На мінулыя выхадныя хадзіла ў маліны. Недалёка — у агародчык пад вокнамі ды на ўчастак за гумнамі. Сёлета іх процьма — вільгаці хапае, ягады буйныя, крамяныя. Патопчашся на месцы, пакруцішся вакол уласнай восі — і ўжо поўны бітончык, прывязаны на поясе, уніз цягне. Так, амаль стоячы на месцы, дзесяць літраў і назбірала. Было б і больш, але ў самых зарасцях сярод чырвоных ягад сядзела ў маленькім гняздзечку і спалохана глядзела цёмным вочкам жоўтая з чорнымі палоскамі птушачка, а з-пад яе выглядвалі тры раскрытыя дзюбкі. Карацей, давялося кінуць тыя маліны і хуценька рэціравацца, каб не ўчыніць лакальнай экалагічнай катастрофы. Зрэшты, хопіць і пасушыць, і на варэнне кожнаму па слоічку. І так ноччу, як пачынала засынаць, галінкі з чырвонымі ягадамі ў вочы лезлі...
Маліны на ўчастках у вёсцы з'явіліся адносна нядаўна, гадоў мо дваццаць пяць назад, калі моду на ягады каля хаты прывезлі наваспечаныя дачнікі. Яны ж і падзяліліся з мясцовымі першымі «пародзістымі» кустамі, а там ужо гаспадыні адна адной паадкопвалі. Так што ў маліны «ў прамысловым маштабе», з вёдрамі, цяпер мала хто ў лес за некалькі кіламетраў ідзе. Хіба што сабраць які слоік «на лякарства». Бо хатняя — яна хоць і буйная, і «пародзістая», але па водары і смаку да дзікай лясной ёй далёка.
А раней жа пайсці ў маліны было цэлай прыгодай. Растуць гэтыя ягады на свежых лесасеках або на ўскрайку хмызнякоў. Лес у нашых мясцінах нарыхтоўвалі актыўна, часам нейкую новую электрычную лінію пракладвалі ці пад газавую трубу дрэвы высякалі. І тады праз год-два ўсе навакольныя вёскі на тых высечках у ліпені сядзелі. Асабліва запомнілася, як «спляжылі» Круглаўку — так зваліся некалькі невялікіх ляскоў пасярод саўгаснага поля. Менавіта «спляжылі», бо дрэвы згарнулі ў вялікія кучы бульдозерам і так, не прыбіраючы, на некалькі гадоў пакінулі (быў самы разгар перабудовы, падобнага бардаку хапала паўсюль). На наступны год пасля «навядзення парадку» ажылі пакалечаныя дрэвы — некаторыя ледзь не падвешаныя ў паветры, — і пайшоў расці маліннік. Ягад на ім было — аж у вачах мільгацелі. Але дабрацца да іх было не так проста — самыя буйныя раслі акурат наверсе наробленых бульдозерам «пірамід». Даводзілася караскацца па іх на злом галавы, рызыкуючы праваліцца ўглыб кучы, рассыпаўшы ўсе назбіраныя ягады ды яшчэ і паабіваўшы рукі-ногі (некаторым так і «шанцавала»). Але, нягледзячы на падобныя нязручнасці, уся вёска, выгнаўшы раніцай кароў у поле, імкнула на Круглаўку. Статак гналі на абед, а насустрач яму цягнуліся ягаднікі з поўнымі вёдрамі, прычым усе, нават самыя няспрытныя — малін у тое лета хапала ўсім.
Круглаўку нарэшце зраўнялі з зямлёй і засеялі жытам, давялося шукаць новыя лесасекі. Але, калі нават іх не з'яўлялася, заўсёды заставалася Крыніца і Кантрольная — хмызы за вёскай. Крыніца — зразумела чаму, і б'е яна там не адна, а Кантрольная — самая сапраўдная кантрольная паласа на мяжы паміж падзеленымі да 1939-га часткамі Беларусі. Там заўсёды было шмат малінніку, а на «лучках» — невялікіх палянках між кустоў, расла шаўкавістая трава, якую тыя, хто жыў бліжэй, з ахвотай выкошвалі для сваёй скаціны. На адной такой выкашанай лучцы аднойчы мы з мамай назбіралі штук пад сто падасінавікаў. Калупалі маліны, пра грыбы і не думалі, а яны крамяныя, здаровыя, выстраіліся як на парадзе — аж вачам не верылася. Паскідалі кофты, пазвязвалі ў іх рукавы... Так і ішлі па вёсцы з поўнымі самаробнымі клункамі і з паўпустымі бітончыкамі — не да малін ужо было.
Бывалі ў малінах і не вельмі прыемныя здарэнні. На той жа Крыніцы ваша пакорная слуга ўступіла аднойчы ў асінае гняздо. Прычым нават адразу не зразумела, што адбылося, толькі пачула глухое і працяглае «в-у-у-у». Калі ж даўмелася — джгала праз кусты так, што, пэўна, паставіла нейкі рэкорд. Прычым паспяхова — дагнаць мяне змаглі толькі дзве ці тры насельніцы таго разварушанага гнязда... А аднойчы ў Галабурдах, далёка, кіламетраў за шэсць ад вёскі, у малінніку проста на нас з сястрой выскачыў з лесу воўк. Мы спалохана застылі, а ён пастаяў, пацягнуў носам паветра, павярнуўся і падаўся назад у лес. Брат-паляўнічы тлумачыў пасля: пашанцавала, вецер у наш бок дзьмуў, а не наадварот. Інакш маглі б пазнаёміцца з драпежнікам бліжэй... З малінавых кустоў уцякалі і ад дзікай свінні з парасятамі — вісклівы статак нёсся напралом. Толькі выдыхнулі і збіраліся вярнуцца да ягад — проста пад носам прамчаў з грозным рохканнем вялізны сякач, пэўна, бацька свінячага сямейства...
Прынесеныя дамоў сабраныя ягады трэба было яшчэ перабраць — дзеля гэтага са сподачкамі вакол стала ўсаджвалася ці не ўся сям'я, нават самыя меншыя. Пасля за хатай распальваўся агонь, на трыног ставіўся гаршчок або выварка з ягадамі — і на падворку лунаў такі дзівосны водар, які праз усё жыццё застаўся водарам сапраўднага лета і непадробнага шчасця...
Сабраныя сёлета ў агародчыку ягады мы паклалі на сучасную электрычную сушылку, якая стаіць у вясковай хаце ў маім пакоі. На ноч я яе не выключала і ў сне нібы плавала ў малінавым салодкім водары. І на некалькі гадзін усё было амаль як тады, калі дрэвы былі вялікія, лясныя ягады збіралі толькі ў лесе і раслі на палянцы за вёскай крамяныя чырвонагаловыя падасінавікі.
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.