У шаснаццацігадовым узросце імігранцкая дачка Жанін з французскага горада Лален разам з сям'ёй трапіла пад сталінскую кампанію па рэпатрыяцыі і пераехала ў Савецкі Саюз. У 1946 годзе дзяўчына апынулася на тэрыторыі Беларусі і пражыла тут усё жыццё, успамінаючы родны гарадок, молячыся на французскай і спяваючы «Марсельезу». Але ж раптам у 88 гадоў Яніна Сташко атрымала магчымасць наведаць Лален і пераадолела дзеля гэтага 1700 кіламетраў. Слёзы, жарты, эмоцыі: пра савецкую рэпатрыянтку, яе ўспаміны, жыццё і вяртанне ў горад дзяцінства расказвае дакументальная стужка Уладзіміра Бокуна, якая так і называецца — «Жанін».
Гэтага чуллівага візіту, напэўна, не было б, калі б не «спеўка» пасольства Францыі ў Беларусі і «Майстэрні Уладзіміра Бокуна», то-бок пасла і рэжысёра. Спадар Дзідзье Канэс падчас выканання сваёй дыпламатычнай місіі ў нашай краіне даведаўся пра савецкую рэпатрыяцыю і пачаў наносіць візіты былым грамадзянам Францыі, а некаторым нават выдаваць (вяртаць) французскія дакументы.
Ледзь не па ўсім свеце выхадцы з гэтых тэрыторый праз настойлівую агітацыю прадстаўнікоў адпаведных структур у таварных вагонах пераязджалі ў багаты і шчаслівы, як яны думалі, Савецкі Саюз. Некаторых пасля перасячэння граніцы адразу арыштоўвалі, некаторых не давозілі да родных гарадоў, некаторых прывозілі ў строга прызначаныя месцы, але ва ўсіх забіралі французскія пашпарты, так што вярнуцца ім было немагчыма. Па словах Яніны Сташко, яе маці пасля пераезду ў СССР пасівела літаральна за некалькі дзён.
Рэпатрыяцыя — адна з соцень трагічных хваляў, справакаваных савецкай уладай, і Жанін з'яўляецца не проста яе сведкай, але і ўдзельніцай (гледзячы на моцную галоўную гераіню, не хочацца казаць «ахвярай», але ў цэлым слова ў гэтым выпадку слушнае). Пра вяртанне савецкіх грамадзян на радзіму расказваюць і іншыя героі, у асноўным дзеці рэпатрыянтаў, але галоўнай вартасцю фільма застаецца, канешне, аптымістычная, жартаўлівая, стойкая Жанін. Надзвычайную гераіню гэтым разам кінематаграфісты знайшлі для свайго праекта — яна тут і фактура, і драматургія, і мантаж. Кадры, дзе ёсць Яніна Сташко, вартыя ўвагі ўжо самі па сабе.
Амаль што «грунтоўна» карціна асвятляе рэпатрыяцыю не толькі як гістарычную з'яву праз тых, хто аказаўся датычным да яе віроў, але і як масштабную драму праз яе прызнанне афіцыйнымі структурамі. Таму сюды ўключаны шматлікія эпізоды, дзе галоўнай дзеючай асобай становіцца Дзідзье Канэс, што наведвае рэпатрыянтаў і гутарыць з імі, запрашае іх у сваю рэзідэнцыю, перадае ім у рукі французскія пашпарты.
Хваля перасяленняў былых савецкіх грамадзян перастае быць рэччу ў сабе, непрызнаным непаразуменнем: яе ініцыятары, вядома ж, не мелі магчымасці прынесці свае прабачэнні, затое з'ява адгукаецца ў сучасных дзеячах. Крокі ў бок гарадскіх кватэр і хутарскіх дамоў рэпатрыянтаў, хоць у якасці хутчэй выключэння і здзейсненыя дыпламатам з замежжа, грэюць душу, паколькі ў цэлым ахвяры савецкіх пературбацый для сённяшняга афіцыйнага дыскурсу, лічы, згубленыя.
Таму яшчэ больш выключнай і важнай выглядае арганізаваная спецыяльна для Жанін паездка ў Францыю, дзе яна нарадзілася і пражыла амаль сямнаццаць гадоў. Тут яе сустрэлі ў музеі, каб паказаць адмысловую кнігу, у якой зарэгістраваны колішні прыезд у Лален яе бацькоў, і запрасілі ў мэрыю, дзе ўзнагародзілі памятным медалём, але што найбольш прыгожа і ўзрушальна — правялі да дома, дзе яна некалі жыла, звадзілі на святую імшу ў родным касцёле і сустрэлі ў школе, у якой Жанін некалі вучылася. Уласна да гэтых момантаў і рыхтуе перадгісторыя, уласна тут і разумееш бязлітаснасць савецкай улады.
Тым не менш карціна асабліва не абцяжарвае: жывая, неакадэмічная, «ліберальная» манера здымак суправаджае ў свет Яніны Сташко з яе сабакамі Трампам і Абамам, а праз аптымізм галоўнай гераіні ўсе нягоды неяк страчваюць у вазе.
Вось я ўсё і расказала! Прэм'ера фільма адбылася ў Falcon Club Буцік Кіно 10 ліпеня — на яе прыязджалі сама Яніна Сташко, якая падзякавала і за фільм, і за падарожжа, яе сын, дзеці рэпатрыянтаў і Дзідзье Канэс. Сёння, 13 ліпеня, карціна «Жанін» будзе паказана на тэлеканале АНТ.
Сафія ПАЛЯНСКАЯ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.