Вы тут

У Навагрудку з'явілася Сцяна Памяці


Тыдзень таму ў Навагрудку, каля Музея яўрэйскага супраціўлення, урачыста адкрылі Сцяну Памяці. Гэта помнік, прысвечаны ўцёку яўрэяў у верасні 1943 года з Навагрудскага гета. Таксама тут разгарнулася выстаўка пад адкрытым небам пад назвай «Гісторыя будаўніцтва тунэля і ўцёку ў сведчаннях яго ўдзельнікаў».


Акрамя шматлікіх месцічаў на адкрыццё завіталі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей з сынам Арцёмам, прадстаўнікі дыпламатычных корпусаў Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраіля, кіраўніцтва Навагрудскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Федчанкам. Пазней у Налібаках гасцей сустракаў старшыня сельскага Савета Аляксандр Пілінкевіч.

Гэты дзень стаў таксама і днём сустрэчы шматлікіх нашчадкаў тых яўрэяў, якія здолелі выбрацца з навагрудскага гета. Яны з'ехаліся сюды, на беларускую зямлю, прывезлі з сабой дзяцей і ўнукаў, бо лічаць важным далучаць іх да агульнанацыянальнай памяці, вучыць стойкасці ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Арганізатарам сустрэчы, як і аўтарам праекта па захаванні памяці пра трагедыю яўрэяў на Навагрудчыне, з'яўляецца Тамара Вяршыцкая. Яна адзначыла:

— У лёсе кожнага чалавека бываюць людзі, пасля сустрэчы з якімі цалкам змяняецца наша жыццё. Для мяне такім чалавекам стаў Джэк Каган. Ён адкрыў і мне, і ўсім нам гісторыю яўрэяў Навагрудка, гісторыю трагедыі і мужнасці. Яму было 13—14 гадоў, ён адзіны, хто застаўся ў жывых з сям'і. На маю думку, ён выжыў для таго, каб захаваць гісторыю для нас, таму што людзі, якія гэтую трагедыю перажылі, з'ехалі і многія гады маўчалі. Не казалі нават сваім родным, дзецям. Джэка Кагана больш няма з намі, але ёсць Музей яўрэйскага супраціўлення, які працягвае жыць і развівацца. Сёння на сустрэчу ў Навагрудак прыехала больш за 100 чалавек — нашчадкі партызанаў атрада Бельскага з ЗША, Канады, Аўстраліі, Германіі, Расіі, Украіны.

Замежныя госці зрабілі вялікі шлях, каб убачыць важныя, памятныя месцы, каб зразумець, адчуць штосьці важнае для сябе. Пра страшныя падзеі даўніх часоў яшчэ раз нагадаў старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Федчанка:

— Да вайны 63 % насельніцтва ў Навагрудку складалі яўрэі. Нароўні з беларусамі, палякамі і татарамі яўрэі будавалі і развівалі Навагрудак. Немцы захапілі горад ужо 4 ліпеня 1941 года. Праз тры тыдні на цэнтральнай плошчы наладзілі першы паказальны расстрэл яўрэяў. А ў снежні 1941 года стварылі гета. Расстрэлы сталі масавымі. Калі спачатку ў вязняў яшчэ і былі нейкія надзеі, то дзве масавыя кары 8 снежня 1941 года і 7 жніўня 1942 года, якія забралі жыцці тысяч бязвінных людзей, іх цалкам развеялі. Вязні зразумелі: адтуль ужо не выпусцяць. Адзіным спосабам выратавацца былі ўцёкі. 250-метровы падземны ход да свабоды капалі чатыры месяцы. Дажджлівай восеньскай ноччу 43-га праз тунэль бегла больш за дзвесце чалавек. Не ўсім удалося выбрацца, але тыя, хто паспеў, сышлі ў лес, дзе іх ужо чакаў партызанскі атрад братоў Бельскіх.

У Навагрудак завітаў і адзіны жывы з братоў Бельскіх Арон. Сёння яму 93 гады, і жыве ён у ЗША. Нашчадкі іншых братоў таксама прыехалі на Гродзеншчыну.

Пасол Ізраіля ў Беларусі Алон Шогам падчас сваёй прамовы падзякаваў беларусам за памяць пра яўрэйскі партызанскі атрад насуперак савецкаму наратыву, які замоўчваў ролю яўрэяў у часы вайны.

З дзвюма дочкамі з ЗША прыехала Гэлен КушнЕр-Зэліг, сваячка зяця і дарадцы амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа Джарэда Кушнера. Яе маці Лея Кушнер разам з іншымі яўрэямі падчас вайны ўцякла з Навагрудскага гета праз тунэль, які выкапалі вязні, і больш за год пражыла ў лагеры Бельскіх.

Такія сустрэчы сваякоў і вязняў гета стануць штогадовымі, упэўнена Тамара Вяршыцкая, якая запрашае ў наступным годзе далучацца ўсіх, хто не трапіў сёлета.

У свеце цяпер жыве 25 000 нашчадкаў тых 250 яўрэяў, якія выжылі ў Навагрудскім гета. Можна сказаць, што іх род ужо павялічыўся ў 100 разоў.

Нездарма рабін суполкі прагрэсіўнага іўдаізму «Бэйт-Сімха» Рыгор Абрамовіч з Мінску заўважыў: «Мы прыехалі сюды, каб вучыцца, што такое яўрэйская надзея і вера». Думаецца, гэта патрэбна і ўсім нам — нязломныя вера і надзея ў самых няпростых сітуацыях.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Андрэя ДАРАФЕЕВА

Загаловак у газеце: Што такое надзея і вера

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.