Вы тут

Адбылася прэм'ера спектакля «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»


На сцэне апынуліся ваўкалак, цмок і Белая Сарока, а размова пайшла пра нацыянальную адметнасць, праз якую Беларусь захоўвае не толькі выключнасць, але і незалежнасць, — у Купалаўскім тэатры адбылася прэм'ера спектакля «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Мазаіка з матываў, скокаў і перакручаных сюжэтаў Яна Баршчэўскага шле гледачам даволі літаральныя мэсэджы аб краіне, гісторыі і культурнай адметнасці, а Купалаўскі займаецца тым, чым і павінен займацца нацыянальны тэатр, — патакае пачуццю ўласнай годнасці.


Зварот да Яна Баршчэўскага, сімвалічнай для нацыянальнай культуры персоны, ніколі не будзе дарэмным, але гэтым разам ён з'явіўся ў рэпертуары Купалаўскага надзвычай своечасова. Кніга, што апела народны фальклор, унікальныя мясцовыя міфы, беларускую глыбінку і праз вобраз Белай Сарокі паказала замахі чужых культур, увасабляецца ў тэатральнай пастаноўцы якраз у час актыўнага абмеркавання нацыянальнай адметнасці на фоне інтэграцыйных працэсаў.

І не проста ўвасабляецца, але і перакройваецца да яшчэ больш недвухсэнсоўных пасылаў: у адрозненне ад сярэдзіны XІX стагоддзя нам ужо не трэба вылучаць наяўнасць беларускай гісторыі і самабытнай культуры, але рабіць іх гарантам незалежнасці і апеляваць да нацыянальнага самаўсведамлення, ды яшчэ на адной з галоўных тэатральных сцэн, усё яшчэ неабходна.

З-за сваёй своечасовасці «Шляхціц Завальня» (нават крыху нязграбны: то занадта манерны, то напышлівы, то лішні) гучыць галасней, падкрэслівае тлусцей і адгукаецца глыбей. Пастаноўка, хоць яе назва і паўтарае слова ў слова назву зборніка, бязлітасна пераварочвае Баршчэўскага з ног на галаву і перакрыжоўвае ў сабе некалькі сюжэтаў.

Да шляхціца Завальні з Санкт-Пецярбурга прыязджае ўнук Ян і даведваецца, што сяброўка дзяцінства Амелія выйшла замуж за іх агульнага сябра Альберта. У гэты час у Альберта гасцюе еўрапеец доктар Шэльмер, што насамрэч з'яўляецца чарнакніжнікам і служыцелем Белай Сарокі. Паралельна развіваецца гісторыя карыслівай Агапкі і закаханага ў яе Карпы, які гатовы прадаць душу за цмока, што здабываў бы для іх сямейнага саюзу золата і срэбра.

Рэжысёр Алена Ганум такім чынам знаходзіць месца для рамантычнай гісторыі з любоўным трохкутнікам, прыгодамі і выратаваннем; для вярбоўкі на служэнне Белай Сароцы (у Баршчэўскага яна была алегорыяй Кацярыны ІІ) з гістарычным падтэкстам і адсылкай да сучаснасці; для той самай унікальнай беларускай культуры, якую сімвалізуюць неверагодныя фальклорныя сюжэты з ваўкалакамі, цмокамі і замоўленымі скарбамі.

У складаназлучаны сюжэт упісаны неабходнасць абараняць свой край, наўпроставыя размовы пра ліцвінаў/беларусаў і абразлівыя кпіны з наіўных вераванняў дурных прасталюдзінаў. Апошняе, што важна, сыходзіць ад доктара Шэльмера, то-бок прадстаўніка замежжа. Усё гэта — неўсвядомленае, непрызнанае, прыбітае — паказваецца ў паўмістычнай атмасферы (афармленне вянчае вялізная галава пеўня, вока якому замяняе месяц), дзе галоўную небяспеку нясуць замежныя прозвішчы і ўтрыраваны акцэнт (вядома ж, не самі па сабе, а праз свае нядобрыя намеры).

Пад месяцам ды ў хмызняках, з кпінамі Шэльмера ды фанабэрыстасцю Белай Сарокі (апранутай насамрэч у чорнае) адбываецца самае галоўнае — самаўсведамленне беларусаў. Аўтары, канешне, чаго толькі ў спектаклі не намясілі. Ненатуральныя сантыменты і пяшчотныя галасы рамантычнай лініі ў атачэнні прыгожа фантастычных падзей выглядаюць данінай глядацкім чаканням; танцы, якіх у пастаноўцы даволі, часам толькі расцягваюць час — то абыгрываюцца, то не абыгрываюцца (і ў рэшце рэшт надакучваюць); гумарыстычны эпізод з Завальняй, які лёг паміраць, але ажыў з-за дастаўленай індыйскай трубкі і танца сланоў ізноў вытыркаецца з адзіна вартай таямнічай эстэтыкі, тон якой задае галава пеўня.

Галоўнае — прыгожыя сімвалы самабытнасці і шырыні нацыянальнай культуры — у пэўным сэнсе нівелюецца скокамі і няўдалым спалучэннем гісторый і настрояў, але ўсё ж такі пануе. У пэўны момант сюжэтныя лініі спектакля, што ўвесь час падганяюцца нячыстай сілай, сыходзяцца ў адным пункце і вырашаюцца нечым надзвычайным, вышэйшым нават за цёмныя заклінанні, чарнакніжніка і Белую Сароку. Плачкі — яго ўвасабленне — з'яўляюцца ў белых, доўгіх, незямных строях. Так што пакуль яны ёсць — Плачкі, міфы, фальклор, літаратура, выяўленчае мастацтва, тэатр, то-бок беларуская культура ў цэлым, нам за сябе можна не хвалявацца.

Тэматычная селекцыя Купалаўскага ў гэтым выпадку заслугоўвае апладысментаў, хоць, можа, выкананне задумы і не дацягвае да яе высакародных сэнсаў. Так і сядзіць беларус у тэатральнай зале — з мастацкай другараднасцю, затое з патрыятычным уздымам.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота прадстаўлена Купалаўскім тэатрам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.