Вы тут

Міністры абароны і адукацыі наведалі ваенна-патрыятычны лагер для падлеткаў


Міністр абароны Андрэй Раўкоў і міністр адукацыі Ігар Карпенка наведалі ваенна-патрыятычны лагер у брыгадзе спецназу.


Усё больш маладых людзей лічаць тэрміновую службу ў арміі станоўчым вопытам. Гэта адзначыў міністр абароны Андрэй РАЎКОЎ у размове з журналістамі ў лагеры «Прызыўнік».

Кіраўнік абароннага ведамства паведаміў, што апошнія некальнікі гадоў ва Узброеных Сілах пры звальненні ў запас вайскоўцы анкетуюцца, і адзначыў пазітыўныя вынікі гэтых апытанняў. Так, летась 84 % хлопцаў адказалі, што служба дала ім нешта станоўчае ў жыцці. Сёлета лічба задаволеных перавысіла 90 %. Каля 72 % у мінулым годзе адзначылі, што служба дазволіла вызначыцца з жыццёвымі мэтамі, — сёлета такіх ужо 80 %.

Па словах Андрэя Раўкова, сёння чацвёра з пяці маладых людзей згаджаюцца з тым, што армія — школа мужнасці і патрыятызму. Абсалютная большасць хлопцаў лічаць, што сталі больш трывалымі, моцнымі, рашучымі, самастойнымі, навучыліся працаваць у калектыве і разумець таварыша.

Самай важная і складанай задачай дзяржавы міністр абароны лічыць выхаванне патрыёта. Задачы па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі выконваюць і Узброеныя Сілы — і не толькі моладзі, але ўсіх грамадзян краіны.

«Можа, гэта казённыя словы, але задачы важней за выхаванне патрыёта ў дзяржавы няма, таму што калі мы гаворым пра незалежнасць, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць, захаванне канстытуцыйнага строю, пра мір і бяспеку ў дзяржаве, зразумела: да гэтага патрэбна прыкласці шмат намаганняў. Дзяржава робіць усё, каб абарона Айчыны была ўсенароднай», — упэўнены кіраўнік ведамства.

Узброеныя Сілы арганізуюць лагеры для частцы насельніцтва, што, мабыць, больш за ўсіх патрабуе выхавання, — моладзі. У яе ліку і школьнікі, і «складаныя падлеткі». За дзесяць гадоў ваенна-патрыятычным выхаваннем у лагерах ахоплена больш за сто тысяч падлеткаў.

У брыгадзе спецназу навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі гэтымі днямі асвойваюць азы жыцця ў палявым лагеры.

«Думаю, для іх гэта карысна і павучальна, таму што чалавек, які сутыкнецца з воінскім калектывам у юным узросце і адчуе складанасці, якія пераносіць малады чалавек у тым ліку на тэрміновай службе, лягчэй адаптуецца потым, калі будзе прызваны. Са свайго боку робім усё, каб пад кіраўніцтвам дасведчаных сяржантаў і афіцэраў хлопцы ўжо зараз атрымалі пэўныя навыкі: навучыліся распальваць вогнішча, аказваць элементарную медыцынскую дапамогу», — Андрей Раўкоў робіць акцэнт на карыснасці, практычнасці армейскага ўмельства.

Таму, звяртаючыся да маладых людзей, ён звярнуў іх увагу на галоўнае ў жыцці пытанне: «хто я, кім хачу быць». Хтосьці знойдзе адказ менавіта тут, у ваенна-патрыятычным лагеры, і нават зробіць выбар прафесіі.

«Канешне, мы хацім, каб яны былі здаровенькія, каб былі ў першую чаргу людзьмі і, натуральна, прайшлі армейскую школу і былі гатовыя, калі раптам наступіць гадзіна, стаць у шыхт са зброяй і абараніць сваю краіну», — падвёў вынік міністр.

Абодва міністэрствы — і адукацыі, і абароны — згаджаюцца, што дапрызыўная падрыхтоўка патрабуе ўдасканалення. Па меркаванні апытаных демабілізаваных, яе павінны праводзіць тыя, хто сам служыў.

Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА распавёў журналістам, як дапрызыўная падрыхтоўка зменіцца згодна з патрабаваннямі часу.

«Трэба ў школе павысіць статус ваенрука, даабсталяваць цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі. Акрамя таго, ужо падправілі нарматыўныя дакументы, звязаныя з дзейнасцю ваенна-патрыятычных класаў. Сур’ёзная ўвага надаецца і кадэцкай адукацыі. Больш за тое: распрацаваны факультатыў для 8-9 класаў па ўводзінах у дапрызыўную падрыхтоўку», — адзначыў міністр.

Ён падкрэсліў, што служба ў арміі — не перашкода атрыманню адукацыі.

«У краіне для гэтага створаны ўсе ўмовы: у сістэме адукацыі каля 12 ВНУ маюць спецыялізаваныя факультэты і ваенныя кафедры.

Распрацаваны праект Указа кіраўніка дзяржавы аб сецевай падрыхтоўцы, згодна з якім навучэнцы ВНУ без ваенных кафедраў будуць мець магчымасць займацца ў бліжэйшых установах, дзе такія кафедры ёсць», — паведаміў Ігар Карпенка.

Па яго словах, распрацоўваецца і дакумент, які дазволіць дапасаваць вучэбныя заняткі да службы ў рэзерве — гэта важна для выпускнікоў ВНУ, якія жадалі бы працягнуць вучобу ў магістратуры. Да таго ж, падкрэсліў міністр адукацыі, магістратура — неабавязковая ступень адукацыі, яна для матываваных людзей.

«Выпускнікоў гэтага году 56 тысяч, месцаў у магістратуры — усяго тры тысячы. Плюс вазьміце нейкую колькасць дзяўчат. Таму, на мой погляд, турбавацца няма падстаў», — упэўнены Ігар Карпенка.

Ён згадзіўся, што ў грамадстве маглі скласціся пэўныя стэрэатыпы і жахі — для таго і патрэбныя падобныя лагеры, зборы, наведванні воінскіх часцей (можа, у большай ступені для бацькоў).

Па інфармацыі кіраўніка адукацыйнай сістэмы, абодва міністэрствы знаходзяць паразуменне, як выбудаваць працу для вырашэння задач і арміі, і адукацыі.

Варвара МАРОЗАВА

Фота аўтара

г. Мар'іна Горка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».