Вы тут

У беларускіх ВНУ пачаўся прыём дакументаў


Учора прыёмныя камісіі беларускіх ВНУ распачалі прыём дакументаў у абітурыентаў. Звычайна першымі ў прыёмныя камісіі прыходзяць уладальнікі вельмі высокіх балаў. У БДУ, напрыклад, падалі дакументы пяць абітурыентаў з сумай балаў, боль­шай за 391. У адной дзяўчыны, якая паступае на факультэт міжнародных адносін, амаль максімум — 399 балаў.


У БДУІР на вельмі прэстыжным факультэце камп'ютарных сістэм і сетак свой намер навучацца аформілі некалькі чалавек, якія маюць больш чым 381 бал. Уладальнікі такой сумы балаў ёсць і сярод абітурыентаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

У першы дзень падачы дакументаў міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА наведаў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, дзе азнаёміўся з ходам уступнай кампаніі, а таксама прысутнічаў на сумоўі з выпускнікамі педагагічных класаў. Міністр адзначыў, што яму як кіраўніку Мінадукацыі неабыякава, хто будзе працаваць педагогам. «Цікава паглядзець, што гэта за абітурыенты і з якім багажом яны прыйшлі», — заўважыў ён.

Міністр нагадаў, што ў Беларусі выбудоўваецца новая сістэма дзяржзаказу кадраў, якая арыентавана ў першую чаргу на патрэбы эканомікі і яе перспектывы. Менавіта таму павялічыўся прыём на тэхнічныя і тэхналагічныя, медыцынскія і ІT-спецыяльнасці. Усяго ў 2019 годзе ў ВНУ Беларусі плануецца прыняць
54,7 тысячы чалавек, што на 1 % больш за план прыёму мінулага года. Чакаецца, што студэнтамі бюджэтнай формы навучання стануць 26,6 тысячы чалавек — гэта на 0,7 % перавышае план прыёму 2018 года.

Міністр запэўніў, што прыёмная кампанія праходзіць спакойна і ўпэўнена, а таксама пракаментаваў павышэнне кошту навучання ў ВНУ. Ён падкрэсліў, што «цана падрасла нязначна». Паводле яго слоў, у ВНУ Міністэрства адукацыі павышэнне вагаецца ад 100 да 300 рублёў. Усяго ў Беларусі функцыянуе 51 вышэйшая навучальная ўстанова, але ў падпарадкаванні Міністэрства адукацыі знаходзіцца толькі 21.

Напярэдадні некаторыя беларускія ВНУ размясцілі на сваіх сайтах кошт навучання ў 2019/2020 навучальным годзе, сярод іх Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка.

Напрыклад, у БНТУ кошт навучання на першым курсе вагаецца ў залежнасці ад спецыяльнасці ад 3380 да 3605 рублёў за год. У БДЭУ незалежна ад спецыяльнасці першакурснікам давядзецца плаціць 2564 рублі, студэнтам другіх—чацвёртых кур­саў — 2463 рублі. У Акадэміі кіравання цэннік адзін для ўсіх студэнтаў — 3200 рублёў. У БДПУ кошт на спецыяльнасцях з вывучэннем замежнай мовы вар'іруецца ад 1966 рублёў для выпускнога курса да 2666 — для студэнтаў першага. Даражэй за ўсё абыдзецца навучанне для студэнтаў-першакурснікаў, якія выберуць спецыяльнасці «музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія», «музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура» — 2800 рублёў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».