Вы тут

На «Славянскім базары» абмеркавалі стан беларускай культуры на сучасным этапе


Пасяджэнні круглага стала на тэму «Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцяў. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў» адбываюцца на мастацкім форуме з 2015 года. Арганізатарамі гэтай сустрэчы традыцыйна выступаюць Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры і Выдавецкі дом «Звязда». Тэма дыскусіі застаецца нязменнай, але аргументы і высновы, да якіх прыходзяць удзельнікі — прадстаўнікі вядучых СМІ, кіраўнікі фестывальнага руху, дзеячы культуры і мастацтва з розных краін, — штораз набываюць новае гучанне, актуальнае ў бягучы момант.


Генеральны дырэктар Нацыянальнага музея Султаната Аман Джамаль Мусаві прыехаў у Віцебск упершыню, каб пазнаёміцца з багатай культурнай праграмай фестывалю і разгледзець магчымасць удзелу сваёй краіны ў мерапрыемствах «Славянскага базару» налета. Штуршком да развіцця культурных стасункаў паміж нашымі краінамі стаў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Султанат Аман у 2007 годзе, пазней прайшоў першы сумесны праект.

«У верасні сёлета плануем адкрыць у Мінску выстаўку, прымеркаваную да 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Акрамя таго, у 2020-м хацелі б прыняць у Маскаце Дні культуры Беларусі», — расказаў Джамаль Мусаві.

Мадэратар дыскусіі — дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў зазначыў, што культура і мастацтва адыгрываюць выключную ролю ў фарміраванні мірнай гуманітарнай прасторы ва ўсім свеце: «Славянскі базар» ужо даўно ператварыўся з забаўляльнага мерапрыемства ў глабальны мультыкультурны форум. І цяпер яго мэты і задачы, якія стаяць у тым ліку перад намі, прадстаўнікамі медыя, дзеячамі мастацтва, — не толькі паказаць Беларусь з найлепшага боку, але і абмеркаваць праблемы, якія фарміруе час».

«Я ўсёй душою хварэю за «Славянскі базар» і хачу, каб ён развіваўся, пашыраў фармат, — падзяліўся старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Напрыклад, асабіста мне заўжды не хапае джазу, хацелася б яго на фестывалі больш. Альбо яшчэ пытанне: чаму няма класічных формаў? Помніце, быў год, калі Украіна прадстаўляла класічны праект, і гэта было цудоўна прынята гледачамі. Чаму б не паўтарыць? Лічу, што форум не толькі захавае сябе, але і прыцягне новае пакаленне гледачоў толькі тады, калі пачне прымаць новыя формы, адэкватныя часу».

Падтрымалі гэта меркаванне і першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення саюза Тамара Краснова-Гусачэнка, якія зазначылі: адзін з неабходных складнікаў поспеху — адкрыццё новых культурных пляцовак, у прыватнасці, большае скарыстанне творчых сіл пісьменнікаў і паэтаў з Беларусі і іншых краін.

Прадстаўнікі вядучых СМІ, якія штогод шчыльна працуюць на «Славянскім базары», падзяліліся сваім бачаннем ролі медыя ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы і ўмацаванні духоўна-маральных каштоўнасцяў. Так, дырэктар прадстаўніцтва МТРК «МІР» у Беларусі Уладзімір Пярцоў нагадаў: «Культура і мастацтва — не толькі крыніца, але і праваднік духоўна-маральных каштоўнасцяў. У спрэчцы аб тым, што важнейшае на фестывалі — камерцыйны або творчы складнік — давайце не забывацца пра гэта».

Такую ж думку — выхаванне добрага густу ў грамадстве, падтрымка высокага мастацтва — працягнуў кіраўнік БДА «Песняры» Раман Козыраў. А генеральны дырэктар расійскага інфармацыйнага агенцтва Іntеrmеdіа Яўген Сафронаў дадаў: «Фестываль штогод нясе шырокай аўдыторыі велізарную колькасць культурных з'яў, таму яго трэба ўсяляк падтрымліваць і захоўваць».

«На мой погляд, роля журналістаў у тым, каб не толькі максімальна шырока асвятляць падзеі і выдаваць кантэнт, але і адукоўваць чытача, і самім ствараць новыя інфармацыйныя нагоды, — падзялілася генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч. У якасці прыкладу яна прыгадала, як журналісты БелТА ініцыявалі правядзенне конкурсу перакладаў «Дистихов» Максіма Багдановіча.

«Кажуць, што можна нарадзіцца Моцартам, але ніколі ім не стаць, — заўважыла тэлевядучая Святлана Бароўская. — Калі б артысты спявалі і іх не здымала тэлебачанне, пра іх не пісалі б газеты, яны так і спявалі б дома маме, а не на сцэне «Славянскага базару». Эмацыянальна, але даходліва тэлевядучая выказала галоўную думку: фестываль — адзіны арганізм. Таму і артыстам, і прэсе, і ўсім суправаджаючым службам трэба працаваць у камандзе, не ўключаючы «зорку», але адкрываючы для публікі новыя цікавыя імёны.

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна Святлана Стацэнка зрабіла абсалютна канкрэтную прапанову: аддаць больш увагі дзіцячаму конкурсу. На яе думку, трэба праводзіць хоць адзін яго дзень на галоўнай пляцоўцы фэсту і ў суправаджэнні аркестру, вярнуць прамы эфір і прыз глядацкіх сімпатый, — усё гэта павысіць узровень маленькіх артыстаў і прыцягне вялізную аўдыторыю — іх аднакласнікаў, сваякоў, педагогаў, іншых таленавітых дзяцей і іх бацькоў ды г. д.

Уладальнік Гран-пры «Славянскага базару — 2004», спявак і кампазітар Пётр Ялфімаў рэзюмаваў: «Было б цудоўна, каб усё сказанае было пачута, і праграма фестывалю стала разнастайнай і цікавейшай. Каб не было так: блок папулярнай музыкі, народны, дзіцячы — бах, фінал, салют! Хацелася б бачыць на вялікай сцэне не толькі папулярную музыку, але і класічную, і рок, і джаз, і тэатральнае мастацтва, і харэаграфію, каб як мага больш цудоўных калектываў маглі прадставіць сваё мастацтва на гэтым форуме, на сёння найбуйнейшым у свеце».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і БелТА

Загаловак у газеце: У пошуку новых формаў і зместу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».