Вы тут

Помнікі і памятныя месцы Саюзнай дзяржавы атрымаюць QR-коды


Маладзёжная палата пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі запускае міжнародны праект «Лічбавая зорка», на працягу якога будзе адлічбаваная інфармацыя пра помнікі і месцы буйных бітваў савецкіх войскаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў БелТА паведаміў старшыня палаты Аляксандр ЛУК'ЯНАЎ.


«Плануецца, што падчас акцыі клубы рэканструктараў сумесна з маладымі гісторыкамі і валанцёрамі будуць шукаць інфармацыю пра жыццё і подзвігі герояў, пра памятныя месцы, асабліва на перыферыі рэгіёнаў. Падрыхтуем адпаведную карту. Прачытаць звесткі дапаможа QR-код, магчыма будзе і самастойна зарэгістраваць аб'ект, знайсці дадатковую інфармацыю дзякуючы архівам», — растлумачыў дакладчык.

Ён нагадаў таксама, што ў Саюзнай дзяржаве распрацаваны праект стратэгіі развіцця маладзёжнай інтэграцыі, і пазнаёміў з вынікамі конкурсу па стварэнні эмблемы моладзі Саюзнай дзяржавы, прадставіўшы выяву-пераможцу.

Па словах Аляксандра Лук'янава, у конкурсе ўдзельнічала звыш сарака эскізаў ад больш чым трыццаці аўтараў. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца на пасяджэнні Савета Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе саюза Беларусі і Расіі, які ўпершыню пройдзе падчас маладзёжнага форума на VІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу на наступным тыдні.

Старшыня Маладзёжнай палаты паведаміў, што саюзная моладзь прапанавала Парламенцкаму сходу канцэпцыю развіцця вытворча-адукацыйных кластараў на базе Аршанскага ільнокамбіната.

«Найбуйнейшы ў Еўропе і на тэрыторыі постсавецкай прасторы камбінат цесна супрацоўнічае з Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, у той час як у Расіі стаіць задача па мадэрнізацыі цяперашняй ільновытворчасці. Чаму моладзь прыгранічча не прывозяць на стажыроўку, на практыку да нас?» — разважае Аляксандр Лук'янаў.

Намеснік старшыні Маладзёжнай палаты Ягор МАКАРЭВІЧ адзначыў, што ў далейшай дзейнасці плануецца зрабіць акцэнт на развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў эканоміцы.

«На пасяджэнні Савета МПСД прадставім і пытанні развіцця маладзёжнага турызму, бо развіваць інтэграцыю можна толькі пры ўмове, што маладыя людзі з Беларусі і Расіі ведаюць і наведваюць знакавыя гістарычныя, культурныя месцы, месцы для вольнага часу абедзвюх дзяржаў», — перакананы Ягор Макарэвіч.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, член Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях Людміла МАКАРЫНА-КІБАК выказала ўпэўненасць, што галоўная задача, якую павінна вырашаць моладзь, — прасоўванне Саюзнай дзяржавы.

«Да таго ж яны павінны навучыцца быць добрымі людзьмі і ў далейшым, можа, і добрымі кіраўнікамі. Да такой работы трэба рыхтавацца загадзя: дэпутат — гэта не работа, а нават лад жыцця», — адзначыла Людміла Макарына-Кібак.

Як нагадала дэпутат, Маладзёжная палата сфарміраваная год таму. Яна складаецца з сарака чалавек — па дваццаць грамадзян з кожнай краіны. У Беларусі дзейнічае закон аб маладзёжнай палітыцы, у Расіі падобнага дакумента няма. Таму, як лічаць парламентарыі, ключавы момант стратэгіі развіцця маладзёжнай інтэграцыі — набліжэнне заканадаўстваў краін.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Агульныя зоркі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.