Вы тут

Што будуць абмяркоўваць на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі


У аўторак у Савеце Рэспублікі адбылося заключнае пасяджэнне беларускай часткі арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы VІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 17—18 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу


— Хацелася б, каб беларуская дэлегацыя была дастаткова актыўная, каб выступленні былі канструктыўныя, цікавыя, каб тыя пытанні, якія сапраўды стаяць на парадку дня, былі ўзнятыя і каб выступоўцы прапаноўвалі варыянты іх вырашэння, — звярнуўся да ўдзельнікаў аргкамітэта старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

У якасці прыкладу ён прывёў пытанне адмены роўмінгу, для вырашэння якога было ўжо шмат зроблена, але пакуль безвынікова.

Кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента заўважыў: актуальнасць форуму абумоўленая тым, што ён адбываецца на фоне абмеркавання на самым высокім узроўні пытанняў паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расіі. «Таму ўсе ўдзельнікі дэлегацыі і кіраўнікі секцый павінны быць дастаткова інфармаваныя і мець пэўную пазіцыю па дадзеным пытанні», — сказаў ён.

Як ужо паведамлялася, асаблівасць сёлетняга форуму — шырокі і адмысловы ўдзел у ім моладзі. Дарэчы, яна збярэцца ў Санкт-Пецярбургу раней: 15 ліпеня стартуе Расійска-беларускі маладзёжны форум, 16 ліпеня пройдзе пасяджэнне Савета Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Пасля гэтага ніхто з гасцей не раз'едзецца, бо 17 ліпеня моладзь возьме ўдзел у экспертнай сесіі, прысвечанай прыярытэтам развіцця Саюзнай дзяржавы.

Міхаіл Мясніковіч выказаў спадзяванні на высокую якасць работы маладзёжнага форуму. «Гэта новая з'ява ў рабоце Форуму рэгіёнаў, і яна павінна прайсці не фармальна, — сказаў ён. — Маладзёжная палітыка ў рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, я лічу, — адзін з самых прыярытэтных кірункаў, бо моладзь дастаткова амбіцыйная, падымае актуальныя пытанні, і мы ўсе, хто займае пэўныя службовыя пасады, павінны адпавядаць патрабаванням маладзёжнага асяроддзя. Сёння ў моладзі іншыя магчымасці, яна не абмяжоўваецца рамкамі дагаворных адносін, мае шырокі доступ да крыніц інфармацыі і мае права выбіраць і від дзейнасці, і месца вучобы, і месца жыхарства».

Старшыня Савета Рэспублікі дадаў, што хацелася б, каб тыя саюзныя адносіны, якія ў Беларусі з Расіяй фарміраваліся на працягу многіх стагоддзяў, былі атрыманы ў спадчыну маладым пакаленнем. «Гэта каштоўнасць, якую мы павінны захаваць. Мы павінны садзейнічаць таму, каб усё добрае, што ў нас ёсць, множылася і было здабыткам моладзі», — рэзюмаваў ён.

Афіцыйная дэлегацыя нашай краіны складае каля 250 чалавек.

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, сустаршыня аргкамітэта Мар'яна Шчоткіна адзначыла высокую ступень гатоўнасці беларускага боку да форуму.

Яна паведаміла журналістам, што ўжо цяпер вялікую цікавасць выклікае Экспертная сесія, на шасці секцыях якой будуць абмяркоўвацца пытанні агульнай адукацыйнай і інфармацыйнай прасторы, фарміраванне культурна-гуманітарнай сферы, пытанні турызму і супрацоўніцтва рэгіёнаў.

— Вельмі важнае мерапрыемства — пашыранае пасяджэнне нацыянальных дзелавых саветаў, якое арганізуюць расійская і беларуская гандлёва-прамысловыя палаты з удзелам бізнес-суполак, — лічыць віцэ-спікер. — І канешне, пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі і Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах. На ім будуць разгледжаны два асноўныя пытанні: вынікі выканання рашэнняў V Форуму Рэгіёнаў, які праходзіў летась у Магілёве, і развіццё транспартнага патэнцыялу, мадэрнізацыя транспартнай інфраструктуры Саюзнай дзяржавы.

