Вы тут

Удзельнікі «Славянскага базару ў Віцебску» наведалі Палац Незалежнасці


Напярэдадні адкрыцця «Славянскага базару ў Віцебску» ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні чакаў прыемны сюрпрыз — паездка ў Мінск і экскурсія ў Палац Незалежнасці, дзеючую рабочую рэзідэнцыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая адчыняецца для наведвальнікаў толькі ў загадзя вызначаны тэрмін і ў адмысловых выпадках. Маладыя артысты з 18 краін свету ў адзін голас зазначалі, што ім вельмі прыемна адчуваць сябе пачэснымі гасцямі.


Юнакі і дзяўчаты з захапленнем слухалі аповед пра гісторыю будаўніцтва і аздаблення Палаца і плошчы Дзяржаўнага Сцяга, прымяраліся да крэслаў, дзе засядалі ўдзельнікі «нармандскай чацвёркі», замілоўваліся прыгажосцю зімовага саду і ўражваліся экспанатамі з музея падарункаў, рабілі мноства сэлфі. А яшчэ спявалі. Руская, казахская, англійская, грузінская, кітайская — песні на гэтых і іншых мовах гучалі ў залах і калідорах Палаца Незалежнасці ўперамежку са словамі захаплення і любові да Беларусі.

Прадстаўнік нашай краіны Ваня Зданюк, які зусім нядаўна, не выпадаючы з працоўнага рытму, адзначыў 20-годдзе, прызнаўся, што таксама трапіў на экскурсію ў Палац упершыню: «Што я адчуваю? Вялікую радасць і гонар, калі ўсе замежныя ўдзельнікі з блізкіх і далёкіх краін гавораць, як у нас прыгожа, захапляюцца майстэрствам беларускіх вытворцаў, якія абсталёўвалі і аздаблялі Палац Незалежнасці. Адчування канкурэнцыі паміж намі зусім няма, усе вясёлыя і лёгкія ў стасунках, у нас шмат агульных тэм для размоў. І хоць, безумоўна, прысутнічае хваляванне перад конкурсам, для мяне самае важнае — не проста выступіць як мага лепш і пайсці, а запомніцца слухачам, знайсці тых людзей, якія будуць ісці побач цягам усяго творчага шляху».

Прадстаўнік са Швейцарыі (гэтая краіна ўпершыню ўдзельнічае ў конкурсе «Славянскага базару»), які выступае пад творчым псеўданімам TH30, расказаў, што раней бачыў толькі адну рэзідэнцыю найвышэйшых дзяржаўных асоб — Букінгемскі палац. «Але я бачыў яго толькі звонку, а тут атрымаў унікальную магчымасць паглядзець знутры на месца, дзе сустракаюцца многія ўплывовыя палітыкі свету. Шмат белага колеру — гэта добра, дае адчуванне чысціні, прасторы і настройвае на пазітыўны лад», — зазначыў артыст.

«Мяне вельмі ўразілі маштаб і неверагодная прыгажосць Палаца. Асаблівую цеплыню выклікалі фотаздымкі з асабістага архіва вашага Прэзідэнта. А калі ўбачыла сярод афіцыйных фатаграфій здымак з Сі Цзіньпінам, адчула сябе як дома», — жартуе прадстаўніца Кітая Сыін Лі. Дарэчы, у роднай краіне яна глыбока вывучае кітайскую народную песню: Сыін Лі, даследчык тэорыі, выкладчык мастацка-выканаўчага факультэта Чунцынскага прафесійнага каледжа культуры і мастацтва, а таму на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску пастараецца перадаць частку культуры і традыцый гэтай вялікай краіны.

Лаўрэат леташняга конкурсу маладых выканаўцаў «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» Іван Дзятлаў з Расіі рассыпаецца ў кампліментах: «Калі я пачуў, як хутка быў узведзены Палац Незалежнасці, адразу не паверыў, настолькі карпатліва і якасна ўсё тут зроблена. Тут усё ўражвае, з аднаго боку, велічнасцю, а з другога, утульнасцю, асаблівай гасціннасцю». На просьбу выканаць урывак з песні, якая атаясамліваецца ў яго з Беларуссю, хлопец не задумваючыся спявае «Белавежскую пушчу».

Некалькі гадоў таму, у 2015-м, прадстаўнік Казахстана Дзімаш Кудайберген феерычна выйграў конкурс «Славянскага базару» і з таго часу заявіў пра сябе ці не на ўвесь свет. А сёлета яго зямляк, спявак Адзільхан Макін, кажа, што не адчувае цяжару адказнасці за пастаўленую творчую планку: «Мы з Дзімашам даўно і добра сябруем. І я, як наогул усе ў Казахстане, шчыра радуюся, калі пра майго сябра, майго брата гавораць у іншых краінах. Што да мяне, то ўсе хваляванні я пакіну на рэпетыцыях і за кулісамі, а на сцэне адчуваю сам і паспрабую перадаць слухачам сапраўдны драйв».

«Мы тут усе не сапернікі, мы сябры, — дадае Георгій Путкарадзэ з Грузіі, — таму ўсё, што я магу пажадаць сабе і іншым, — няхай усё будзе добра!»

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.

Сацыяльная падтрымка

Якія мэты стаяць перад абноўленым цэнтрам сацыяльнай рэалібітацыі дзяцей-інвалідаў?

Якія мэты стаяць перад абноўленым цэнтрам сацыяльнай рэалібітацыі дзяцей-інвалідаў?

У цэнтры аказваюць паслугі па рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў усіх груп. 

Эканоміка

Куды ўкласці свае фінансы, каб іх прымножыць?

Куды ўкласці свае фінансы, каб іх прымножыць?

Пачынаць інвеставаць можна хоць з рубля, хоць з двух: так вы хоць бы зразумееце, як усё гэта працуе.