Вы тут

Дым над вадой. А дом — ля возера


Або дзе гняздзяцца паэты?

Лета — тая пара, калі самае цікавае адбываецца дзесьці ў раёнах. Таму варта выбраць для сябе які-небудзь мясцовы фестываль, што ладзіцца тамтэйшымі энтузіястамі, каб адпачыць ад сталіцы, ад буйных гарадоў, ад вялікіх натоўпаў. Каб быць бліжэй да прыроды. Бліжэй да невялікіх, але важных спраў.


Куды ж можна выбрацца ў найбліжэйшыя два месяцы з карысцю для сябе і з прыемнасцю для наваколля? Колькі часу таму «Звязда» пісала пра культурны цэнтр, які ўтварыўся на ўскрайку Беларусі, — «Культыватар» у Лынтупах. Адна добрая ініцыятыва звычайна натхняе кагосьці і спараджае іншую ініцыятыву. Гэтым летам у Лынтупах пройдзе зусім новае свята — пленэр і фестываль эксперыментальнай керамікі «Дым» — ён будзе ладзіцца з 12 па 24 жніўня.

Арганізатар фестывалю кераміст Дар'я Мандзік адзначае, што летась яна была ў вялікім керамічным падарожжы па Партугаліі і Украіне і заўважыла, якія цуды здараюцца, калі разам збіраюцца розныя творчыя людзі. Таму разам з Настассяй Мілаванавай (другім арганізатарам) яны вырашылі зладзіць такі керамічны «эксперымент», які зусім нечакана для іх саміх стаў міжнародным (удзел у ім возьмуць не толькі керамісты з Беларусі, але і майстры з Расіі і Балгарыі).

Арганізатары фестывалю на краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by распачалі збор сродкаў, каб падтрымаць будучае керамічнае дзейства. Знайшоўшы на сайце праект з назвай «Дым», можна ўбачыць цікавыя лоты — напрыклад, вырабы майстроў-керамістаў, што зробяць у Лынтупах, ці (прапанова цікавая для майстроў) магчымасць абпаліць свае вырабы на фестывалі ў печы... Сярод іншага — магчымасць паўдзельнічаць у двухдзённым керамічным інтэнсіве 17 і 18 жніўня (кошт 120 рублёў).

  • 24 жніўня адбудзецца ўласна фестываль «Дым», куды запрашаюцца ўсе ахвотныя. Яго разынкай стане вечаровае вогненнае шоу — полымя будзе гарэць у вялікіх гліняных статуях, якія злепяць удзельнікі пленэру.

Калі ж даехаць у Лынтупы, на край Беларусі, не атрымаецца, можна спыніцца бліжэй да яе сэрца — на Вілейшчыне. З 9 да 11 жніўня тут, у вёсцы Навасады Нарачанскага сельскага савета, пройдзе фэст з рамантычнай назвай «Дом ля возера». І гэта свята для адпачынку на любы густ. Бо арганізатары абяцаюць «карысныя лекцыі, аўтарскую музыку, паэзію, кіно, рыбалку, жывую бібліятэку, эксклюзіўную кухню, пленэр, танцы і выставы». Пагадзіцеся, выбраць ёсць з чаго!

Варта адзначыць, што гаспадар «Дома ля возера» Алег Куралесаў перасяліўся сюды некалькі гадоў таму. З таго часу ён паступова перабудоўвае сваё жытло, а таксама ладзіць розныя «варушнякі». Акрамя летняга фестывалю (сёлетні будзе ўжо другім па ліку) тут ладзіліся кінапаказы, літаратурныя вечарыны, некалькі зімовых свят і хакей. Адна з мэт — далучэнне да адукацыйнага працэсу і забаў мясцовых жыхароў, бо разам, згадзіцеся, сапраўды весялей.

Асаблівую цікавасць уяўляе і сам дом, яго аздоба — ліхтарыкі розных выглядаў, сцяна, зробленая з... кніг, крэслы-мяшкі, магчымасць заначаваць на паддашку... Такія месцы, зробленыя з душой, хочацца не проста ўбачыць — яны натхняюць на тое, каб і мы самі ўпрыгожвалі неяк гэты свет.

  • Напрыканцы, каб вы зусім дакладна ўпэўніліся, што Беларусь — краіна крэатыўных людзей, якія не шкадуюць вольнага часу дзеля сваіх ідэй, варта згадаць, што з 2 да 4 жніўня ў вёсцы Белая Царква, каля Чарэі, дзе знаходзіцца родавая сядзіба Мілашаў, адбудзецца фестываль SPRAVA. Трэба дадаць, што ў Белай Царкве сапраўды ёсць мураваная царква (гэта не толькі прыгожая назва), а само паселішча знаходзіцца на паўвостраве ў возеры — таму выглядае вельмі маляўніча, месца для фэсту выбрана вельмі ўдалае.

Падчас «Справы» (уваход на фестываль платны) можна будзе пачуць шмат розных гуртоў — пералічваць іх не мае сэнсу, бо ўжо запланавана больш за 20 (!) канцэртаў. У гэты ж час на ўскрайку паўвострава будзе будавацца вышка для назірання за птушкамі — ахвотныя могуць узяць удзел у гэтых работах.

Напярэдадні, у другой палове ліпеня, у Белай Царкве адбудзецца летнік Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў. За час летніка студэнты і валанцёры збудуюць так званае «Гняздоўе паэтаў». Маладыя архітэктары будуць майстраваць домікі над, каля і пад дрэвамі (хатку, гняздо, кокан, ляжак). Збудаванні павінны атрымацца экалагічныя, бяспечныя, зручныя (каб пры жаданні імі маглі скарыстацца і дзеці). Але і гэта яшчэ не ўсё. З 2 да 4 жніўня тут адбудзецца яшчэ адно «Гняздоўе паэтаў» — паэтычная частка фестывалю, якую курыруе вядомы сучасны творца Дзмітрый Строцаў. Проста цяпер ён працуе над стварэннем небанальнай, яркай праграмы. І не кажыце, калі ласка, пасля ўсяго гэтага, што ў Беларусі сумна жыць!

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».