяне ўважліва і спытаў: «Дык вы — беларуска?» Потым ужо сталі высвятляць асобу, правяраць дакументы. Расказалі, што сваячка, прадпрымальніца, праварочвала нейкія аферы з фінансамі, падаткамі. На яе ўжо даўно справу заводзілі, адкладвалі, і вось, калі прыйшлі арыштоўваць, яна збегла. Маёр гэты таксама аказаўся беларусам, з розных абласцей мы з ім, але з суседніх раёнаў. Ну крыху пабылі яшчэ, вымавілі дзяжурныя словы прабачэнняў, ды і пайшлі. У мяне вядома, ціск падняўся, галава забалела, на мора ў той вечар не пайшла. Стала думаць пра Нэльку, яна з дзяцінства была здатная да прыгод і афер, відаць, нічога не змянілася. Мы з ёй падобныя ростам, камплекцыяй, аднаго ўзросту, нават знешне крыху змахваем адна на адну. Трэба ж было так па-дурному нарвацца! Стала падумваць, каб памяняць білет ды ехаць дадому, неяк настрой сапсаваўся, адпачынак, як мая доля, адным словам. Але вечарам зноў раздаўся званок у дзверы. Ногі задрыжалі, ды ўсё ж падышла да дзвярэй, падумала, можа, гаспадыня вярнулася, зараз скажу ёй усё, што думаю. Але на парозе стаяў той самы маёр у штацкім з кветкамі. Сказаў, што прыйшоў папрасіць прабачэння ў нефармальнай абстаноўцы.

А далей панеслася як у сне: сустрэчы-спатканні, гулянні па начным Сочы з пальмамі і пахам паўднёвых раслін. Гэты асаблівы пах бывае толькі ў курортных гарадах, ён проста дурыць галаву... І так нечакана прывязалася да, можна сказаць, выпадковага чалавека, што страшна было думаць пра дзень ад'езду. Усё часцей узнікалі думкі накшталт таго, што можа быць гэта і ёсць сапраўднае, тое, чаго недабрала за ўсё жыццё. Але дзень ад'езду няўмольна набліжаўся. Ён сказаў, што прыйдзе правесці на вакзал, спадзявалася пачуць нешта такое асаблівае. Як дзяўчынка, аж сорамна... Але ён пазваніў, сказаў, што не можа прыехаць, бо зараз не ў горадзе. Вядомая справа, работа такая. Так і паехала. Вось і ўсё. «Хто з вас мне жадаў вясёлай курортнай гісторыі?» — не вельмі весела ўсміхаючыся, жартам пагразіла пальцам Марына.

Мы сталі супакойваць. А раптам яшчэ патэлефануе, а то і прыедзе. Чалавеку таксама трэба сабрацца з думкамі. Ён жа не юнак зялёны. Ды і каб паехаць, трэба водпуск узяць і ўсё такое. А можа, і ён думае пра вашыя адносіны.

— Як мая доля тыя адносіны, — прагаварыла ў сваёй манеры Марына, — усміхнулася і прайшло.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Курортная гісторыя

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.