Вынікі, да якіх прыйдуць удзельнікі форуму, будуць агучаныя 18 ліпеня на Пленарным пасяджэнні, тэма якога — «Міжрэгіянальныя сувязі як аснова фарміравання адзінай культурнай і гуманітарнай прасторы народаў Беларусі і Расіі». Плануецца, што гэтая цэнтральная падзея важнага саюзнага мерапрыемства пройдзе з удзелам кіраўнікоў дзяржаў.

Адначасова на форуме традыцыйна будуць падпісаны пагадненні паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі, паміж суб'ектамі Расійскай Федэрацыі і ўрадам Беларусі, а таксама камерцыйныя кантракты. Акрамя таго, для ўдзельнікаў форуму прадугледжаны экскурсійная і культурная праграмы.

Менавіта на Форуме рэгіёнаў некалькі гадоў таму ўпершыню прагучала ідэя зрабіць мабільную сувязь паміж Расіяй і Беларуссю больш даступнай. У чэрвені 2017 года Вышэйшым Дзяржсаветам Саюзнай дзяржавы было дадзена даручэнне галіновым міністэрствам Беларусі і Расіі прапрацаваць пытанне аб адмене роўмінгу паміж дзвюма краінамі.

«І ў Расійскай Федэрацыі, і ў Рэспубліцы Беларусь адразу пачалі працаваць над гэтым, — запэўніваў вясной гэтага года дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. — Першай стадыяй было непрыманне гэтай задачы. Асабліва былі супраць некаторыя прадстаўнікі міністэрстваў сувязі, бо гэта закранала эканамічныя інтарэсы гульцоў рынку. Аднак грамадская думка і рашэнне форуму рэгіёнаў адыгралі сваю ролю. Сёння ёсць разуменне неабходнасці адмены роўмінгу і ідуць дыскусіі адносна таго, як гэта зрабіць тэхнічна».

Рыгор Рапота паведамляў, што рыхтуецца дарожная карта па выкананні гэтага рашэння, і, як толькі яна будзе гатовая, можна будзе казаць пра тэрміны вырашэння пытання.

Намеснік міністра лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расіі Алег Іваноў пацвердзіў, што яго ведамства распрацавала і накіравала беларускім калегам дарожную карту, якая прадугледжвае тры этапы адмены роўмінгу і магчымае іх завяршэнне ўжо ў 2019 годзе. Па словах намесніка міністра, структурна дарожная карта была падтрымана беларускім бокам, аднак канчатковая згода паміж профільнымі ведамствамі так і не была дасягнутая. «Пытанне чакае палітычнага рашэння на больш высокім узроўні, — зазначае Алег Іваноў. — Па выніках атрымання неабходных дырэктыў ад урадаў дзвюх краін работа будзе працягнутая».

У сваю чаргу, міністр сувязі і камунікацый Беларусі Канстанцін Шульган падкрэсліваў, што варыянты адмены роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй будуць прапрацоўвацца да таго часу, пакуль бакі не прыйдуць да ўзгодненай пазіцыі. «Першыя варыянты ўжо ёсць. Аднак варта ўлічваць, што гэтае няпростае пытанне ў Еўрасаюзе вырашалася больш за сем гадоў», — казаў ён.

Па словах міністра, беларусаў, якія знаходзяцца ў роўмінгу, — каля аднаго мільёна, расіян — пяць мільёнаў.

Днямі Рыгор Рапота паведаміў у праграме тэлеканала «Беларусь 1», што пытанне з роўмінгам застаецца ў прапрацоўцы. «Мяне, вядома, засмучае тое, што яно так павольна рухаецца, але радуе, што яно ўсё ж такі рухаецца, — прызнаўся ён. — Мы зрабілі пэўны крок ад нежадання наогул гэтым займацца да таго, як гэта зрабіць. Гэта вялікі прагрэс. Ёсць жаданне вырашыць праблему».

Ён дадаў, што Форум рэгіёнаў — эфектыўная форма міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, бо на ім збіраюцца прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Беларусі і абмяркоўваюць сумесныя праекты. На такіх сустрэчах падымаюцца агульныя пытанні саюзнага будаўніцтва, у тым ліку адмены роўмінгу ў тэлефонных размовах, пашырэння навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння.

«Мы вельмі ўважліва прыслухоўваемся да парад, якія там гучаць», — запэўніў Рыгор Рапота.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Івана ЖДАНОВІЧА і БЕЛТА

Загаловак у газеце: Эфектыўная пляцоўка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».