Вы тут

Чым паўднёвакарэйскі фільм блізкі мінскаму гледачу?


Фільм Пон Чжун Хо «Паразіты», які некалькімі жанрамі, віртуозна, кур’ёзна, энергічна расказвае пра міжкласавую прорву і дае зразумець, што яна — не крыўдная данасць, а трагедыя, ідзе ў мінскім пракаце. Журы Канскага кінафестывалю, што прайшоў у маі, аддала карціне Залатую пальмавую галіну, чым ушанавала ныючую тэму, надзвычайна прадуманую драматургію і рэжысёрскую стройнасць вядомага ў Азіі аўтара Пон Чжун Хо.


koreatimes.co.kr

Для гледачоў тут у адным флаконе прызапашаны трапныя жарты, саспенс і драматызм — карціна мяняе жанры як пальчаткі, і тое, што пачынаецца камедыяй, працягваецца трылерам, потым трагедыяй, канчаецца драмай дарэмных надзей. За кошт структуры фільм выйграе бясспрэчна, і не толькі таму, што забаўляе гледача разнастайнасцю стыляў, але і таму, што транслюе няўстойлівасць і ненадзейнасць становішча, якое ствараецца ў грамадстве пры класавай няроўнасці. Да таго ж усе часткі Пон Чжун Хо спалучае ёмка і арганічна, так што ў кожную новую рэчаіснасць уліваешся лёгка і незаўважна.

Гісторыя разварочваецца вакол дзвюх сімпатычных сем’яў, беднай і багатай. У кожнай чатыры чалавекі — бацькі, дачка і сын, таму іх нельга не параўноўваць. Сям’я Кім Кі Тэка жыве ў падвальным памяшканні і зарабляе толькі тым, што даволі неахайна складвае з загатовак каробкі для піцы. Аднойчы сябар рэкамендуе Кі У, сына Кі Тэка, у якасці рэпетытара англійскай у багаты дом. Сястра падрабляе дыплом, бацька кажа: «Я ганаруся табой» — і Кі У першым трапляе ў сям’ю містара Пака. За сабой ён прыцягвае сястру як настаўніцу малявання, тая падстройвае звальненне кіроўцы і прапануе на яго месца свайго бацьку, нарэшце, яны разам псуюць вобраз хатняй работніцы, і гэтую пасаду праз пэўныя маніпуляцыі займае маці. Пакі не падазраюць, што іх катэдж занялі самазванцы, і з’язджаюць на пікнік, а Кімы арганізуюць сабе сямейную вечарыну ў шыкоўным гаспадарскім доме — з гэтага моманту пачынаецца трылер.

З развіццём падзей усё больш разумееш, што сімпатычных сем’яў тут не дзве і Кімы ў вобраз прастадушнай абяздоленай беднасці не ўпісваюцца. Дакладна не дурныя дачка з сынам з пэўных прычын не могуць трапіць у вышэйшую лігу: Кі У некалькі разоў паступаў ва ўніверсітэт, але ён там не вучыцца, Кі Джон мае свае таленты, але не можа іх скарыстаць. Развіццё герояў сутыкаецца з сацыяльнымі перашкодамі, таму сын не можа наняцца на работу без падробленага дыплома, а ўся сям’я не можа прасунуцца да сонца без падману і несумленных інтрыг.

«Паразіты» — а ў параўнанні з Пакамі Кімы выглядаюць татальнымі адмарозкамі — ператвараюцца ў гісторыю пра «натуральнага чалавека» Жан-Жака Русо, першапачаткова добрую прыроду якога псуе цывілізацыя, то-бок сацыяльныя ўмовы і няроўнасць. Пакі, пакуль іх дом займаюць маральныя монстры, дабрадушна купляюцца на кожны падман і абмяркоўваюць пах новага кіроўцы. Нефанабэрысты айцішнік, наіўная жонка, звычайныя дзеці проціпастаўляюцца выкрутлівай, сапсаванай і беспрынцыпнай сям’і Кі Тэка, карацей, багацце — беднасці.

Мы не бачым у Кімаў ніякіх згрызот сумлення нават пасля даволі жорсткіх учынкаў. А на што яны здольныя дзеля захавання сваіх мелкіх пазіцый абслугі, варта паглядзець: Пон Чжун Хо фіксуе гэтае здрабненне каштоўнасцяў і несуразмернасць паміж высілкамі і мэтамі. Па вялікім рахунку нязначныя пасады робяцца ў беднякоў з падвала нагодай не толькі для падману, але і для фізічных распраў, чаго яны дакладна не вартыя.

Пераацэньванне звычайных рэчаў праз згаленне і нягоды было ўласціва і савецкаму чалавеку, калі бытавыя рэчы не набываліся, а «здабываліся», ад чаго і вырасталі ў сваёй значнасці. Гэта ў цэлым непазбежна пры беднасці, пытанне толькі ў распаўсюджанасці: у Савецкім Саюзе, напрыклад, такая з’ява стала характарам эпохі, яна назіраецца як у большай ці меншай ступені шмат дзе, і ў тым ліку ў сённяшняй Беларусі. Таму нам добра зразумела, пра што кажа Пон Чжун Хо, прычым кажа з перасцярогай: маўляў, такія тэндэнцыі не проста адмоўныя ў культурным ці яшчэ якім сэнсе, але і небяспечныя.

Згодна з «Паразітамі», небяспека хаваецца як у сляпой карыслівасці і празе лепшага жыцця, так і ў натуральна ўзнікаючым проціпастаўленні багатых бедным: у фільме галоўнае злачынства здзяйсняецца ўсё ж не дзеля выгод, а з-за імпульсу, справакаванага абразлівай грэблівасцю да паху чалавека ніжэйшага класа. Персанаж, якога чапляе гэтае ненаўмыснае падкрэсліванне яго неадпаведнасці стандартам вышэйшага саслоўя, хаця б у такой дробязі, завяршае гісторыю трагедыяй.

Усё ж такі антыгерояў у Пон Чжун Хо няма: што Пакі, што Кімы з’яўляюцца ахвярамі, і ўсе — ахвярамі класавай няроўнасці. Тым больш рэжысёр нікога не ідэалізуе і пра сваіх багачоў таксама выказваецца з пэўнай іроніяй — праз іх ахвочасць да ўсяго амерыканскага, непразорлівасць і круглую аблапошанасць. Як і Русо, параўноўваючы дзве сям’і і ствараючы закручасты сюжэт, Пон Чжун Хо робіць галоўным антыгероем цывілізацыю, што сваёй несправядлівай асновай з «чыстага» чалавека фарміруе монстра.

Цудоўна, што і канчаюцца «Паразіты» не злачынствам, то-бок пратакольнай канстатацыяй, маўляў, сацыяльная няроўнасць прыводзіць да трагедый, а жанравым пераключэннем на драму з кранальнымі марамі Кі У, якім, відаць, не збыцца. Ну а чаго хацець: што Жан-Жак Русо ў XVIII стагоддзі, што Пон Чжун Хо ў XXI — усё пра тое ж.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?